У Беластоку ёсць некалькі дзясяткаў месцаў, звязаных з Беларуссю. Гэты былыя турмы, канцлагеры, цэрквы, школы. Некаторыя будынкі цалкам захаваліся, і да гісторыі можна літаральна дакрануцца.
MOST раскажа пра беларускія месцы сталіцы Падляшша. Гэтым разам гаворка пойдзе пра канцлагер, у якім сядзелі слуцкія паўстанцы.
Этапы, лагеры, размеркавальныя станцыі. Польшча будуе сетку ўтрымання
Разбудоўваць сетку пунктаў утрымання Польшча пачала адразу пасля абвяшчэння незалежнасці — у лістападзе 1918-га. Такая патрэба з’явілася з-за вайны з Саветамі. Спачатку гэта былі пункты перабывання для бежанцаў, якія вярталіся ў Польшчу, а таксама для тых, хто хацеў з’ехаць з краіны, напрыклад для расійскіх працоўных ці чыноўнікаў. Такія ўстановы ў дакументах называліся “этапы”.
Потым пачалі з’яўляцца канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных і так званыя Размеркавальныя Станцыі (Stacja Rozdzielcza). Кіравала гэтай сеткай спецыяльна створанае Дзяржаўнае ведамства па справах ваеннапалонных, бежанцаў і рабочых.
Па дадзеных на 1919-1920 год у Польшчы існавала некалькі дзясяткаў пунктаў утрымання, сярод іх у Беластоку, Львове, Вільне, Брэсце.
Пункт для бежанцаў ператвараецца ў канцлагер
Ў Беластоку пункт утрымання быў створаны ў лютым 1919 года. Ён заняў былыя казармы расійскага 63-га пяхотнага Угліцкага палка. Памяшканні былі разлічаныя на перабыванне больш чым за 2 000 асоб. Таксама быў арганізаваны шпіталь на 100 ложкаў.
Вядома, што пункт быў заўсёды поўны. За першыя чатыры месяцы працы праз яго прайшло 53 тысячы чалавек. Па меры таго як польскія войскі прасоўваліся на ўсход, у лагеры рабілася больш ваеннапалонных. Па дадзеных на жнівень 1919-га, 56 % утрымліваемых былі менавіта яны, астатнія — бежанцамі.
Таму паўстала пытанне стварэння асобнага пункта для вайсковых, узятых у палон. Яго арганізацыя пачалася ў жніўні 1919-га — для гэтага была забраная значная частка памяшканняў ужо існуючага пункта ўтрымання. Так паўстала Размеркавальная Станцыя ў Беластоку.
Антысанітарыя і эпідэміі. Кожны дзень памірала 50-70 чалавек
Пры стварэнні беластоцкай Размеркавальнай Станцыі, як і ўсіх іншых, надавалі шмат увагі санітарыі. Па правілах, перад тым як сюды трапіць палонныя павінны былі прайсці 14-дзённы каранцін, а таксама атрымаць прышчэпкі супраць воспы, тыфу, халеры і дызентэрыі.
Аднак, судзячы па ўсім, нічога з гэтага не рабілася, бо амаль адразу пасля адкрыцця, у лагеры выбухнулі эпідэміі тыфу і дызентэрыі. З-за гэтага напачатку кастрычніка станцыя закрылася больш чым на месяц.
Цяжка сказаць колькі людзей сядзела ў лагеры. Пераробленыя памяшканні былі разлічаны на 3 000 чалавек. Аднак, згодна з рапартамі вайскоўцаў, з верасня 1919 па май 1920-га, там пастаянна знаходзілася каля 1 000 вязняў.
Між тым, гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Дзяніс Нарэль пішуць, што ў той час умовы на Размеркавальнай Станцыі Беластока былі жудасныя: ад няспынных эпідэмій кожны дзень памірала 50-70 чалавек. Яны ж прыводзяць словы відавочцы тых падзей беларускага настаўніка Антонава, які сцвярджаў, што з кастрычніка 1919 па люты 1920-га загінула 2 тысячы вязняў.
2 000 тысячы беларусаў сядзелі ў польскіх турмах і лагерах
Беларусы пачалі паступаць у беластоцкі лагер, яшчэ калі ён быў пунктам утрымання для бежанцаў. Вядома, што ў ліпені сюды трапілі байцы і афіцэры Беларускага палка, які дзейнічаў пры арміі Літвы і быў абяззброены палякамі.
