Жонка Паўла Мажэйкі Ірына расказала, што вядома пра затрыманне і справу мужа, як гэта перажываюць дзеці і чаму пара дагэтуль афіцыйна не ўзяла шлюб. Пераказваем тэкст «Свабоды».
Ажаніцца толькі пасля выхаду Паўла з турмы
Жонка Паўла Мажэйкі Ірына больш за год жыве ў Польшчы з двума дзецьмі — 10-гадовай Нінкай і трохагодовым Юркам. Яе муж Павел некалькі разоў за апошні год прыязджаў да сям’і, але фактычна жыў на дзве краіны.
Павел і Ірына 20 гадоў разам, аднак дагэтуль афіцыйна не распісаныя. Іх сямейныя адносіны пачыналіся, калі Паўла першы раз накіравалі на «хімію» за «паклёп» на Лукашэнку.
— Ці ў вас былі спробы пажаніцца пасля 2021 года?
— Калі Пашу пасадзілі на 72 гадзіны, ён даведаўся, як жыць у турме. Мне падабаецца адаптыўнасць Пашы. Калі яго закрылі 20 гадоў таму, у яго не было нейкіх асаблівых пантоў, што ён журналіст, яго несправядліва пасадзілі. Ён адразу зразумеў свой юрыдычны статус, ён просты чалавек і не ставіў сябе вышэй за астатніх.
У 2021 годзе ён даведаўся, як стрыгчыся, як купляць тавары ў краме, якое адзенне патрэбнае, як даюць спатканні. Кажа: «Я зразумеў, як нам пажаніцца». Я яму кажу: «Навошта нам жаніцца ў турме? Давай зараз сходзім у ЗАГС, нас адразу распішуць, улічваючы нашыя абставіны». А ён кажа: «Ай не, а раптам мяне не пасадзяць». Мы вельмі рагаталі з гэтай імгненнай рэакцыі.
Калі ён цяпер выйдзе, то я яму пярсцёнак ужо падрыхтую, на калена стану, — усьміхаецца Ірына. — Сукенку я сабе прыглядаю, шчыра сказаць.
У 2021 годзе Паўла Мажэйку затрымлівалі па «справе Пушкіна», але напрыканцы года справу закрылі. 30 жніўня 2022 года Паўла арыштавалі ўжо па іншай крымінальнай справе. Адначасова з ператрусам прыйшлі і да яго бацькі, якому ўжо пад 70 гадоў:
— Пазванілі сваякі Пашы, што забралі дзеда з хаты. Дзед даглядаў унукаў. Дзяцей 13 і 6 гадоў самых пакінулі дома. Яны перапужаныя, — расказала Ірына.
Бацьку Паўла адпусцілі позна ўвечары, а ў наступныя дні ператрусы адбыліся ў іншых сваякоў, з якімі Ірына ніколі не бачылася і нават не ведала, што такія людзі існуюць. Па словам суразмоўцы «Свабоды», людзі яшчэ некалькі дзён пасля былі ў шоку.
Як адбывалася затрыманне Паўла
Паўла Мажэйку затрымалі пасля таго, як ён прыехаў у Беларусь, каб наведаць бацькоў у Гродне. Ірына кажа, што Павел не думаў з’язджаць з Беларусі назаўсёды, бо там хворыя бацькі і абавязкі, якія трэба выконваць.
— Калі «Белсат» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, ён ужо не супрацоўнічаў з «Белсатам». Павал працаваў на «Белсаце» ад пачатку існавання канала. Гэтае медыя дало яму максімум творчай рэалізацыі. Ён вёў першае ток-шоу «Госць Белсата», ток-шоу «Два на два», стварыў і вёў праект «Intermarium» — праграму, якая стала падзеяй рэгіянальнага маштабу, бо паказвала гісторыю з фокусам на Беларусі. У 2020 годзе праграма спынілася праз каронавірус і рэвалюцыю.
— Наколькі настойліва блізкія Паўла адгаворвалі яго ездзіць у Беларусь і як ён рэагаваў?
— Усе, хто даведваўся, што ён едзе ў Беларусь, прыходзілі ў жах. «Ты ж разумееш, што там канцлагер фармуецца. Чаму ты думаеш, што ад цябе адчапіліся са „справай Пушкіна“»? Гэта была вельмі важная для яго пазіцыя, што ён не эмігруе. Ён адмаўляўся ад усіх прац і праектаў, якія вымагалі ягонай прысутнасці толькі за мяжой, дзеля магчымасці ездзіць у Беларусь.
