Пятніца, 24 сакавіка 2023
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Як беларускі стендап уладкоўваецца ў Польшчы

MOST MOST
30 студзеня 2023, 13:44
Гісторыі
A A
Як беларускі стендап уладкоўваецца ў Польшчы

Беларускія комікі ў Варшаве. Фота: Pan Standup / Instagram

Як жыве беларускі стэндап у Польшчы, калі туды пераехала значная колькасць комікаў з Беларусі? Аб гэтым расказвае «Медыязона».

«Медыязона» пагутарыла з стэндаперамі, якія аб’ядналіся ў эміграцыі ў клуб беларускай камедыі Pan Standup.

Пераезд творчасці

Беларускія комікі не называюць свой пераезд у Польшчу «рэлакацыяй творчасці».

— Я не думаю, што тут падыходзіць гэты тэрмін, таму што я і іншыя комікі нашага аб’яднання з’язджалі з Беларусі ці Украіны не таму, што не маглі выступаць там. Я ад’язджаў, каб абараніць сябе ад магчымых рэпрэсій, хтосьці бег ад вайны. Таму, першачаргова, тут была тэма бяспекі, а не малой аўдыторыі на канцэртах, — лічыць Міхась Ільін.

Максім Канавал упэўнены, што пэўная «рэлакацыя творчасці» ўсё ж адбылася.

— Цяпер мы ў Польшчы, таму, натуральна, пастаянна дадаюцца нейкія назіранні і жарты пра краіну і мясцовых жыхароў, уклады.

Комікі кажуць, што асноўнай публікай на стэндап-канцэртах з’яўляюцца рэлаканты, эмігранты і экспаты.

— Ментальна мы, артысты, і нашы гледачы ўсё роўна вельмі падобныя і зразумелыя адно аднаму, — прызнаецца Канавал.

— Калі мы гаворым пра Польшчу, то тут, вядома, складаней было легалізавацца, чым перайсці на новую аўдыторыю. Творчасць ніхто спецыяльна не пераладжвае, комікі працягваюць расказваць у першую чаргу пра тое, што ім блізка. Проста знаходзячыся тут, заўважаеш нейкія забаўныя менавіта польскія рэчы. Трапляеш у нейкія няёмкія сітуацыі, але ўжо ў Польшчы. Так што нейкае пераладжванне творчасці адбываецца само сабой, — дзеліцца Андрусь Райн.

З праблемамі легалізацыі Андруся падтрымлівае і ягоны калега Максім Канавал: «Прынамсі, свой стэндап я пішу сам, а вось каб легалізавацца ў Польшчы, мне спатрэбілася дапамога юрыста з боку».

— У цэлым «сітком» — гэта тая разнавіднасць стэндапа, у якой я выступаю — яна пра тое, што чалавек трапляе ў некаторыя новыя сітуацыі, аказваецца ў новай абстаноўцы і спрабуе з яе неяк выйсці. Таму пераезд у Польшчу — гэта мноства нейкіх новых рэчаў і сітуацый, пра якія ты не можаш не жартаваць. Плюс да гэтага людзі, якія пераехалі ў Польшчу, таксама сутыкаліся з гэтымі сітуацыямі. І жарты на гэтую тэму заўсёды маюць зваротны водгук, — лічыць Міхась Ільін.

Але ж сфармаваць сваю аўдыторыю на тым узроўні, якая была да пераезду, комікам яшчэ не ўдалося.

— Я думаю, гэты працэс усё яшчэ працягваецца і не спыніцца ніколі. Эмігранты — з’ява, якая абнаўляецца, на шчасце ці на жаль, хоць касцяк пастаянных гледачоў ужо ёсць, — кажа Максім Канавал.

— Наша справа — пісаць матэрыял, выступаць, прыдумляць і рэалізоўваць новыя праекты, як лайв, так і для нашага ютуб-канала, а астатняе — само сабой будзе. Тыя, каму імпануе наша праца, падпісваюцца на нас, прыходзяць на шоў — за гэта мы ўдзячныя, больш нічога і не трэба. Аўдыторыя расце паступова, калі не стаяць на месцы, — рэзюмуе Андрусь Райн.

