Як легалізавацца ў Польшчы? Гісторыі беларусаў з плюсамі і мінусамі, падводнымі камянямі расказвае «Радыё Свабода».
Міжнародная абарона
Калі беларусы пацярпелі ад пераследу ў Беларусі, былі затрыманыя, асуджаныя, маюць дакументы, што пацвярджаюць гэта, яны могуць разлічваць на міжнародную абарону. Працэдура не вельмі хуткая, цягнецца да 6 месяцаў, у асобных выпадках тэрмін разгляду дакументаў могуць працягнуць да 15 месяцаў.
Андрэй (імя зменена) прыехаў у Польшчу на пачатку лютага 2022 году. На яго ў Беларусі была заведзеная крымінальная справа паводле «народнага артыкула» 342.
Ён прызнаецца, што доўга не мог вызначыцца, што рабіць далей: застацца ў Польшчы ці ехаць ва Украіну, дзе значна прасцей і з мовай, і з легалізацыяй. Да таго ж у Кіеве і Львове ў хлопца было шмат сяброў, якія запрашалі да сябе і абяцалі напачатку дапамагчы з жытлом. Але 24 лютага пачалася вайна, і варыянт з Украінай адпаў. Думаў паехаць у Літву, доўга вагаўся. І ўсё ж вырашыў застацца ў Польшчы.
— Напрыканцы сакавіка прыйшоў у адміністрацыю па справах замежнікаў. Давялося правесці там цэлы дзень, доўга чакаць прыёму. Я б не сказаў, што мяне прыязна і гасцінна прынялі. Спачатку трэба было паказаць дакументы «стражу гранічнаму» і патлумачыць, як я апынуўся на тэрыторыі Польшчы. Потым 5 гадзін чакаў, пакуль мяне выкліча інспэктар. Шмат пытанняў задавалі, пыталіся пра дэталі, запаўнялі анкету. Адкаталі пальчыкі, сфатаграфавалі. Далі аркуш з 37 пытаннямі, на якія трэба было адказаць пісьмова, дадаць дакумэнты, якія ёсць, і папрасілі адправіць дадатак па пошце, — узгадвае ён.
З нязручнасцей — на час разгляду дакументаў забіраюць беларускі пашпарт. Забаронена выязджаць за межы Польшчы. Ёсць і «пернікі». Калі чалавек адмаўляецца жыць у лагеры для ўцекачоў, што ў прыгарадзе Варшавы каля мястэчка Падкова Лесна — Дэмбак, то на час, пакуль дакументы разглядаюцца, плацяць дапамогу ў памеры 750 злотых у месяц (калі падавацца на міжнародную абарону сям’ёй, памер дапамогі будзе разлічаны ў залежнасці ад колькасці чальцоў сям’і — MOST).
Праз пару тыдняў Андрэю па пошце прыйшоў адказ, што дакументы да разгляду прынятыя, кажа малады чалавек.
— Праз месяц мяне выклікалі ў адміністрацыю па справах іншаземцаў, маўляў, мае дакументы іх не пераканалі. Была яшчэ адна гутарка.
Потым пачаліся праблемы з найманнем кватэры і банкам. Некаторы час я бадзяўся па сябрах, але трэба было штосьці вырашаць з жытлом. Беларускі пашпарт у мяне забралі, арэндадаўцы не звярталі ўвагі на маё пасведчанне «цудзоземца».
GetinBank, у якім адкрылі мне рахунак, даслаў паведамленьне, што калі да жніўня я не прадстаўлю карту побыту, у мяне заблакуюць рахунак. Даведаўся, што без праблем беларусам адкрывае рахункі PKO Bank Polski, аднак зноў жа патрэбны быў пашпарт, — расказвае Андрэй.
Ва ўжондзе (адміністрацыі) хлопцу прапанавалі зрабіць копію пашпарта, але банк яе не прыняў. Час ішоў, прайшло тры месяцы чакання, і ён сутыкнуўся яшчэ з адной праблемай.
