У другія ўгодкі жнівеньскіх пратэстаў 2020 года дэмакратычныя сілы і ініцыятывы сустрэліся на сумеснай канферэнцыі ў Вільні, на якой два дні горача абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі і новыя падыходы ў працы дэмсіл у адказ на яе пагаршэнне. У фінале форума Святлана Ціханоўская абвясціла стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Папрасілі кіраўніка НАУ, а зараз і прадстаўніка Кабінета па транзіце ўлады Паўла Латушку расказаць, што гэта за орган і што значыць яго з’яўленне для беларусаў.
Як будзе працаваць новая структура і што будзе з Каардынацыйнай радай
— Аб’яднаны пераходны кабінет — гэта калектыўны выканаўчы орган. Фактычна гэта кааліцыйная дамова Офіса Святланы Ціханоўскай, НАУ, ініцыятыў BYPOL і «Супраціў» (уключаючы «Кіберпартызан») і палка «Пагоня». Гэта не закрытая дамова, яна можа быць пашырана.
З гэтага часу Кабінет аб’ядноўвае ў кааліцыю названыя дэмакратычныя сілы і ініцыятывы, якія да гэтага працавалі паасобку, у тым ліку па сумежных пытаннях, што было не заўсёды эфектыўна.
Іншымі словамі, Пераходны кабінет — гэта протаўрад, як часта называюць такія структуры ў свеце, — адзіны цэнтр прыняцця рашэнняў і кантролю іх выканання.
Прадстаўнічым жа органам дэмакратычных сіл — умоўным протапарламентам — магчыма, стане пасля рэфармавання і пашырэння Каардынацыйная рада як структура, якая ўжо валодае міжнароднай легітымнасцю ў вачах дэмакратычнай міжнароднай супольнасці.
Пераходны кабінет, як мяркуецца, павінен атрымаць вотум даверу ад Каардынацыйнай рады.
Святлана Ціханоўская прыняла на сябе функцыі кіраўніка Кабінета. Таксама прызначаны чацвёра яго прадстаўнікоў: па пытаннях транзіту ўлады — Павел Латушка, па замежных справах — Валерый Кавалеўскі, па аднаўленні правапарадку — Аляксандр Азараў, па абароне і нацыянальнай бяспецы — Валерый Сахашчык.
Прадугледжваецца, што склад Аб’яднанага кабінета будзе пашырацца за кошт прадстаўнікоў па пытаннях сацыяльнай палітыкі, нацыянальнага адраджэння, эканомікі і фінансаў.
Якія функцыі будзе выконваць Латушка як прадстаўніка Кабінета па транзіце ўлады і ці захаваецца НАУ
— Аб’яднаны пераходны кабінет створаны з мэтай ліквідаваць таталітарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі і забяспечыць спакойны перыяд транзіту ўлады з рук былой адміністрацыі ў рукі народа.
Галоўныя функцыі прадстаўніка па транзіце — гэта нарошчванне татальнага ціску на рэжым праз персанальныя санкцыі і сістэму прыцягнення да крымінальнай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму, вінаватых у здзяйсненні катаванняў і міжнародных злачынстваў (захоп самалёта, гібрыдная вайна супраць ЕС, агрэсія супраць Украіны). Кадравая палітыка: праца з чыноўнікамі, якія ўтоена не падтрымліваюць рэжым, і збор інфармацыі ад іх, прыцягненне новых прыхільнікаў з ліку прадстаўнікоў наменклатуры, фарміраванне кадравага рэзерву для Новай Беларусі. Таксама нам усім будзе важна разумець: хто з ліку прадстаўнікоў рэжыму здзейсніў злачынствы і павінен быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, хто стварае пагрозу для будучых дэмакратычных інстытутаў, а хто сваімі кампетэнцыямі зможа дапамагчы сфарміраваць надзейны падмурак будучыні краіны. Трэба высветліць, якую працэдуру верыфікацыі тут варта прымяняць і якія павінны быць крытэрыі.
У гэты перыяд будзе актуальнае пытанне люстрацыі, яе заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы.
Ва ўсіх гэтых пытаннях мне будзе дапамагаць устояная ўжо каманда НАУ, якую я па-ранейшаму буду ўзначальваць. Такім чынам, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягне працу ў якасці своеасаблівай пратапартыі і, верагодна, складовай часткі выканаўчага «апарата» Кабінета.
Ці варта чакаць «хуткіх зрухаў» у сітуацыі ў краіне са з’яўленнем новай структуры апазіцыі
— Поспехаў чакаць трэба заўсёды, але лепш працаваць на іх.
Я не хачу быць папулістам: у нас пакуль няма падстаў лічыць, што «цуд» здарыцца заўтра.
Зрэшты, гэта не значыць, што ён не здарыцца «паслязаўтра», праз год ці два.
Абстаноўка ў рэгіёне, па гістарычных мерках, мяняецца хутка, і трансфармацыі ў ім (і, як следства, у нашай краіне) могуць наступіць раптоўна, нават вокамгненна. Да гэтага нам усім трэба быць гатовымі і мець дакладны план, калі прыйдзе час дзейнічаць.
Сітуацыя ў Беларусі не зменіцца сама — без пастаяннай зладжанай, настойлівай і паслядоўнай працы дэмсіл. Дзеля гэтага і з’явіўся Аб’яднаны пераходны кабінет.
Эфектыўнасць яго пакажа час. Так ці інакш, з’яўленне Кабінета — важны крок для беларускага дэмакратычнага грамадства ў палітычным сэнсе.
Гэты інстытут павінен стаць гарантыяй, што ў міжнароднай палітыцы павінен выконвацца прынцып «нічога за нас без нас» — за спінай беларусаў вырашаць іх лёс недапушчальна.
Галоўнымі задачамі кабінета з’яўляецца недапушчэнне страты незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Сёння, на жаль, на павестцы стаіць пытанне магчымага знікнення нашай дзяржавы, і мы павінны дзейнічаць хутка, дакладна і сістэмна для таго, каб не дапусціць гэтага.
Палітыка «рускага свету» мае на мэце таксама зрабіць усё, каб беларуская нацыя была асіміляваная, каб яна спыніла сваё існаванне, «растварылася» ў рамках гэтай «рускамірскай прасторы». Што з’яўляецца выклікам для існавання нас, беларусаў.
Мы маем поўнае легітымнае права змагацца за аднаўленне Канстытуцыі і законнасці нашай краіны, таму што менавіта рэжым Лукашэнкі захапіў уладу сілай у парушэнне Канстытуцыі і законаў Беларусі і здзяйсняе злачынства, якое доўжыцца праз утрыманне ўлады сілавымі метадамі.
Гэта — звышзадача, але без усведамлення гэтага немагчыма забяспечыць іх ухіленне. Нам важна стварыць сістэму, якая дазволіць змагацца з жахлівым таталітарызмам, які ўкараняецца на беларускай зямлі.
Тут найважнейшым напрамкам таксама з’яўляецца спыненне рэпрэсій, найбольш масавых за апошняе дзесяцігоддзе ў гісторыі Еўропы, і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Мы не можам «скласці рукі і чакаць на беразе, калі каламутная вада зменіцца чысцейшай». Мы павінны «садзіцца ў лодку і веславаць» — з усіх сіл для таго, каб дасягнуць той мэты, якую мы паставілі перад сабой: свабоднай, дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі.
Чытайце таксама
Павел Латушка — кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, экс-міністр культуры Беларусі і былы пасол Беларусі ў Польшчы, Францыі, Іспаніі і Партугаліі....
Чытаць далей