Сярод іх быў і камандзір падраздзялення Мікола Дзямідаў, які раней таксама займаў пасаду каменданта Гродна ад Рады БНР. Ён жа ствараў вярбовачныя пункты для беларускага палка, у тым ліку ў Беластоку.
Наогул, менавіта ў другой палове 1919-га польскі ўлады пачалі змагацца супраць беларускіх нацыяналістаў на тэрыторыях, якія займалі іх войскі. Па словах гісторыка Вацлава Пануцэвіча, у той час каля 2 тысяч беларусаў з Гродзеншчыны і Віленчшыны апынуліся ў турмах і канцлагерах.
Што датычыцца Дзямідава, то ён перажыў не лепшыя часы ў лагеры, і выйшаў на волю ўжо ў верасні, пасля чаго стаў працаваць у Беларускай вайсковай камісіі пры польскім войску. А потым сабраў на Падляшшы батальён дабраахвотнікаў і далучыўся да Булак-Балаховіча. Ён стаў апошнім беларускім падраздзяленнем гэтай арміі, якое змагалася з бальшавікамі, нават пасля адыходу асноўных сіл.
Лагер пачынае прымаць беларусаў, якія змагаліся за Польшчу
Дзямідаў і іншыя афіцэры сядзелі ў так званым афіцэрскім бараку. Умовы там былі лепшыя, чым у звычайных жаўнераў — адсутнічаў дрот, быў доступ да прадуктаў, можна было самім гатаваць ежу. Аднак, нягледзячы на гэта, з 12 афіцэраў, ад тыфу памерлі 3.
Зразумець, што адбывалася ў лагеры, можна пачытаўшы лістападаўскі рапарт палкоўніка Хабішта з Варшавы:
«У лагеры на кожным кроку бруд, неахайнасць, занядбанасць, і чалавечае гора крычыць да неба пра помсту… Баракі перапоўнены, сярод здаровых шмат хворых. На маю думку, сярод тых 1400 вязняў зусім няма здаровых…»
Сітуацыя с антысанітарыяй і эпідэміямі змянілася толькі вясной 1920-га, пасля прыезду амерыканскай камісіі і дапамогі ад Чырвонага Крыжа.
Наступ бальшавікоў змусіў эвакуіраваць лагер пад Варшаву, дзе праз некаторы час ён быў ліквідаваны. Але ў канцы лістапада 1920-га Размеркавальная Станцыя ў Беластоку зноў паўстала на ранейшым месцы, і прымала яна тады толькі савецкіх ваеннапалонных.
Але ў лютым 1921 года, перад падпісаннем Рыжскай дамовы, туды пачалі прывозіць беларускіх жаўнераў, якія змагаліся на польскім баку, у тым ліку ў атрадах Булак-Балаховіча. Размеркавальную Станцыю ў гэты час пачынаюць называць Канцэнтрацыйным Лагерам № 21.
Слуцкія паўстанцы за дротам
Беларусы, якія змагаліся супраць бальшавікоў, траплялі ў пункты ўтрымання як інтэрніраваныя асобы на час, пакуль вырашалася, што рабіць з імі далей. Гэтак здарылася і са слуцкімі паўстанцамі, якія з лютага па травень 1921 года сядзелі ў беластоцкім Канцэнтрацыйным Лагеры.
«Трэба разумець, што той лагер не быў такой турмой. З таго, што я чытаў, гэта было месцам, у якім ізалявалі розных вайскоўцаў. Да розных груп адносіліся па рознаму, але некаторых маглі нават выпускаць у горад. Магчыма гэта ў нечым падобна да таго, чым зараз з’яўляюцца лагеры для бежанцаў у Польшчы. З папраўкай на час, канешне, але мне падаецца, што гэта магло так выглядаць», — расказвае пра ўмовы ўтрымання даследчык гісторыі Беластока Аляксей Трубкін.
Але хоць умовы ўтрымання і палепшыліся з часоў, калі тут бушавалі эпідэміі, случчакам хацелася на волю. У красавіку яны напісалі адкрыты ліст да свайго камандавання з просьбай вырашыць іх далейшы лёс. Гэты зварот быў апублікаваны ў віленскай газеце «Наша Думка».
Што цяпер на месцы лагера?
Канцэнтрацыйны Лагер № 21 у Беластоку зачыніўся 15 кастрычніка 1921 года, пасля таго, як быў скончаны абмен палоннымі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Але ў бараках заставалася яшчэ 777 вязняў — іх пераправілі ў іншыя пункты ўтрымання.
Зараз на месцы былога лагера знаходзяцца будынкі Універсітэцкай клінічнай бальніцы (Uniwersytecki Szpital Kliniczny).