— «Тымчасовэ засвядчэне» мне выдалі на тэрмін у тры месяцы. Тэрмін скончыўся, і на пошце па гэтым дакуменце мне не выдалі заказны ліст. Маўляў, «докумэнт неважны». Я звярнуўся ў адміністрацыю, там чарга з такіх жа няшчасных, як я — але дакументы не працягваюць. Маўляў, ковід ніхто не адмяняў, тэрмін дзеяння працягваецца аўтаматычна.
Цягам месяца я «змагаўся» з адміністрацыяй па справах іншаземцаў, банкам, поштай. Безвынікова. Грошы атрымаць не мог, карэспандэнцыю не выдавалі. Пры канцы жніўня заблакавалі рахунак у GetinBank. У мяне быў шок, — дзеліцца сваімі праблемамі хлопец.
Выпадкова, калі ён прыйшоў з чарговай скаргай, даведаўся, што ёсць ужо «дэцызія» — рашэнне, што яму далі міжнародную абарону, было прынята 2 тыдні таму. Аднак самому Андрэю пра гэта не паведамілі. Яшчэ месяц ён чакаў карту побыту.
— Цяпер, кажуць, робяць усё крыху хутчэй, чарга ахвотных істотна скарацілася. Не трэба ехаць у лагер уцекачоў у прыгарад. Але ў маім выпадку я чакаў роўна шэсць месяцаў, — кажа ён.
Сталай працы пакуль не знайшоў, спрабаваў падпрацоўваць на складзе «Амазону», у краме «Бядронка» без афіцыйнага працаўладкавання.
Карта побыту: не заўсёды дапаможа і юрыст
Ганна з’ехала ў Польшчу вучыцца ў Акадэмію фатаграфіі. Яе бацька ў Беларусі меў свой бізнес, да якога хацеў далучыць і дачку. Правучылася год у Варшаве, летам 2020 года засталася яшчэ падзарабіць. Потым трэба было вяртацца ў Беларусь і рабіць новую візу. На радзіме яна прабыла з верасня 2020 па студзень 2021 года.
Кажа, што хадзіла на пратэсты. Візу зрабіла. Зімой вярнулася ў Польшчу. Тая працоўная віза катэгорыі D дзейнічае дагэтуль, бо яна нібыта аўтаматычна працягнутая праз пандэмію. Аднак Ганна разумела, што пандэмія скончыцца і трэба нейкім чынам легалізавацца ў Польшчы.
— Па гэтай візе я знайшла працу ў расійскай парфумэрна-касмэтычнай кампаніі «Фаберлік». Працавала там цягам года. Аднак пасля пачатку вайны Расіі з Украінай былі ўведзеныя санкцыі, прадстаўніцтва расійскай кампаніі ў Польшчы закрылася. 15 сакавіка я падала дакументы на дазвол на жыхарства, а ў чэрвені прыйшла дэцызія (рашэнне), што мне адмоўлена ў сталым побыце, бо рахункі кампаніі заблакіраваныя, — кажа дзяўчына.
На гэты час Ганна працавала ўжо ў іншым месцы — у польскай пякарні, у якую ўладкавалася праз агенцтва. Але дакументаў для легалізацыі на новай працы ёй не далі. Маўляў, пасля таго, як яна адпрацуе ў пякарні 18 месяцаў, яна зможа атрымаць дакумент з працы для атрымання дазволу на жыхарства.
Да таго ж на пачатку 2022 году ў Беларусі затрымалі лепшую сяброўку Ганны за пратэсты 2020-га. У сяброўкі ўзламалі Instagram, дзе было шмат агульных фота з Ганнай. Дзяўчына зразумела, што вяртацца ў Беларусь ёй небяспечна.
Яна перайшла на іншую працу. Для спрашчэння вырашыла скарыстацца паслугамі юрыста. Сяброўка, якая паспяхова і хутка легалізавалася, параіла жанчыну — украінку, у якой ёсць свая фірма.
— Праўніца дала спіс дакументаў, якія неабходна сабраць. Па некаторых дакументах былі пытанні, я ёй пішу, тэлефаную — праўніца мяне проста ігнаруе. А 1 200 злотых я заплаціла. Плюс 440 злотых за падачу дакументаў.