Арганізацыя выступаў

Выступы ў Польшчы мала чым адрозніваюцца ад выступаў у Беларусі. Адзіная розніца, паводле слоў комікаў, што тут яны сябе адчуваюць у бяспецы і могуць жартаваць на тыя тэмы, якія ў Беларусі былі табу.

— Мне здаецца, што калі ў цябе смешныя жарты, то гледачы будуць на іх адпаведна рэагаваць, дзе б яны ні жылі: у Беларусі, Польшчы ці, да прыкладу, у ЗША, — лічыць Максім Канавал.

— У Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, пастаянна праводзіліся стэндап-канцэрты, і людзі маглі выбіраць, на якога коміка пайсці. У Польшчы ў гэты час нічога такога не было. І для беларусаў у Польшчы стэндап стаў чымсьці новым, таму яны, як мне здаецца, прымаюць артыстаў цяплей, — дадае Міхась Ільін.

З недахопам тэм для выступаў таксама няма праблем. Калі раней комік жартаваў пра паход у паліклініку, то цяпер ён пажартуе пра паход у польскую паліклініку.

—Комікі, як правіла, адлюстроўваюць у сваім стэндапе тое, што адбываецца з імі — і з рэлакацыяй менш адбывацца з комікамі дакладна не стала, — лічыць Максім Канавал. Ды і беларускія ўлады пастаянна «падкідваюць нейкі трэш», з якога можна жартаваць.

Але з арганізацыяй выступаў прыйшлося знаёміцца амаль з нуля.

— Калі я жыў і выступаў ва Украіне, я наогул не займаўся арганізацыйнымі пытаннямі. Я выступаў у розных арганізатараў, і ўся мая арганізацыйная праца заключалася толькі ў тым, што рэкламаваў у сацсетках наступныя выступы. Цяпер, вядома, давялося пазнаёміцца і з гэтым бокам стэндап-выступаў, калі табе трэба арганізаваць выступ пачынаючы ад першага паведамлення ў мэсэнджары ўладальніку ўстановы і заканчваючы, умоўна кажучы, складваннем крэслаў і выключэннем святла пасля выступу, — расказвае Максім Канавал.

Цяпер комікі ўжо выпрацавалі свой пул пляцовак у розных гарадах, і з арганізацыяй стала крыху прасцей. Напачатку ўся складанасць перамоваў упіралася ў веданне польскай мовы: «фразы “Курва бобр” недастаткова, каб дамовіцца з пляцоўкай», — смяецца Андрусь Райн.

Але нават з цяжкасцямі моўнага бар’ера арганізацыя канцэртаў у Польшчы, у параўнанні з Беларуссю, «гэта неба і зямля», лічыць Міхась Ільін.

—Трэба разумець, што ў Беларусі захаваўся Савецкі Саюз з усімі гэтымі гастрольнымі пасведчаннямі. У 2021 годзе даходзіла да абсурду, калі табе прыходзілася раздрукоўку сваіх жартаў несці ідэолагам у выканкам, каб атрымаць гэта пасведчанне, — дадае комік.

У Польшчы асноўнай аўдыторыяй на выступах з’яўляюцца беларусы. Комікі за гэта дзякуюць дыяспары гарадоў, якія ўсяляк дапамагаюць пашыраць інфармацыю пра канцэрты артыстаў з @panstandup.

Стэндап пасля пачатку вайны

Адразу пасля 24 лютага, прызнаюцца стэндап-артысты, некалькі тыдняў Pan Standup не праводзіў ніякіх канцэртаў.

— Было не да жартаў і не да стэндапу, і мы, як і большасць людзей, таксама былі напалоханыя і разгубленыя, — кажа Максім Канавал.

