У Беластоку 16 жніўня праходзяць мерапрыемствы з нагоды 79-годдзя паўстання ў гета. Гісторыкі лічаць яго другім па велічыні — пасля Варшаўскага — паўстаннем яўрэйскага народа супраць нацыстаў у перыяд Халакосту. MOST расказвае пра барацьбу падполля Беластока ў перыяд Другой сусветнай, а таксама разбіраецца, чаму не атрымалася паўстаць яўрэям у суседнім Гродне.
Памятныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны паўстання ў гета Беластока прайшлі ля помніка абаронцам гета, які стаіць на плошчы, якая носіць імя лідара паўстання Мардэхая Тэненбаўма.
Стварэнне гета ў Беластоку
1 жніўня 1941 года нямецкія акупацыйныя ўлады ў Беластоку стварылі агароджанае плотам гета, у якім апынулася каля 43 тысячы яўрэяў з Беластока і бліжэйшых мястэчак. Для арганізацыі жыцця ў гета юдэнрат (яўрэйскі кіруючы орган на тэрыторыі гета) арганізаваў некалькі аддзелаў. Дзякуючы добра арганізаванай працы, нягледзячы на цяжкія і бедныя ўмовы, у гета падтрымліваліся парадак і гігіена, а ежа і медыкаменты размяркоўваліся паміж жыхарамі настолькі рэгулярна, наколькі гэта было магчымым. Пры падтрымцы юдэнрата ў гета функцыянавалі грамадскія кухні, дзве бальніцы, паліклініка, тры аптэкі, пункт першай медыцынскай дапамогі, дзве школы, суд і іншыя інстытуты.
Гета складалася з двух секцый па абодва бакі ракі Бялай. Большасць яўрэяў працавалі ў кампаніях, прызначаных для вядзення вайны Германіяй, у асноўным у буйных тэкстыльных, абутковых і хімічных кампаніях, якія дзейнічалі ўнутры або за межамі гета.
У самыя кароткія тэрміны гета дасягнула 50 000 яўрэйскіх жыхароў. Восенню 1941 года немцы паступова пачынаюць дэпартацыю яўрэяў Беластока. Некаторых вывозілі ў суседнія лясы або гета, дзе пасля расстрэльвалі, а кагосьці везлі ў лагеры смерці Трэблінка або Асвенцым.
Супраціў
Камуністычныя актывісты ў Беластоцкім гета арганізавалі падполле ў канцы 1941 года, у снежні яны стварылі антыфашысцкі камітэт. У тым жа месяцы Мардэхай Тэненбаўм, лідар руху «Дрор» у Вільні, заняўся арганізацыяй перакідання членаў яго руху ў Беласток. Запрашалі таксама падпольшчыкаў з Гродна.
У пачатку студзеня 1942 года чатырнаццаць актывістаў «Дрор» дабраліся да Беластока. У канцы студзеня з Вільні прыбылі тры сябры руху «Ха-шомэр ха-Цаір», у тым ліку Хайка Гросман, з мэтай аб’яднаць усе моладзевыя рухі Беластока ў адзіную арганізацыю супраціву накшталт таго, як гэта было зроблена ў Вільні. Гросман і яе група заручыліся падтрымкай главы юдэнрата Бараша, аднак гэта не дапамагло: камуністы адмовіліся аб’ядноўвацца з сіяністамі.
У выніку ў Беластоку ўтварыліся дзве буйныя падпольныя групы. Першая — у жніўні 1942 года, яна складалася з камуністаў і прадстаўнікоў «Бунда». Другая, створаная ў студзені 1943 года пад кіраўніцтвам Тэненбаўма, аб’яднала членаў рухаў «Дрор», «Бейтар» і «Ха-шомэр ха-Цаір». Апошнія ўвайшлі ў абедзве групы.
4 лютага 1943 года Бараш паведаміў Тэненбаўму, што немцы запатрабавалі дэпартаваць з гета тры эшалоны з 2100 яўрэямі ў кожным. Тэненбаўм вырашыў, што ў дадзены момант падполле яшчэ не гатовае аказаць супраціў. На наступны дзень прыкладна восемдзесят гестапаўцаў, нямецкіх паліцэйскіх і паліцаяў увайшлі ў гета і, калі яўрэйская паліцыя адмовілася сабраць яўрэяў для дэпартацыі, правялі аперацыю самі. Яўрэйскія баявыя атрады аказалі ўзброены супраціў, у баях былі забітыя некалькі нямецкіх вайскоўцаў і шмат яўрэйскіх байцоў. У канчатковым выніку ў ходзе гэтай акцыі, якая доўжылася да 12 лютага, немцы дэпартавалі каля 9000 яўрэяў у Аўшвіц і Трэблінку і яшчэ каля 1000 чалавек расстралялі ўнутры гета.
