15 сакавіка адзнааецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асноўны закон, па якім жыве нашая краіна зараз, моцна адрозніваецца ад варыянта, прынятага ў 1994-м — за амаль 30 год у яго ўнеслі шмат змен, у тым ліку карэнных.
Расказваем, як сімвал незалежнасці ператвараўся ў дакумент, які асблугоўвае інтарэсы ўлады.
Папярэднікі Канстытуцыі
У часы Русі беларускія землі жылі па непісанаму праву, якое грунтавалася на старажытных звычаях і нормах. Недзе XI стагоддзі кіеўскі князь Яраслаў Мудры стварыў так званую «Рускую праўду» — зборнік прававых нормаў тагачасных усходнеславянскіх княстваў.
У Вялікім княстве Літоўскім першай спробай кадыфікаваць законы з’яўляўся «Судзебнік Казіміра», прыняты ў 1468 годзе. Шмат у чым ён базіраваўся на «Рускай праўдзе». Наступным этапам стала прыняцце Статута ВКЛ у 1529-м, а таксама яго другой рэдакцыі 1566 года.
Трэці Літоўскі Статут быў зацверджаны ў 1588-м. Ён стаў адказам на Люблінскую ўнію, якая нават не згадвалася ў дакуменце. Зборнік з’яўляўся не толькі маніфестам незалежнасці, але і паважанай крыніцай права, на якую спасылаліся ў Польшчы, Пруссіі і Расіі. Нават пасля далучэння беларускіх зямель да ўсходняй імперыі, Статут працягваў дзейнічаць ажно да 1840 года.
Першы дакумент з назвай Канстытуцыя, які датычыўся беларускіх тэрыторый, з’явіўся 3 мая 1791 года. Яго прыняцце было адчайнай спробай спыніць заняпад і гібель Рэчы Паспалітай. Пасля падзення Расіі, 11 кастрычніка 1918 года Рада БНР прыняла Статут, які нярэдка называюць часовай Канстытуцыяй.
Далейшыя Асноўныя законы былі звязаны с БССР. За час існавання савецкай дзяржавы такіх дакументаў было прынята чатыры — у 1919, 1927, 1937 і 1978 годе. У апошні варыянт 25 жніўня 1991-га былі ўнесены змены, бо Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці тады надалі статус канстытуцыйнага закона.
«Ціхі пераварот». Як прымалі прэзідэнцкі Асноўны закон
Першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года. Але распрацоўка дакумента пачалася яшчэ ў 1990-м. Яна была вельмі цяжкай, суправаджалася спрэчкамі і дыскусіямі. Адной с супярэчнасцяў было пытанне прэзідэнцтва — супраць яго выступаў у тым ліку БНФ, а таксама Станіслаў Шушкевіч, які потым змяніў сваю пазіцыю. Праціўнікі гэтай пасады сцвярджалі, што канцэнтрацыя ўлады ў адных руках непазбежна прывядзе да ўзурпацыі.
— Развіццё падзей, эканамічная і палітычная сітуацыя ў рэспубліцы, і вопыт суседзяў паказвае, што хто б зараз не стаў прэзідэнтам, ён проста вымушаны будзе прыбегнуць да дыктатарскіх метадаў. А гэта ў любым разе да дабра не давядзе, — прадказваў тады дэпутат Лявонцій Зданевіч.
Але на выніковае галасаванне парламенту быў усё ж вынесены варыянт з прэзідэнцкай формай улады, аднак па асобных пунктах працягваліся дыскусіі, настолькі палкія, што адобрыць дакумент не маглі доўгі час, пакуль дэпутатаў, якія не хадзілі на паседжанні, не пачалі звозіць у Дом ураду. Тых хто хварэў дастаўлялі на машынах «хуткай дапамогі». Станіслаў Шушкевіч назваў гэта «ціхім пераваротам».
Што было ў першай Канстытуцыі
За Канстытуцыю прагаласавалі 236 дэпутатаў — на 4 больш чым патрабавалася. 15 сакавіка яе прыняў Вярхоўны Савет. Асноўны закон замацоўваў прынцып падзялення ўладаў — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Уводзілася пасада прэзідэнта з шырокімі паўнамоцтвамі, хаця парламент усё ж меў іх больш — Вярхоўны Савет мог назначаць выбары і рэферэндумы, выбіраць вышэйшыя суды, генпракурора, старшыню і праўленне Нацбанка, Цэнтральную выбарчую камісію, рапускаць масцовыя орагны улады, аб’яўляць вайну.
