На пачатку лістапада актывісты арганізацыі «РУХ» ладзілі мерапрыемства на Вольскіх праваслаўных могілках у Варшаве і заўважылі гандлёвы намёт мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра. Ён сумна вядомыя тым, што падтрымлівае вайну ва Ўкраіне і збірае грошы для расійскіх вайскоўцаў.
Актывісты «РУХ» вырашылі распачаць кампанію, каб забараніць супрацоўнікам прарасійскага манастыра гандляваць у Польшчы. Ужо створана петыцыя, якую потым перададуць польскім уладам.
Пагутарылі с прадстаўніком «РУХу» (рэд. — ён папрасіў не называць сваё імя) пра культ Андрэя Лемяшонка ў манастыры, пра гандаль у іншых краінах Еўропы, і пра тое, чаго актывіст хочуць дамагчыся сваёй кампаніяй.
«Своих не бросаем». Як манастыр падтрымлівае вайну
Гандлёвы намёт прарасійскага манастыра быў заўважаны пры ўваходзе на Вольскія праваслаўныя могілкі ў Варшаве. Прадстаўнік «РУХу» гаворыць, што іх гэта задзела.
— Гэты манастыр падтрымлівае «ЛДНР», збірае грошаў на вайсковы рыштунак і апаратуру для расійскіх вайскоўцаў, падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку, а таксама крычыць пра «загнивающий запад». Як яны могуць гандляваць у Еўропе, калі самі ж выступаюць супраць яе?! Таму мы вырашылі неяк змагацца з іх прысутнасцю ў Польшчы.
Жаночы Свята-Елісавецінскі манастыр знаходзіцца ў мінскіх Навінках. Ён мае сваю настаяцельніцу, але рэальная ўлада належыць айцу Андрэю Лемяшонку. Па словах прадстаўніка «РУХа», гэта падобна на сапраўдны культ.
Лемяшонак амаль адразу пасля нападу Расіі на Ўкраіну выказаўся на гэты конт. Сярод іншага, ён назваў вайну змаганнем Захаду з праваслаўем: «Весь мир против Христа, против православия, против Святой Руси». Падобныя заявы ён не раз рабіў у наступныя месяцы.
Словамі падтрымка вайны не абмяжоўваецца. Манашкі арганізоўваюць зборы грошаў і рэчаў для расійскіх вайскоўцаў, такія акцыі носяць назву «Своих не бросаем». Для гэтых мэтаў была створана спецыяльная валанцёрская група «Помощь братьям». Дапамога адбываецца ў супрацоўніцтве с расійскімі манастырамі і каардынуецца адтуль.
«Яны гандлююць не толькі ў Польшчы». Як манастыр зарабляе ў «загнивающей» Еўропе
Свята-Елісавецінскі манастыр лічыцца адным з самых прыбытковых не толькі ў Беларусі, але і ў СНД. Андрэй Лемяшонак стварыў, можна сказаць, бізнэс-імперыю — тут не толькі вырабляюць рэлігійныя рэчы, але і выдаюць літаратуру, робяць мёд, нават гадуюць коней. Усё гэта прадаецца на выставах і кірмашах, прычым не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
— Яны гандлююць не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Калі мы запусцілі кампанію, нам напісалі з Італіі — іх там бачылі ў трох розных гарадах. Пісалі з Нарвегіі. У Вялікабрытаніі пад ціскам грамадскасці ім забаранілі гандляваць. Можа яны яшчэ недзе ёсць, не сумняюся, — гаворыць прадстаўнік «РУХа».
Актывіст дадае, што ў яго арганізацыі ёсць свае крыніцы ў праваслаўных колах Беларусі. Яны пацвярджаюць, што супрацоўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра прыязджаюць гандляваць у Еўропу на рэлігійныя святы.
— Яны былі на Дзяды, і зараз на Каляды таксама прыедуць. Нам сказалі таксама, што яны гандлююць не толькі ў Варшаве — іх намёты ёсць і на Падляшшы, і ў горадзе Чэнстахова, і ў Познані, калі не блытаю.
Манастыр добра зарабляе на гандлю ў Еўропе, таму стараецца не афішаваць сваю прарасійскую дзейнасць.
«Яны ўсё роўна прыедуць на Каляды». Што робяць актывісты, каб забараніць гандаль
«РУХ» распачаў кампанію, каб забараніць прарасійскім манахіням гандляваць. Можна сказаць, што яна пачалася адразу, як актывісты заўважылі намёт.
— Мы правялі першы наш пікет адразу ж. Размаўлялі з прадаўцамі. І разумееце, у тым манастыры склаўся культ айца Андрэя Лемяшонка, людзі як быццам замбіраваныя — ты ім пра вайну, пра ахвяры, а яны проста паўтараюць рыторыку Лемяшонка пра «восемь лет» і гэтак далей, — расказвае прадстаўнік «РУХа».
Ён дадае, што шмат пакупнікоў былі ўкраінцы, якія нічога не ведалі пра манастыр і Лемяшонка. Актывісты расказвалі людзям, і тыя адыходзілі ад намёту ці нават пачыналі сварыцца с прадаўцамі.
Актывіст гаворыць, што іх кампанія складаецца з некалькіх этапаў. Яны ўжо даслалі лісты з патрабаваннем забароны гандлю ў Польскую праваслаўную царкву і Каталіцкі касцёл Польшчы.
— Што цікава, менавіта праваслаўная польская царква іх не вельмі шануе. Па нашых звестках яны больш праз каталікоў сюды прыязджаюць, — дадае прадстаўнік «РУХа».
Другі этап зараз трывае — гэта збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй, якую потым накіруюць польскім уладам. Таксама плануюцца акцыі і пікеты — каля намётаў манастыра, якія яны паставяць на Каляды, офісаў праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла.
Акрамя таго будзе праца з палякамі. Актывісты зробяць тэкст з апісаннем сітуацыі на польскай мове, надрукуюць налепкі з QR-кодам, які вядзе на петыцыю з тэкстам па-польску. Таксама плануецца зрабіць плакаты, якія будуць размешчаны ў розных установах.
— Разумееце, яны на Каляды ўсё роўна прыедуць. Мы разумеем, што хуткай рэакцыі не будзе. Аднымі лістамі да цэркваў нічога не зробіш. Мы хочам правесці кампанію, сабраць галасы пад петыцыяй і адправіць яе ўладам, правесці пікеты, каб быў бачны ціск грамадскасці і ўжо на наступнае свята — на Вялікдзень — ім забаранілі прыезд. Справа ў тым, што пра іх і раней ведалі, проста ніхто не патрабаваў забароны, таму яны і працягваюць гандляваць, — падсумоўвае прадстаўнік «РУХа».
Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.