Андрэй (імя змененае па просьбе героя — MOST) нарадзіўся напрыканцы існавання СССР. Яго бацька — рускі, а маці — беларуска. Пасля распаду Савецкага Саюза ўся сям’я атрымала расійскія пашпарты і дакументы. У 1990-х мама і сын пераехалі ў Беларусь, але грамадзянства мяняць не сталі, толькі зрабілі від на жыхарства.
Андрэй правёў дзяцінства ў Беларусі. Зараз ужо шмат год жыве і працуе будаўніком у Маскве, лічыць сябе беларусам і размаўляе з суайчыннікамі на роднай мове. Спыталіся ў яго пра тое, што масквічы думаюць пра вайну і мабілізацыю, як змянілася іх жыццё і настроі за апошнія сем месяцаў, а таксама — ці збіраецца мужчына з’язджаць з краіны і ці стане калі-небудзь Расія нармальнай.
«За два дні да пачатку вайны я пабег у абменнік». Як масквічы ўспрынялі вайну
— За два дні да пачатку вайны я пабачыў відэа, як бегае, па-мойму, губернатар Адэскай вобласці пад мінамётным абстрэлам. Я ўбачыў гэта вечарам, прыйшоўшы з працы вельмі стомлены. Але, нягледзячы на гэта, я сабраўся адразу, нацягнуў штаны і, нават не паеўшы, пайшоў да абменніка купляць баксы. Таму пачатак вайны не быў для мяне нечаканасцю, але ўсё роўна гэта быў шок. Было вельмі агідна.
У мяне былі думкі з’ехаць адразу, але хацелася яшчэ скончыць нейкія справы, падзарабіць грошай. Ды і тады здавалася, што, можа, усё яшчэ спыніцца. Таксама не было адчування, што гэта датычыцца цябе наўпрост.
Я ўпэўніўся яшчэ раз, што маё кола зносін, мае сябры — самыя лепшыя. З усіх маіх знаёмых я абарваў сувязі толькі з двума-трыма чалавекамі праз іх непрымальную пазіцыю. На працы, на тым аб’екце, дзе мы працуем, сабраўся інтэрнацыянальны калектыў — і расіяне, і беларусы, і хлопцы з Сярэдняй Азіі. І ўсе як адзін сітуацыю разумеюць і салідарныя з маёй думкай — Пуцін ё**уўся, а вайну трэба неадкладна спыняць. Але асабліва ніхто не гаворыць пра гэта.
Вядома, «ваты» хапае ў Маскве. У першы час былі і «зэткі» на машынах, і гэтак далей. Але праз два-тры месяцы, па маіх уражаннях, гэтага стала менш. Людзей цяпер больш цікавіць бытавуха.
«Усе ўсё разумеюць». Як змянілася жыццё за сем месяцаў
Літаральна ўсё стала даражэць. Некаторыя тавары зніклі, астатняе падаражэла, асабліва тое, што з-за бугра вязуць. Проста закупіцца прадуктамі стала ў паўтара-два разы даражэй, чым да пачатку вайны. Па некаторых прадуктах нават і болей. Пайшоў у краму, патраціў паўтары тысячы (прыкладна 75 беларускіх рублёў), вынес невялікі пакецік с прадуктамі. Ні аб чым.
У Маскве на будаўніцтве даволі высокі заробак, таму я не асабліва адчуваю гэта, харчавацца горш не стаў, але я проста бачу ў чэргах, як народ купляе ўсялякую танную няякасную фігню і лічыць апошняе.
Усе ўсё разумеюць, як кажуць. Гэта галоўная постсавецкая фраза. Вядома, усе звязваюць гэта з вайной. Але проста нехта бачыць вінаватымі адных, нехта — іншых.
«Не думаю, што ў бліжэйшы час будуць мітынгі». Ці змяніла нешта мабілізацыя
Мабілізацыя — гэта было вельмі нечакана. Канешне, не зусім як гром сярод яснага неба, бо пра гэта шмат гаварылі, і чым бліжэй да 21 верасня, тым больш. Але ўсё роўна не верылася да апошняга. Толькі 20 верасня, калі дэпутаты экстранна прынялі тыя самыя законы, — тады ўжо стала ясна. Але ўсё роўна ніхто не чакаў, што гэта зробяць так хутка. Я думаў, што яшчэ дні чатыры-тыдзень ёсць, а можа, нават і болей.
У гэта настолькі не верылася, што шмат хто асэнсоўваў гэта цягам дня, ці нават двух-трох дзён.
