14 верасня ў MediaPortBelarus у Беластоку прайшла сустрэча з падляскім віцэ-ваяводам Томашам Мадрасам. Ён расказаў, як працуе сістэма самакіравання ў Польшчы, і параіў, што можна будзе зрабіць з мясцовым самакіраваннем у свабоднай Беларусі.
Томаш Мадрас — віцэ-ваявода Падляскага ваяводства ад 2020 года. Таксама ён выкладае ў політэхнічным універсітэце Беластока. У 2006-2018 гадах быў радным у Гарадской Радзе Беластока, у апошні тэрмін на пасадзе быў кіраўніком камісіі бюджэта і фінансаў Рады.
Напачатку сустрэчы Томаш Мадрас успомніў гісторыю з універсітэта. Ён вучыўся са студэнтам з Узбекістана, які не разумеў, навошта ў Польшчы стварылі мясцовае самакіраванне.
— Ён мне сказаў: як так можа быць, калі ў сталіцы адзін чалавек галоўны, а на месцы — іншы. Кажа, што праз гэта можа ж пачацца грамадзянская вайна і гэта такая дурная сістэма.
Віцэ-ваявода падкрэслівае, што сістэма самакіравання ў Польшчы аформілася напачатку 1990-х гадоў. Мадрас адзначае, што падчас камуністычнай Польшчы тэрмін «самакіраванне» таксама існаваў, але сапраўднага самакіраванне, канешне ж, не было.
Як працуе самакіраванне ў Польшчы
Уся Польшча падзеленая на гміны, то бок на ўсёй яе тэрыторыі дзейнічаюць органы мясцовага самакіравання. Кожная вёска належыць да якой-небудзь адміністратыўнай адзінкі. У Польшчы ўсяго 2 477 гмін.
— Гэта не так шмат, як можа падацца. Напрыклад, ва Украіне да рэформы ў 2015 годзе было каля 11 тысяч грамад — гэта такі аналаг гміны. Пасля рэформы іх стала толькі паўтары тысячы. І трэба разумець, што ў Луганску і Данецку такія выбары не праходзілі, — кажа Мадрас.
Мясцовае самакіраванне дае адміністратыўнай адзінцы юрыдычную незалежнасць: яна можа прымаць акты, якія не супярэчаць польскаму заканадаўству. Таксама ў іх ёсць свой бюджэт, у некаторых — фінансаванне ад цэнтральнай улады, але нават самая ніжэйшая адміністратыўная адзінка, як гміна, з’яўляецца незалежнай.
Ваявода і ваяводская ўправа кантралююць самакіраванне мясцовых органаў, каб яны працавалі ў рамках заканадаўства. Ваявода можа адхіліць рашэнне войта ці бурмістра, калі яны не адпавядаюць закону. У гэтай сістэме каардынат ваявода рэпрэзентуе польскі ўрад, і асноўнай задачай з’яўляецца нагляд над дзейнасцю мясцовай улады. Дарэчы, у ваяводскай управе можна абскардзіць рашэнні гміны, але ў рамках адміністрацыйнага працэсу.
І самае цікавае — у гміны больш заданняў па тым, як наладзіць жыццё ў мясцовасці, таму і больш грошаў, чым у ваяводства.
Хоць мясцовая ўлада і незалежная, але ўсе органы працуюць паміж сабой. Самы просты прыклад — гэта дарогі. Напрыклад, ваяводская дарога можа праходзіць праз нейкую гміну, і яе рамонтам могуць займацца два органы самакіравання.
Заканадаўчыя органы | Выканаўчыя органы | |
Ваяводствы | Сеймік ваяводства (ад 30 да 51 радных) | Кіраванне ваяводства (пяць намеснікаў і маршалак ваяводства), якое выбірае сеймік |
Павяты | Рада павята (ад 15 да 29 радных) | Кіраванне павяту (пяць намеснікаў і староста), якое выбіраюць Радай |
Гміны | Рада гміны ці Рада горада (ад 15 да 60 радных) | Войт (гміна вёскі), бурмістр (гміна горада) ці прэзідэнт (вялікі горад) — іх выбіраюць на непасрэдна выбарах. |
Як у Беларусі можа запрацаваць сістэма самакіравання
Спадар Томаш Мадрас лічыць, што ў свабоднай Беларусі можна сфарміравацца сістэма мясцовага самакіравання.
— Трэба не проста даць права выбіраць людзей, а яшчэ ўмацоўваць інстытуцыі. Дэмакратычныя перамены не значаць адначасовае стварэнне асноў самакіравання. Калі размова ідзе пра параду, то самае відавочнае — змяненне сістэмы: даць адміністратыўным адзінкам самастойнасць, стварыць асобны бюджэт для гэтых адзінак.
Па словах Томаша Мадраса, толькі ў такім выпадку будзе сэнс у абранні дэмакратычнага кіраўніка ў адміністратыўныя адзінкі. Віцэ-ваявода лічыць, што ў іншым выпадку ўтворыцца сістэма, у якой адбываюцца выбары, але ўсе рашэнні за мясцовае кіраўніцтва праймаюцца наверсе, і гэта не будзе азначаць незалежнасць мясцовага самакіравання.