Каб самім пазбегнуць занурэнне ў навіновы змрок і выцягнуць за сабой людзей, комікі пачалі даваць дабрачынныя выступы. Сабраныя на такіх канцэртах грошы ішлі на дапамогу Украіне. «Гэтыя выступы сапраўды нам дапамаглі, стала крыху лягчэй усё выносіць», — кажа Андрусь Райн.

— Большая частка комікаў нашага аб’яднання пераехалі ў Польшчу адразу пасля вайны. У нас быў прыгнечаны стан, але мы разумелі, што сваімі выступамі, сваімі жартамі дапамагаем людзям трохі перазагрузіцца. У нас саміх маральнай дылемы не было, таму што канцэрты дабрачынныя, і так мы дапамагалі пацярпелым ад вайны, — дадае Міхась Ільін.

Максім Канавал заўважыў, што з пачаткам вайны толькі ўзмацнілася самацэнзура. Хоць, кажа, што і раней яна была. Аднак і ў ваеннай тэматыцы ёсць тэмы для жартаў, якія не пад табу: «другая армія свету» і яе «аналоговнет»-узбраення.

—Калі ты закранаеш у стэндапе тэму вайны ва Украіне, ты не будзеш жартаваць пра пэўныя рэчы, калі ты адэкватны чалавек, — мяркуе Максім.

Міхась Ільін не заўважыў нейкай змены ў самацэнзуры пры напісанні жартаў. Комік кажа, што з’язджаў яшчэ да «закручвання гаек» ГУБАЗіКам беларускім стэндаперам. Але назірае за артыстамі, якія пераехалі ў Польшчу пасля пачатку вайны, і бачыць, што нават ваенная тэма не накладвае столькі самацэнзуры, як страх рэпрэсій у Беларусі. «Яны тут проста расцвітаюць», — дзеліцца назіраннямі Ільін.

Але ўсе комікі ўпэўненыя, што і сваімі выступамі яны робяць унёсак у перамогу над дыктатурай Лукашэнкі і Пуціна.

— Хацелася б, вядома, верыць, што і наш гумар з’яўляецца нейкай зброяй, але да канца ўпэўненасці ў гэтым няма. У любым выпадку, гэта лепш, чым нічога, — лічыць Максім Канавал.

— Найлепшай зброяй, каб пахіснуць дыктатуру, з’яўляюцца джыпы з кулямётамі, дзесьці пад сотню, а не гумар, — згодны з калегам Міхась Ільін. — Але гумар і палітычная сатыра павінны існаваць у любым палітычным ладзе, не толькі пры дыктатуры, лічыць комік. Бо гумар — гэта крытыка ўлады, яна павінна заўсёды быць.

— Калі мае жарты пра КFС неяк пахіснуць рэжым, то гэта крута! — спадзяецца Андрусь Райн.

Тэгі: Артыкулы

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

остановиться в Белостоке на пару дней

Командировка, выходные, закупы. Где остановиться в Белостоке на пару дней

Партнёрскі матэрыял
24 сакавіка 2023, 12:41

Беларусы, которые собираются или периодически приезжают в Белосток на короткий срок, без труда найдут для себя подходящее предложение под любой бюджет: отели, квартиры, апартаменты, гостевые дома и хостелы....

беларускі футбаліст забіў аўтагол

«Гэта нейкі абсурд і космас». Палякі абмяркоўваюць беларускага футбаліста і яго паводзіны

MOST
24 сакавіка 2023, 10:46

На мінулых выходных пачалася вясновая частка ў польскім шостым дывізіёне па футболе. У суботнім матчы 16-га тура адной з 58 рэгіянальных груп сустракаліся дзве варшаўскія каманды — «Палонія»...

беларуска на конкурсе талантов в Польше

«Здесь открыты все двери и можно пробиться». Лидчанка рассказала о своём участии в польском шоу талантов

MOST
24 сакавіка 2023, 09:19

Как проходят кастинги талант-шоу в Польше? Каково это — выступать перед известными артистами? Поговорили с уроженкой Лиды Боженой Вороно про её участие в польском вокальном конкурсе и о...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: most@mostmedia.io

© 2022 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў

© 2022 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?