Нашы суразмоўцы — сапраўдныя героі рабочага класа. Гэта людзі, якія робяць цяжкую, брудную, але вельмі неабходную працу. Дзядзенька і Аляксей — хлопцы, якія працуюць у Беластоку на смеццявозе. Яны — чараўнікі, якія ператвараюць ваш брудны і перапоўнены кантэйнер са смеццем у чысты і пусты.
Дзядзенька і Аляксей
Дзядзенька — менавіта так усе называюць 29-гадовага гродзенца, які пераехаў у Беласток крыху больш за месяц таму. У Беларусі ён граў у розных музычных гуртах і працаваў барменам.
Аляксей родам з Гродна, па адукацыі ён — выкладчык народнага вакалу і арганізатар мерапрыемстваў. Як і Дзядзенька, граў (і спадзяецца працягваць) у розных музычных калектывах — ад панка да хрысціянскіх песнапенняў. Доўгі час працаваў на адным з заводаў у Гродне.
Чаму Польшча і Беласток
Дзядзенька:
— У Беласток мяне паклікаў сябар, у якога зараз жыву нейкі час. Пераязджаць, на самой справе, не занадта хацеў, але ж калі смажаны певень клюне, то адразу ў галаву лезуць думкі аб тым, што лепш я буду працаваць тут на сметніку, чым сядзець у турме там, такія справы. А Беласток — таму, што ён меншы, жыццё тут таннейшае і часу на дарогу губляеш менш, чым у той самай Варшаве.
Аляксей:
— У Польшчу пераехалі разам з сястрой, таму што падабаецца мясцовы каларыт. Чамусьці цягнула да польскай культуры. Захацелася бліжэй пазнаёміцца, ды і проста падабаецца еўрапейскі ўклад жыцця. Люблю жыць для сябе, як хочацца, а не чужым меркаваннем, думаць, што людзі скажуць. Беласток выбралі, таму што тут лягчэй за ўсё вывучаць польскую мову. Ды і менталітэт бліжэй. Лягчэй знайсці кропкі сутыкнення.
Праца на смеццявозе: як знайшлі, як працуюць, колькі зарабляюць
Дзядзенька:
— Працу параіў той самы сябар, але праз два дні пасля пераезду я знайшоў тую самую вакансію ў інтэрнэце. Сядзеў, глядзеў, шукаў нечага і тут на табе — сметнік. А што мне, давай, я бруду не занадта баюся, у хаце такі самы сметнік быў (смяецца).
Праца нялёгкая насамрэч. І ёсць такі момант, што ты ніколі не ведаеш, што будзеш рабіць заўтра. Можаш паехаць цягаць кантэйнеры на 1100 кілаграмаў, поўныя змяшаных адпадаў, а можаш стаяць на базе і рыдлёўкай збіраць зямлю і бруд, каб пацягнуць час. Можаш прайсці 20 000 крокаў, а можаш — пяць. Як трапіць, як прыйдзе ў галаву галоўным. А зарабляем няшмат, нешта каля мінімалкі.
Аляксей:
— Працу знайшоў выпадкова. Калі прыехалі ў Беласток, загадзя дамовіліся пра хостэл, і непасрэдна ў дзень прыезду нас там не чакалі і месца вольнага не было. На ўдачу, міма праязджаў смеццявоз з брыгадай, якая складаецца з беларусаў. Разгаварыліся. Яны нам падказалі хостэл і ідэю, куды пайсці на працу. Праз некаторы час я ўладкаваўся на адно з камунальных прадпрыемстваў Беластока. Патрабаванне для кандыдатаў адно — не бухаць. Хаця многія ідуць супраць правілаў з самай раніцы! Дзень праходзіць да банальнага проста. У 6:00 апускаешся на смеццявоз і збіраеш смецце. Тут, праўда, ёсць нюансы. Могуць адправіць у горад збіраць харчовыя, самыя пахкія, адходы. Могуць — змешаныя, не менш пахкія, па вёсках і мястэчках. Можа пашчасціць і адправяць на камерцыйныя фірмы. Там можна знайсці нешта для сябе, розныя рэчы для побыту. Напрыклад, посуд або дазатар для вадкага мыла. Дзень руцінны, адна і тая ж траса з рэдкімі карэкціроўкамі. Стараюся больш глядзець па баках: вывучаць горад, шукаць штосьці цікавае для сябе. А заробак залежыць ад колькасці адпрацаваных гадзін. Кожны месяц па-рознаму, у сярэднім — 2 700 злотых.
Ці добра арганізаванае сартаванне смецця ў Польшчы
Дзядзенька:
— Вось што, а сартаванне тут арганізавана ледзь не лепш за ўсё астатняе. Як ва ўсёй Еўропе, тут на ўсё ёсць свае кантэйнеры і «worki» — пакеты рознага колеру, у якія палякі выстаўляюць смецце, якое мы збіраем і аддаём новыя. Ці тую ж колькасць, ці болей, як ім там трэба.
