15 жніўня Польшча адзначае Свята Войска, якое прымеркаванае да перамогі над бальшавікамі ў Варшаўскай бітве, пераломным момантам якой стаў дзень 15 жніўня 1920 года. Падзеі таго лета развіваліся вельмі імкліва — і ўжо 21 жніўня польскае войска знаходзілася каля Беластока.
З нагоды святкавання ў сталіцы Падляшша адбылася экскурсія па месцах Беластоцкай бітвы, якая адбывалася 22 жніўня 1920 года. Супрацоўнік Музея Войска Марэк Гаеўскі, адзін з аўтараў кнігі «Bialystok 1920», пазнаёміў экскурсантаў з гісторыяй бітвы, якая прывяла да вызвалення Беластока ад бальшавікоў.
Экскурсія пачалася з месца выставы вайсковай тэхнікі на вуліцы Вянгловай (Węglowa 3) і працягнулася вуліцамі Сянкевіча, Варшаўскай, Палацовай. Экскурсавод з падрабязнасцямі распавёў пра падзеі бітвы, якая доўжылася ад світанку да вечара 1920 года.
Узялі ў палон бальшавікоў і цягнікі
У Беласток увайшоў а другой гадзіне ночы 22 жніўня 1920 года 1 полк пяхоты Легіёнаў разам з 1 батальёнам 5 палка пяхоты Легіёнаў і 1 дывізіён 1 палка палявой артылерыі Легіёнаў — агулам польскія сілы налічвалі каля дзвюх тысяч жаўнераў, 50 кулямётаў і 12 адзінак артылерыі.
Адна з першых сутычак адбылася а 7-й раніцы на Палескім вакзале (цяпер станцыя Беласток Фабрычны), дзе палякі ўзялі ў палон дзве тысячы бальшавікоў і тры вайсковыя цягнікі. Польскае войска ўвайшло ў горад, які быў транспартным вузлом, праз які бальшавіцкія часткі мелі адступаць у кірунку Ваўкавыска і Баранавічаў. На гарадскіх вуліцах, у тым ліку ў раёне Рынка Касцюшкі, адбываліся сутычкі паміж польскім войскам і адступаючымі бальшавіцкімі часткамі, якія спрабавалі прабіцца праз Беласток з захаду на ўсход.
Бітва за Беласток скончылася пагромам рэштак бальшавіцкай 16-й арміі. Палякі страцілі каля 70 чалавек забітымі і каля 200 параненымі, бальшавікі — каля 600 забітымі і параненымі, і каля 8 200 трапілі ў палон.
Хто такі Юзаф Мар’янскі
Асаблівую ўвагу Марэк Гаеўскі звярнуў на асобу капітана Юзафа Мар’янскага, які быў адным з камандзіраў польскіх войскаў у бітве за Беласток — і адначасова адным з тых афіцэраў, чые здольнасці і смеласць высока цаніў галоўнакамандуючы Юзаф Пілсудскі. Юзаф Мар’янскі загінуў каля скрыжавання вуліц Варшаўскай і Палацовай, быў забіты стрэлам бальшавіцкага дыверсанта з акна адной з камяніц.
Калі наступная экскурсія
У экскурсіі прынялі ўдзел каля пятнаццаці чалавек. Варта заўважыць, што сярод іх былі трое беларусаў: у беларускіх эмігрантаў відавочна ёсць цікавасць да гісторыі горада, які стаў іх часовым прытулкам.
Наступная экскурсія, прысвечаная падзеям 1920 года, адбудзецца ў нядзелю, 21 жніўня. Будзе праводзіць той самы Марэк Гаўескі. Збор а 13:00 на Вайсковых могілках на вуліцы Звежынецкай (Zwierzyniecka).
Ян Рамэйка