Пасля лютаўскай акцыі ў шэрагах падпольшчыкаў абвастрыліся спрэчкі аб тым, які шлях пераважней: сысці ў лясы да партызан або рыхтавацца да супрацьстаяння з ворагам у самым гета. З гэтай нагоды Тэненбаўм выказваўся адназначна: «Мне няма справы да лесу, галоўнае, каб мы з’ядналіся ў гета”»
У сакавіку 1943 года пачаліся перамовы аб аб’яднанні дзвюх груп супраціву ў гета, і ў ліпені групы нарэшце аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю пад камандаваннем Тэненбаўма. Яго намеснікам быў абраны камуніст Даніэль Машковіч.
Паўстанне і ліквідацыя гета
У сярэдзіне ліпеня 1943 года немцы прынялі сакрэтнае рашэнне ліквідаваць Беластоцкае гета, а існуючую ў ім вытворчасць перавесці ў раён Любліна. На гэты момант у гета знаходзіліся каля 30 000 чалавек. Сілы падполля налічвалі каля 200 членаў, якія рыхтаваліся падняць паўстанне і разлічвалі, што ў патрэбны момант многія яўрэі далучацца да іх барацьбы.
На досвітку 16 жніўня сілы СС, вермахта і дапаможнай паліцыі акружылі гета. На вуліцах гета віселі падпісаныя юдэнратам аб’явы, якія заклікаюць яўрэяў з’явіцца да брамы для дэпартацыі. Большасць жыхароў паслухаліся, але частка схавалася ў загадзя падрыхтаваных хованках.
Падпольшчыкі паспрабавалі, распаўсюджваючы заклік і звяртаючыся да людзей на вуліцах, пераканаць жыхароў гета далучыцца да іх барацьбы. Аднак, да іх расчаравання, да іх далучыліся толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Большасць людзей не верылі, што гета будзе цалкам знішчана, не былі гатовыя да думкі аб узброеным супраціве ці ўвогуле ўпершыню даведаліся, што ў гета існуе падполле. Падпольшчыца Хайка Гросман з горыччу ўспамінала: «Грамадскі сэнс нашай барацьбы быў знішчаны».
Паўстанне ўспыхнула каля дзесяці раніцы на некалькіх ключавых пазіцыях у гета. Большасць яўрэйскіх байцоў загінулі за некалькі гадзін. Семдзесят адзін паўстанец схаваўся ў бункеры арганізацыі супраціву на вуліцы Хмельнай. 19 жніўня яны былі схопленыя, выведзеныя на вуліцу і расстраляныя. Лідары паўстання Тэненбаўм і Машковіч, калі ў іх скончыліся патроны, пакончылі з сабой. Апошнім будынкам у руках паўстанцаў застаўся шпіталь, туды дастаўлялі параненых. Пасля цяжкага бою немцы захапілі бальніцу і знішчылі ўсіх паўстанцаў, лекараў, пацыентаў і параненых.
Нягледзячы на тое, што паўстанне было задушана, немцы і іх памагатыя панеслі значныя страты. Паводле падлікаў «Жэготы» (польскага савета дапамогі яўрэям), у баях падчас жнівеньскай акцыі ў Беластоку былі знішчаныя каля сотні нямецкіх вайскоўцаў і іх памагатых, і яшчэ некалькі сотняў атрымалі раненні.
Прачэсванне гета працягвалася пяць дзён. У выніку за перыяд з 17 па 23 жніўня сотні яўрэяў былі забітыя і больш за 26 000 дэпартаваныя: каля 7 600 — у Трэблінку, 4 000 — у Аўшвіц і прыблізна 15 000 — у працоўныя лагеры ў акрузе Любліна. З апошніх вялікая частка была знішчаная ў лістападзе 1943-га года падчас акцыі «Эрнтэфест». 24 жніўня каля 1 200 дзяцей і 60 старых былі дэпартаваныя ў Тэрэзіенштат, а адтуль 7 кастрычніка — у Аўшвіц, дзе іх забілі.
Каля 800 яўрэяў — інжынераў, рабочых і сябраў юдэнрата — немцы часова пакінулі ў Беластоку, у «малым гета». 8 верасня яно таксама было ліквідавана, а яго насельнікі, уключаючы кіраўніка юдэнрата Эфраіма Бараша, дэпартаваныя ў лагеры акругі Любліна, у асноўным, у Майданек.