Аляксей:
— Сартаванне тут на выдатна. Бываюць, праўда, выключэнні, але яны рэдкія. Як і ў любым працэсе, ёсць нюансы: напрыклад, харчовыя адходы не кладуць у пакеты, высыпаюць наўпрост у бак, ад гэтага смурод, жыўнасць розная там жыве, непрыемна ўвогуле. Бывае, людзі блытаюць кантэйнеры. Выкідаюць скошаную траву ў кантэйнер для біяадходаў… Хоць, магчыма, гэта веганы?
Што падабаецца і не падабаецца ў працы
Дзядзенька:
— Падабаецца ў працы тое, што дапамагаеш людзям. Вось блін, насамрэч класна глядзець на ўсмешкі людзей, якім ты мыеш кантэйнер, а яны табе прапануюць і вады напіцца, і ўсміхаюцца лагодна. А яшчэ на прыступцы смяцяркі ездзіць люблю! Не падабаецца заробак і надвор’е час ад часу: дажджом цягай цяжары, а калі спякота +33 — ганяй па пакеты ад хаты да хаты.
Як ставяцца палякі
Дзядзенька:
— Насамрэч да беларусаў тут ставяцца някепска. Пытаюцца, адкуль, чуюць, што з Беларусі, усміхаюцца. Некаторыя распавядаюць, як ездзілі ў Беларусь — хто турыстам, хто працаваў нават. Але ёсць два непрыемных моманты: некаторыя хочуць, каб ты адразу, з першага ж дня, «напердаляў» як яны, лётаў ад паямніка да паямніка і хутчэй (бо яны на акладзе, хутчэй скончаць — хутчэй дадому), а ёсць нават і такія, якім Пуцін «добры фацэт». Такім адразу хочацца сказаць: а што ж ты не ў Расіі жывеш, чалавек? Але што ж зробіш, калі ў галаве лайно — медыцына бяссільная.
Аляксей:
— Стаўленне ў асноўным добразычлівае. У мой другі працоўны дзень мне стала дрэнна, таму што працаваў без галаўнога ўбору ў +35, калегі мяне паклалі пад дрэва ў цені, а самі паехалі працаваць далей. Людзі, што праязджалі міма мяне, спыняліся і пыталіся, ці ўсё добра, прапаноўвалі выклікаць лекара. Праўда, пасля гэтага выпадку мяне не асабліва хацелі браць у экіпаж, думаючы, што са мной так заўсёды. Таму часта даводзіцца працаваць на базе, але і ў гэтым ёсць свае плюсы. Напрыклад, можна паабедаць нармальна. З’есці «першае і другое» ў бліжэйшай сталовай — у Польшчы яны называюцца барамі.
Назіранні
Дзядзенька:
— Ну, я не занадта доўга працую, але заўважыў, што амаль кожны да кожнага тут ад першага дня звяртаецца на «ты». Няма ніякіх «паноў», бо «паны яшчэ пры Рэчы Паспалітай засталіся». 20 табе гадоў ці 60 — каб ты клаў драбней маку, калі я пан. Цікава.
Аляксей:
— Заўважаю шмат цікавага. У асноўным гэта тычыцца жыцця. Шмат класных аўтамабіляў. Няма шматпавярховак, хоць горад прыблізна, па колькасці насельніцтва, як Гродна. Яшчэ ў Беластоку шмат беларусаў і ўкраінцаў, таму шмат чуеш знаёмай гаворкі. У аўтобусах часцей за ўсё. З-за гэтага складаней вучыць мову, таму на працы я намагаюся больш размаўляць па-польску. А яшчэ практычна ўсе бытавыя рэчы я прыношу са сметніцы. Нават бытавыя прыборы. У Польшчы людзі не трымаюць рэчы да поўнага ператварэння іх у пацяруху. Калі ў чайніка зламалася накрыўка, проста купілі новы, стары ідзе на спачын… Але спакой яму толькі сніцца!
«Не заўсёды ўсё так, як падаецца на першы погляд»
Дзядзенька:
— Чытачам MOST хацеў бы сказаць: не заўсёды ўсё так, як падаецца на першы погляд. Вось глядзіш ты — ідзе дзядзька з барадою ў бруднай форме працаўніка сметніка. Думаеш: вось, ён алкаш, зэк, яшчэ які караед. А ён мае вышэйшую адукацыю і трох дзяцей. Таму заўсёды карыстайцеся крытычным мысленнем, майце сваю галаву і займайцеся тым, чым хочаце, а не тым, чым вымушаны. Усіх абдымаю!
Аляксей:
— Хачу сказаць усім — не бойцеся перамен. Не бойцеся рабіць памылкі. Магчыма, мара так блізка, што дастаткова толькі зрабіць крок. Не бойцеся крочыць. Сёння ты смяцяр, а заўтра — блогер-мільённік. Сёння ты рабочы на заводзе, а заўтра ўжо дырэктар сваёй вытворчасці. Наперад, рызыкуйце, усё будзе добра. Усім міру і дабра!
Цімур Асманаў