Чым далей, тым больш нарастае трывожнасць. Я бачу, як у людзей настрой псуецца, яны, можна сказаць, награваюцца.
Я не думаю, што ў бліжэйшы час будуць нейкія вялікія маштабныя мітынгі, акцыі. Што ў Маскве, што ў Піцеры, што ў іншых буйных гарадах. Я не думаю, што штосьці атрымаецца, час яшчэ не надышоў. Тыя, каго гэта хвалюе, — яны хвалююцца, у іх накіпае. Але большасці проста по**й: «Мяне не забяруць, а калі забяруць, то і ладна».
Тут грамадства вельмі атамізаванае, проста неверагодна. Нават у параўнанні з Беларуссю, якая была да 2020 года. У Расіі грамадства — проста піз**ец. Прынамсі, у Маскве. Напрыклад, у тым жа Хабараўску ці Екацярынбургу ёсць шмат кам’юніці, супольнасцей, якія звязаныя паміж сабой. Можа, гэта таму, што Масква — горад, у які ўсе прыязджаюць на працу. Не так шмат людзей, якія жывуць тут даўно і збіраюцца жыць доўга. Можа, гэта таму, што ў Маскве людзі проста зарабляюць грошы і на ўсё астатняе ім пофіг.
Нядаўна размаўляў з калегам, якога могуць забраць у першых шэрагах. У яго жонка, дзіцё ў Маскве, але ёсць родныя ў адной з краін Сярэдняй Азіі, таму можна лёгка з’ехаць. Аднак ён не хоча з’язджаць: «Забяруць і ладна». Хаця калега і прытрымліваецца маіх поглядаў на гэтую вайну, што самае цікавае. То бок настолькі памяркоўныя адносіны ў людзей.
«У знаёмага з працы забралі 20 чалавек». Мабілізацыя, эміграцыя ці наркадыспансэр
Я не бачыў, каб раздавалі позвы на вуліцах, як пра тое пішуць у тэлеграм-каналах. І ніхто мне пра такое не казаў. Але людзей дакладна забіраюць на працы — па спісах.
У аднаго майго знаёмага, які працуе на вялікім прадпрыемстве, з працы забралі 20 чалавек. У сябра з маленькай фірмы, дзе дзесьці 50 супрацоўнікаў, забралі 12 чалавек. Неяк яны дзіўна выдзіраюць. Той сябар зараз афіцыйна як бы звольніўся, але працуе дыстанцыйна на той жа фірме.
Сярод маіх знаёмых чатыры чалавекі з’ехалі з Расіі цягам апошняга месяца. Пасля аб’яўлення мабілізацыі — яшчэ два. Усе рванулі на поўдзень — у Грузію ці Арменію.
Я таксама планую адправіцца ці ў Грузію, ці ў Арменію, можа, у Казахстан. Але пакуль разглядаю і іншыя варыянты. Даводзіцца даволі дасканала вывучаць розныя моманты.
Я разумею, што Расія хутка можа закрыць межы, але ў мяне няма іншага выйсця. Я якраз заканчваю аб’ект — засталося тыдзень-два. Хочацца зарабіць грошай, каб было з чым ехаць. У мяне ёсць пэўная колькасць сродкаў, але на новым месцы трэба за штосьці жыць. Таксама я не хачу кідаць хлопцаў, з якімі працую, бо ад мяне шмат што залежыць — я старэйшы на аб’екце. Калі я рэзка з’еду, то для ўсіх будзе не вельмі добра.
Калі закрыюць межы, то ў мяне ўсё роўна ёсць нейкі запас часу. Гэта звязана з тым, што я жыў у Беларусі, маю пасведчанне аб жыхарстве і гэтак далей. Першае, пра што падумалася, — пайсці ў наркадыспансэр, стаць там на ўлік і такім чынам атрымаць «адкос» на паўгода. Канечне, ёсць мінусы — будзе нельга кіраваць аўтамабілем, напрыклад.
***
Расіі — п**да. Вельмі не хутка яна стане нармальнай. Бліжэйшыя год дзесяць будзе пі**зец, у любым выпадку. Нават калі заўтра Пуціна скінуць — а заўтра яго не скінуць, гэта дакладна. Калі паслухаць розных аналітыкаў, дык яны ўсе прагназуюць аднаўленне Расіі праз дзесяць, 15, 50 год. Так што мая ацэнка яшчэ аптымістычная.
Піз**ец тут надоўга, пры ўсіх раскладах. Да таго ж прыйдзецца выплачваць Украіне да халеры грошай.