Галоўны плюс Асноўнага закона 1994 года ў тым, што прэзідзэнт прадстаўляў толькі выканаўчую ўладу, і не мог выдаваць дэкрэты, як гэта робіць зараз. Ён таксама не меў права адхіліць закон, за які прагаласаваў парламент. Была абмежаваная і колькасць прэзыдэнцкіх тэрмінаў — адзін чалавек не мог займаць вышэйшую пасаду больш за два разы.
Кіраўнік Беларусі прызначаў міністраў толькі са згоды дэпутатаў. Парламентарыі ж выбіралі і суддзяў вышэйшых судоў. Таксама дзейнічаў прынцып выбарнасці народам мясцовых улад.
Такім чынам Канстытуцыя 1994 года падзяляла галіны ўлады і ўраўнаважвала іх. Здавалася, што ўсё павінна працаваць, і маладая беларуская дэмакратыя абароненая, таму можна пачынаць рыхтавацца да выбараў першага прэзідэнта.
«Канец беларускага парламентарызма». Збіццё дэпутатаў і першыя змены ў Канстытуцыі
Прэзідэнта выбралі вельмі хутка. Не прайшло і чатырох месяцаў, пасля прыняцця Канстытуцыі, як ім стаў Алякасандр Лукашэнка. Ён адразу ж пачаў умацоўваць сваю ўладу. Ужо напачатку 1995 года кіраўнік дзяржавы прапанаваў парламенту правесці рэферэндум па чатырох пытаннях:
- наданне рускай мове статуса дзяржаўнай;
- змена сцяга і герба;
- наданне прэзідэнту права распускаць парламент, калі той парушае Асноўны закон;
- эканамічная інтэграцыя з Расіяй.
У першым галасаванні дэпутаты адхілілі ўсе пытаннні, акрамя апошняга. Лукашэнка настойваў на паўторным паседжанні. З гэтым не пагадзілася група з 19 парламентарыяў, якія зладзілі галадоўку проста ў Доме ураду. Тады Прэзідэнт загадаў сілавікам збіць іх. Новае галасаванне ўсё ж адбылося, але на яго пускалі па спісах.
— У ноч з 11 на 12 красавіка па сутнасці закончыўся беларускі парламентарызм, які толькі паспеў пачацца. Пасля таго, як у парламент уводзяцца войскі, ён перастае існаваць, — казаў пра тыя падзеі дэпутат Лявон Баршчэўскі.
У выніку рэферэндум назначылі на 14 мая. Па ўсіх пытаннях беларусы далі станоўчыя адказы. Так у Канстытуцыі з’явіліся першыя змены — другая дзяржаўная мова і права прэзідэнта распускаць парламент. Разам з тым над Беларуссю залунаў перароблены чырвона-зялёны сцяг БССР.
«Гэта з’яўляеецца захопам улады». Канстытуцыя становіцца служанкай прэзідэнта
Паралельна з рэферэндумам 1995 года праходзілі парламенцкія выбары. Большасць месцаў занялі камуністы і аграрыі, але спакою прэзідэнту гэта не прынесла — канфлікт паміж дзвюма галінамі ўлады нарастаў.
У жніўні 1996 года Лукашэнка зноў прапанаваў правесці рэферэндум — на гэты раз змены меліся моцна пашырыць прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Дэпутаты спачатку адмовіліся, а потым дадалі свой варыянт змен, якія б ператварылі Беларусь у парламенцкую рэспубліку.
Канстытуцыйны суд прызнаў прапановы Лукашэнкі незаконнымі, а дэпутаты нават паспрабавалі ініцыяваць імпічмент. У рэшце рэшт, пры пасрэдніцтве Расіі, два бакі дамовіліся, што вынікі рэферэндума будуць неабавязковымі.
— Тое, што мы называем рэферэндумам, на самой справе з’яўляецца захопам улады, — казаў тады старшыня парламенту Сямён Шарэцкі.
На ўсе прапановы прэзідэнта беларусы адказалі станоўча, а парламента — адмоўна. Трэба адзначыць, што яшчэ перад галасаваннем Лукашэнка парушаючы Канстытуцыю змяніў кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі — ім стала Лідзія Ярмошына.
