Беластоцкі фонд Tutaka набралася досведу працы за мінулыя два гады і гатовая пашыраць уплыў на культурніцкае жыццё Падляшша з улікам павелічэння беларускай прысутнасці тут. «Варта разглядаць Падляшша як натуральны падмурак, натуральны асяродак для развіцця беларушчыны», — лічыць кіраўнік фонду Павел Станкевіч. Кіраўнік фонду «Tutaka» Павел Станкевіч і сябра праграмнай Рады фонду, журналіст Зміцер Косцін распавялі Budzma.org пра дасягненні, планы і мэты працы фонду. MOST пераказвае гэты тэкст.
Сем буйных праектаў
Павел Станкевіч расказаў, што фонд мае шэраг сур’ёзных планаў на 2023 год, і на іх рэалізацыю ўжо ёсць частковае фінансаванне.
— Можам назваць сем буйных праектаў. Сярод іх ужо вядомыя фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй», фэст Абуджаных «Тutaka», фэст «Бардаўская восень». Зараз мы ўжо абвясцілі ІІ Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы, яго фінал пройдзе 21 лютага. Калі летась конкурс быў абмежаваны тымі, хто знаходзіцца ў Польшчы, то пасля процьмы заявак і з Беларусі, і з ЗША, і з Вялікабрытаніі, і з многіх іншых краін зразумелі, што конкурс можна зрабіць міжнародным.
Летась быў створаны разам з вядомай спецыялісткай па фальклорным спеве Ірынай Мазюк мужчынскі хор Zhraja. Фонд таксама стварыла серыю ролікаў пад агульнай назвай «Хто ты гэткі?», летась яны былі прысвечаныя беларускай культуры. І ў адным, і ў другім выпадку з такой вось падляскай кропкай гледжання.
— Увогуле, мы лічым, што беларушчына не абмежаваная рамкамі дзяржавы, на Падляшшы беларушчына заўсёды была. А цяпер, як мне падаецца, калі ў такой велізарнай колькасці беларусы вымушаныя з’язджаць з краіны, то варта разглядаць Падляшша як натуральны падмурак, натуральны асяродак для развіцця беларушчыны. Мяркую, што калі ёсць магчымасць у натуральным асяроддзі ствараць, развіваць, падтрымліваць сваю культуру, варта глядзець на Падляшша. Таму мы так шмат кажам не проста пра беларускую культуру, але і пра падляшскі кантэкст.
У планах фонду — запуск падкастаў, пашырэнне курсаў «Мова нанова» на больш шырокую аўдыторыю: на польскамоўных беларусаў. А яшчэ ў фондзе хочуць зрабіць рэканструкцыю народных строяў беларусаў Падляшша.
Журналіст Зміцер Косцін працуе з фондам ад кастрычніка 2020 года, з канцэрта «Сэрцам з Беларуссю».
— Фонд даў магчымасць не толькі дапамагаць пры стварэнні ўжо дзейных праектаў, але таксама свае прапановы рабіць і рэалізоўваць. Летась адна з такіх прапаноў удалася — гэта фэст беларускай традыцыі «Сонцаграй». Хаця напачатку нішто не гаварыла, што ўдасца знайсці мінімальныя фінансавыя магчымасці. Некаторыя дзеянні, на маю думку, стануць важнымі для развіцця беларускай культуры, для рэкламы беларускай традыцыйнай культуры перадусім ва аўтэнтычным варыянце. Беласточчына — гэта абшар, дзе жывуць беларусы, і жывуць стагоддзямі. Пры гэтым заўважна, што важны элемент знікае — традыцыйная культура.
Косцін падкрэслівае, што апошнімі дзесяцігоддзямі беларуская культура сярод палякаў, ды і сярод мясцовых беларусаў, успрымалася як эстрадна-домкультурскі савецкі варыянт, у такіх кічавых залатых строях, какошніках, у тым, што не прываблівае да атаясамлівання: «Ну вось неяк няёмка слухаць ад гурта з мясцовасці, дзе стасуюцца цудоўнай беларускай гаворкай, падобнай на палескую, песню “Сяброў” “Полька беларуская” на літаратурнай беларускай мове ці песню “Чарка на пасашок”. То-бок мясцовыя калектывы перасталі выконваць тыя цудоўныя песні, якія спявалі іхнія маці ды бабулі».
На фэсце, які ладзіў фонд, знайшлося месца беларускаму рукадзеллю, падляшскай беларускай кухні.
Сучасная культура
Павел Станкевіч расказвае, што для фонда вельмі важная сучасная культура. Такім месцам і прасторай бачыцца фестываль Абуджаных «Тutaka», дзе можна даведацца, што новага адбываецца ў сучаснай беларускай культуры. Таксама будзе крыху мяняцца фармат у «Бардаўскай восені».
Па словах Станкевіча, ёсць ідэя стварыць тэатральную лабараторыю ў Беластоку.
— Хочам стварыць умовы развіцця беларускім акцёрам, рэжысёрам, сцэнарыстам у рамках сучаснага еўрапейскага тэатру. Каб беларускі тэатр не сядзеў увесь час на спіне Астроўскага ды Чэхава, але каб бачыць, як яно ёсць у іншых краінах, які тэатр можа быць разнастайным.
На базе тэатральнай лабараторыі можна будзе рабіць урокі сцэны ці ставіць адмысловыя спектаклі.
— Думаем таксама пра летнік, можа быць, аб’яднаны з фэстам Абуджаных «Тutaka». Летнік, дзе і дзеці, і моладзь, і дарослыя змогуць проста адпачыць, разам затусавацца, але пры гэтым і ўдзельнічаць у майстар-класах, уроках, каб мы ўсе больш развівалі пачуццё прыналежнасці да цудоўнай беларускай нацыі. Ёсць яшчэ праект «Тutaka» над Віслай — хочам зрабіць невялічкі фэст у Варшаве, бо, шчыра кажучы, у Польшчы ніхто толкам не ведае пра беларускую меншасць. Хочам паказаць, што мы ёсць, што з беларускай культурай і яе носьбітамі варта знаёміцца, хочам паказаць і ўсіх нашых цудоўных творцаў. Ды і ў Варшаве зараз шмат беларусаў апынулася, то і каб проста ўвогуле адно аднаго пабачыць.
Зміцер Косцін падкрэслівае, што апошнім часам з’явілася разуменне таго, што ў Беластоку ёсць патрэба моцнай беларускай культурніцкай плыні.
— Беларусы — гэта адзіная нацыянальная меншасць у Польшчы, якая з боку сваёй нацыянальнай дзяржавы не атрымлівала дапамогі. Тая, што была ад беларускай дзяржавы, заключалася ў асноўным у святочных строях для калектываў народнай эстрады ці ў арганізацыі гастроляў псеўданародных калектываў па Беларусі. Толькі Павел Латушка, як быў тут консулам, можна сказаць, цікавіўся мясцовым беларускім жыццём. А кожная нацыянальная меншасць без падтрымкі проста асімілюецца. Я бачу дзейнасць фонду «Тutaka» як дзейнасць на памежжы, то-бок штосьці, што можа злучаць — прынамсі мы марым пра гэта — беларускі свет, падзелены межамі, гісторыяй. Мы — адна вялікая супольная сям’я. І калі ў гэтай сям’і мы больш раскажам пра Беласточчыну, а беларусам Беласточчыны больш раскажам пра беларусаў Беларусі, Літвы, Вялікабрытаніі, то тым больш шанцаў, што гэта сям’я будзе мацнейшая, што сувязі ў сям’і не парвуцца і не згубяцца.