У выніку я ўсе дакументы сабрала сама. Падалася. Мне зноў прыйшла адмоўная дэцызія. Я прыходжу да праўніцы, папрасіла вярнуць хаця б палову грошай. Праўніца адмовілася, кажа, што яна схадзіла са мной у адміністрацыю, а за вынік яна не адказвае. Я ў яе сядзела больш за гадзіну і прасіла пашукаць варыянты, што рабіць далей.
Ганна падала заяву на апеляцыю. Ёй давялося ўладкоўвацца на іншую працу. Зноў сабрала дакументы, накіравала праўніцы. Юрыстка кажа, што ў дакументах ёсць нейкія недакладнасці, папрасіла знайсці нумар тэлефона аддзелу кадраў і паабяцала ўсё вырашыць.
— А потым праўніца зноў пачала мяне ігнараваць. Адзін раз адказала на званок, сказала, што я павінна яшчэ схадзіць да натарыуса. Што будзе далей, я не ведаю. Варыянт з гуманітарнымі візамі мне не падыходзіць. Калі была працоўная віза, як у мяне, нельга падавацца на гуманітарную. Я пісала ў Беларускі дом, ці могуць яны дапамагчы. Мне параілі знайсці іншую працу.
Мая праўніца, дарэчы, мае фірму «Надзея мігрантаў». Я пажартавала, што гэта «Страчаная надзея», а не «Надзея мігрантаў», — расчаравана кажа Ганна.
Аднак цяпер дзяўчына ўжо вывучыла ўсе тонкасці і акалічнасці падачы дакументаў для атрымання дазволу на жыхарства. Трэба зрабіць копію пашпарта, напісаць заяву, прадставіць працоўны кантракт ад працадаўцы, дзе павінна быць пазначана пасада, заробак, працоўныя абавязкі. Калі адбываюцца нейкія змены — мяняецца праца, адрас, — абавязкова трэба паведамляць у адміністрацыю, бо ўсе дадзеныя правяраюцца. Ёй застаецца чакаць чарговага разгляду дакументаў.
«Карта паляка» і ПМЖ па польскіх каранях: трэба добра ведаць мову, гісторыю, культуру
Ёсць магчымасць легалізацыі ў Польшчы, калі беларус мае польскія карані, пацверджаныя дакументамі. Можна атрымаць спачатку «карту паляка», а потым, маючы яе, падаць дакументы на сталы побыт. Пра гэта расказвае Алеся, якая прыехала ў Польшчу па гуманітарнай візе летам 2021 года.
У Беларусі дзяўчына працавала ў дзяржаўнай установе, летам і ўвосень 2020 году актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, а падчас свайго адпачынку хадзіла ў суды і «маніторыла» палітычныя працэсы. На працы начальства даведалася, пачаліся непрыемнасці. Дзяўчына атрымала гуманітарную візу і з’ехала. Але перад выездам з краіны паспела зрабіць некаторыя дакументы для атрымання «карты паляка».
— Я ведала, што патрэбны дакумент, што хтосьці з блізкіх сваякоў — мама, бацька, бабуля ці дзядуля — запісаныя палякамі. Калі глыбей (прабабка, прадзед) — неабходна знайсці двух сваякоў. Мая бабуля па матчынай лініі была запісана полькай. Давялося праз ЗАГС мяняць нацыянальнасць маці, а потым і маю. Бо я не хацела выязджаць з арыгіналамі чужых дакументаў у іншую краіну. А неабходныя менавіта арыгіналы.
Калі няма дакументаў з ЗАГСа, людзі бяруць даведкі з архіваў, касцельных кніг архіваў. Але ўсе гэтыя дакумэнты маюць ацэначны характар. Трэба пераканаць польскі бок, што чалавек мае намер застацца ў Польшчы, інтэгравацца ў польскае грамадства, — расказвае пра свой шлях Алеся.