Вынікі рэферэндума сталі абавязковымі. Сярод змен у Канстытуцыі:
- прэзідэнт назначае і звальняе міністраў, генпракурора, суддзяў, кіраўніцтва Нацбанку;
- прэзідэнт назначае палову суддзяў Канстытуцыйнага Суду, у тым ліку старшыню;
- з’явіўся радок у якім «прэзідэнт увасабляе адзінства народа»;
- з’яўляецца Камітэт дзяржкантроля, падпарадкаваны прэзідэнту і скасоўваецца Кантрольная палата, якая падпарадкоўвалася парламенту;
- парламент становіцца двухпалатным, 8 з 64 сенатараў верхняй палаты назначае прэзідэнт;
- кіраўнікі мясцовых органаў улады назначаюцца і звальняюцца прэзідэнтам;
- прэзідэнт можа ініцыяваць рэферэндумы;
- прэзідэнт можа выдаваць дэкрэты.
Таксама па выніках рэферэндуму Дзень Незалежнасці перанеслі на 3 ліпеня, адмянілі свабодны продаж і куплю зямлі, і захавалі смяротнае пакаранне.
Канстытуцыя забараняе перамены
Наступнага рэферндума трэба было чакаць 8 год. І яму адводзілася адзіная роля — дазволіць Лукашэнку быць пажыццёвым прэзідэнтам. У 2004-м Ярмошына абвесціла, што большасць беларусаў прагаласавала за тое, каб скасаваць абмежаванне ў два прэзідэнцкіх тэрміны.
Задача ўзурпацыі ўлады была выкананая цалкам за 10 год кіравання Лукашэнкі. Цяпер было можна спакойна правіць згодна з Канстытуцыяй. Але прыйшоў 2020 год, калі беларусы гучна заявілі пра жаданне перамен. Адказам сталі рэпрэсіі і новая карэкцыя Асноўнага закона.
15 сакавіка 2021-га створана канстытуцыйна камісія, якая распрацоўвала папраўкі. Праз 10 месяцаў быў назначаны рэферэндум — на 27 лютага 2022 года. Ён адбыўся ўжо ва ўмовах уторгнення Расіі ва Украіну, у якім Беларусь удзельнічала як суагрэсар.
Вынікі аб’вясціў новы старшыня ЦВК — па яго дадзеных, звыклыя 82 % адказалі «так» новай Канстытуцыі. Сярод карэнных змен Асноўнага закона:
- прэзідэнт можа выбірацца толькі на два тэрміны, кандыдат павінен бесперапынна жыць у Беларусі больш за 20 год, яго ўзрост мусіць быць не менш за 40 год;
- нельга фінансаваць выбары з-за мяжы;
- прэзідэнт больш не мае права прызначаць старшыню Вярхоўнага і Канстытыцыйнага судоў, кіраўніка Дзяржкантроля;
- уводзіцца новы орган улады: Усебеларускі народны сход, ён выбіраецца на 5 гадоў і мае шмат паўнамоцтваў, у тым ліку прызначаць кіраўніка ЦВК, у яго складзе павінны быць дэпутаты парламента, дзейны і мінулы прэзідэнт, пастановы УНС абавязковыя да выканання, ён таксама можа зняць прэзідэнта з пасады;
- прэзідэнт можа уводзіць надзвычайны стан, калі ёсць масавыя беспарадкі;
- мінулы прэзідэнт не можа прыцягвацца да адказнасці за тое, што рабіў на пасадзе, таксама ён атрымоўвае пажыццёвае членства ў верхняй палаце парламента;
- пры забойстве прэзідэнта кіраўніком Савета бяспекі становіцца старшыня верхняй палаты парламента, уводзіцца надзвычайны стан, рашэнні прымаюцца Саветам бяспекі;
- з’явілася згадка пра атамную энергетыку, а таксама зніклі радкі пра «безядзерную дзяржаву»;
- з’явілася радкі: «Кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы».
- удакладняецца, што шлюб — гэта саюзам мужчыны і жанчыны;
Можна сказаць, што новая Канстытуцыю была прынятая для таго, каб знішчыць усе магчымасці для змены ўлады і пануючага ў дзяржаве курса. Упершыню папраўкі датычацца не толькі самога Лукашэнкі, але і будучага прэзідэнта, які тэатрытычна можа пайсці на лебіралізацыю. Каб гэтага не здарыдася уводзіцца УНС, своеасаблівы аналаг Палітбюро, куды будуць дапушчаны толькі правераныя людзі.