Ірына расказвае, што Павел ведае гісторыю сваёй сям’і, і ўсе родныя былі ў Беларусі. Ён не хацеў пазбавіцца радзімы, і не бачыў такой перспектывы, нават калі гэта каштуе турмы. І, як кажа жонка Паўла, ён не верыў у затрыманне.
«Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк не можаш дапамагчы»
Ірына ўспамінае першыя гадзіны затрымання Паўла, калі ніякай інфармацыі пра яго не было. Яна кажа, што не было зразумела, адкуль забралі мужа, і ў якім адзенні ён быў. Ноч прайшла ў думках, куды адвезлі Паўла.
— Яго білі ці не? Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк не можаш дапамагчы. Можа быць, выбівалі прызнанні? Можа быць, здзекаваліся пры затрыманні?
— Як правялі ператрус?
— Былі скінутыя кніжкі і вопратка ў нашай кватэры, у вёсцы таксама ўсё было перавернута. Кнігі, відавочна, перабралі ўсе. Уся вопратка, бялізна, забаўкі дзіцячыя выкінутыя (з шафаў). З матрацаў садралі прасціны, матрацы самі расшпілілі, вытраслі шуфляды, разварушылі дакументы. Хіба што забралі швэдар з «Пагоняй», бо не можам яго знайсці.
Затрыманне Паўла ў 2021 годзе і цяпер адрознівалася, па меркаванні Ірыны. У тым годзе яна адразу ведала, што адбываецца з затрыманым мужам: адвакат змог прыехаць да яго, а Генпракуратура выпусціла прэс-рэліз. У гэты раз не было вядома нічога.
«Я была злая на яго»
— Ці ў вас былі прэтэнзіі да Паўла за тое, што яго затрымалі, а вам цяпер трэба і дзяцей гадаваць, і яму перадачы перадаваць?
— Так, я была злая на яго. Ён паехаў адзін раз, другі, трэці. Мажліва, ён мог адчуваць сябе з кожным разам ва ўсё большай бяспецы. Але калі дапусціць думку, што могуць затрымаць, то падумай: што будзе рабіцца з тваёй сям’ёй у наступныя 20-30 гадзін? З тваімі справамі? З людзьмі навокал?
Ты пачынаеш злавацца: няўжо былі такія важныя справы, каб туды ехаць? З другога боку, ты думаеш, ён у сябе дома, там ягоныя продкі. Чаму цяпер хтосьці мае выгнаць яго з ягонай зямлі? І я гэта разумею, хоць мне гэта нязручна. Цяпер ніякай злосці я не маю. Я разумею, што ў дачыненні да маёй сям’і адбываецца тэрор.
— Мо ў Паўла гэта такая геройская пазіцыя: я гатовы сядзець, толькі каб заставацца ў Беларусі?
— Не ў гэтым справа. Калі б ён падазраваў, што за ім сочаць, то пэўна не паехаў бы ў Беларусь. Хаця, калі пачыналася «справа Пушкіна», Павел знаходзіўся ў Польшчы і вярнуўся ў Беларусь. Мы ў сітуацыі тэрору жывём усе 20 гадоў. Гэты апошні год, калі мы сябе з дзецьмі пачуваем у бяспецы, разумеем, што нам ніхто не выламае нагой дзверы, разумеем, што мы можам проста размаўляць па тэлефоне, калі няма небяспекі, што ў цябе забяруць дзяцей.
Калі Павел здолеў некалькі разоў прыехаць на месяц-два — гэта і былі адзіныя спакойныя месяцы па-за тэрорам за ўвесь час нашага сямейнага жыцця.
— Які кошт такой пазіцыі: мець магчымасць ездзіць у Беларусь?
— «Над маім лунае лёсам Беларусь мая». Пару месяцаў у фокусе нашай увагі было, а як дзеці, а якія ім курсы, якія таленты ў іх праяўляюцца, як іхныя сябры, куды паехаць падарожнічаць, што нам разам паглядзець, ці займацца ў гэтай школе ці той, як сабраць шафу, купіць фіранкі, што прыгатаваць на вячэру. А потым твой фокус змяшчаецца на іншае. Ты гэтак жа сама займаешся курсамі і вячэрамі, але тло твайго жыцця — гэта ГУЛАГ як частка тваёй сям’і.
Калі я пісала ліст да Паўла, запыталася ў Нінкі, што яна хоча запытацца ў таты. Яна доўга хадзіла, потым вярнулася: «Якія кніжкі па палітыцы і гісторыі ён мне параіць чытаць?». У ёй гэта таксама варыцца. Я не хаваю ад сваіх дзяцей, што адбываецца. Гэта немагчыма схаваць.