Калі Алеся прыехала ў Польшчу, падаваць дакументы на «карту паляка» можна было толькі ў Беластоку і Бялай Падлясцы. Цяпер дакументы прымаюць у кожным ваяводстве, удакладніла яна. Алеся таксама вучыла польскую мову.
— Трэба пацвердзіць узровень польскай мовы — умець камунікаваць, ведаць гісторыю, культуру, геаграфію, славутасцяў Польшчы, святы. Неабходна ўмець расказаць пра свае карані — абгрунтаваць, чаму беларус хоча інтэгравацца ў польскае грамадства. У снежні я прайшла гутарку ў Беластоку і праз пару месяцаў атрымала «карту паляка», — кажа Алеся.
А з «картай паляка» ўжо можна падаваць дакументы на сталы побыт. Не трэба праходзіць гутарку, трэба проста сабраць дакументы аб працы альбо вучобе. Летам 2022 года Алеся атрымала дазвол на сталае жыхарства. Цяпер яе мэта — атрымаць польскае грамадзянства.
Для гэтага неабходна паспяхова здаць іспыт па польскай мове — пацвердзіць веданне мовы як мінімум на ўзровень В1.
— Днямі я ездзіла ў Варшаву здаваць экзамен, бо ў маім горадзе вельмі складана на яго трапіць. У сталічным каледжы сабралі каля 200 чалавек. Экзамен быў даволі складаны — з пяці частак: і пісьмовы, і на разуменне тэксту, была размова, прасілі апісаць карціну, шмат усяго. Трэба набраць па кожным складніку як мінімум 50%.
Я займалася з рэпетытарам, працую ў польскім калектыве. На камунікатыўным узроўні, мне падаецца, я больш-менш валодаю мовай. На экзамене крыху разгубілася, здаецца, у адной частцы я не вельмі добра раскрыла тэму. Вынік будзе вядомы толькі праз тры месяцы. Будзем чакаць, — кажа Алеся.
Гуманітарны побыт і гуманітарная віза: досведу пакуль мала, але ёсць першыя, хто атрымаў
До канца 2022 года беларус, які меў гуманітарную польскую візу, можна падаць дакументы на гуманітарны побыт. А таксама можна атрымаць новую гуманітарную візу тэрмінам на адзін год. Падаваць дакументы можна ў кожным ваяводстве, тлумачыць юрыстка Марыя.
— Дакументы на гуманітарны побыт могуць падаваць беларусы, у якіх раней была гуманітарная польская віза альбо якія прыехалі з Украіны пасля 24 лютага — пры ўмове, што ў іх была легалізацыя ва Украіне.
Дадатковых дакументаў не патрабуюць: ні дамовы наймання жытла, ні дамовы наймання на працу. Неабходныя толькі заява, копія пашпарта, а ў некаторых ваяводствах — страхоўка.
Гэтая працэдура прасцейшая, да прыкладу, за міжнародную абарону (тут не патрэбныя дакументы пра затрыманні ў Беларусі, пераслед на радзіме). Абяцаюць разглядаць заявы ў тэрмін да трох месяцаў.
Гуманітарны побыт даюць на тры гады. Гуманітарная віза даецца тэрмінам да аднаго года — на час дзеяння страхоўкі. Хачу звярнуць увагу на адну акалічнасць: па гуманітарнай візе ў Польшчы нельга адкрыць ІП.
Але трэба думаць, што рабіць далей. Да прыкладу, як атрымаць часовы дазвол на жыхарства на падставе вучобы, працы, — раіць юрыстка Марыя, якая аказвае дапамогу беларусам.
Прымаць дакументы на гуманітарны побыт у Польшчы пачалі ў ліпені 2022 года. Але ўжо ёсць першыя, хто такі дакумент атрымаў.
— Гэта заняло крыху больш за два месяцы. Паколькі ніякіх дакументаў у справе няма, разглядаць няма чаго, то даволі хутка я атрымала рашэнне — маю гуманітарны побыт на тры гады, — расказвае беларуска з Познані.
Чытайце таксама
Для беларусов — да и граждан других стран, которые опасаются преследования и не могут вернуться на родину, — в Польше...
Чытаць далей