Чырвоная Армія вызваліла Беласток у жніўні 1944 года. З яўрэяў Беластока выжылі каля двухсот чалавек у лагерах, некалькі дзясяткаў з тых, хто хаваўся на польскім баку горада, а таксама каля 60, якія далучыліся да партызан.
Чаму не атрымалася паўстанне ў гета Гродна?
Гродзенка Хася Бяліцкая ў сваёй кнізе «Адна з нямногіх» распавядала пра нараджэнне падполля ў гета Гродна і чаму яно правалілася. Сама Бяліцкая перабралася ў Беласток і ўдзельнічала там у падпольнай дзейнасці.
«Мой тата казаў: “Вы занадта маладыя, каб народ пайшоў за вамі. Вашы маладыя плечы занадта слабыя, каб несці такую адказнасць. Вы па-сапраўднаму не разумееце, куды хочаце весці нас”.
З адлегласці пражытых гадоў я ясна бачу: немагчыма было, каб планы нашы ажыццявіліся.
Выбар упаў на вялікую сінагогу. Тых, хто застаўся пасля лютаўскай акцыі, сагналі туды. Высокі будынак. Яго скляпеністыя столі з ляпнымі ўпрыгожаннямі ў выглядзе галін і лісця падтрымліваліся калонамі. Праграма супраціву прадугледжвала, што змагары падполля далучацца да людзей, якія знаходзіліся ў сінагозе. Па ўмоўным знаку яны павінны былі падняць перапалох, адкрыць агонь па немцах, разбіць вокны сінагогі і праз іх даць людзям бегчы і выратавацца самім.
Неверагодная ілюзія. Поўная слепата. Няздольнасць зразумець, што казаў тата.
Вокны ў сінагозе размешчаны вельмі высока. Толькі каля шафы, дзе захоўвалася Тора, былі прыступкі да ўсходніх вокнаў. І звонку вокны далёка ад зямлі. Хто сапраўды думаў, што скокне адтуль насустрач уяўнаму вызваленню? Жанчыны з груднымі немаўлятамі на руках? Бацькі, у якіх за кожную руку трымаюцца па два, па тры дзіцяці? Старыя, сілы якіх вычарпаліся? Колькі чалавек выскачыць з нашымі таварышамі? І нават калі пойдуць за імі і ацалеюць пасля таго скачка, як уцякуць з гета? Ці знойдуцца палякі, якія не выдадуць уцекачоў? Колькі з іх дабягуць да лесу? Колькі застануцца ў жывых?
Увесь сэнс учынку быў у свабодзе выбару. Выбраць смерць. Самому прыняць рашэнне аб сваёй гібелі, вырваўшы яго з рук немцаў. Перамога духу над зброяй, над жахам і нянавісцю.
Што на самай справе адбылося там? Мой таварыш Зорах, які застаўся пасля нас у гродзенскім гета, дабраўся да Беластока і распавёў пра ўсё. Члены падполля ў Гродне далучыліся да ацалелых жыхароў гета і ўвайшлі разам з імі ў сінагогу. Яны справакавалі перапалох, як планавалі, але ім не ўдалося забіць ніводнага немца. Немцы былі напагатове са зброяй і адкрылі агонь. Некалькі нашых хлопцаў выскачылі праз вокны і ўцяклі. Многія былі застрэленыя ў сінагозе.
Мне няма ў каго спытаць і няма з кім успомніць Гродна. Ні адзін з маіх сяброў, змагароў гродзенскага гета, не ацалеў. Не засталося ніводнага чалавека з тых, хто быў, з якімі я магла б пагаварыць.
Адзінаццаць хлопцаў, якія вырваліся з сінагогі, дабеглі да дома Яна, польскага селяніна, у вёсцы Каробчыцы, у дванаццаці кіламетрах ад Гродна. Яны ўпалі, стомленыя, на адрыне і заснулі, каб раніцай адправіцца ў лес да партызан.
Ноччу польскія суседзі Яна выдалі яўрэяў немцам. Барцоў з гета забілі, пакуль яны спалі.
У выніку ад вялікай яўрэйскай дыяспары Гродна пасля Другой сусветнай вайны ў горадзе засталося каля двухсот чалавек. Толькі некалькі дзясяткаў засталіся жыць у горадзе, многія вырашылі з’язджаць з Гродна, бо там ужо не было яўрэйскага жыцця».