Выданне PALATNO расказвае на прыкладзе адной школы на Віцебшчыне, як мясцовая настаўніца рускай мовы і літаратуры некалькі гадоў запар актыўна прасоўвае культуру «русского мира» з дапамогай фонду. 

Як у адзін з самых малых гарадоў Беларусі прыйшоў «русский мир»

У 2014 годзе Мёры — невялічкі горад у Віцебскай вобласці — адзначаў 500-годдзе. Даведацца пра юбілейную дату дапамог краязнаўца і гісторык мясцовай школы Вітольд Ермалёнак. Праз амаль дзесяць гадоў беларускія сілавікі арыштуюць яго на суткі — за дзейнасць, якая супярэчыць афіцыйнай палітыцы Лукашэнкі.

Мёры знаходзяцца блізка да мяжы з Латвіяй, побач — Браслаўскія азёры і самы маленькі горад краіны Дзісна. Асноўныя славутасці Мёраў — вялікая набярэжная з возерам, касцёл у неагатычным стылі, балоты Ельні і нядаўна «аджаты» лукашэнкаўскімі ўладамі металапракатны завод, у які на працу апошнія некалькі гадоў з’язджаліся сотні чалавек з усёй краіны.

Турысты звычайна праязджаюць горад, калі рушаць у кірунку Браслава, таму што ў Мёрах няма дзе ўзяць каву навынас ці паабедаць у кавярні сяброўскай кампаніяй. У горадзе працуюць дзве школы, трэцюю — і самую старую — закрылі, бо не набіралася дастаткова вучняў. У 2010-х мясцовая футбольная каманда ўзяла кубак вобласці, але развівацца не было куды. Запланаваныя гасцініцу і бар, якія хацеў запусціць апякун мёрскіх футбалістаў, так і не адкрылі.

учительница русского языка в Беларуси
Адна з галоўных славутасцяў Мёраў — касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ілюстрацыя: PALATNO

Мясцовая моладзь дзесяцігоддзямі бавілася алкаголем і цыгарэтамі на парапетах каля помніка савецкаму салдату, а спартыўныя пляцоўкі — нават тыя, што адкрывалі — праз год ці два станавіліся занядбанымі. Пераважна тыя, хто вяртаўся пасля каледжа ці ўніверсітэта, заканчвалі адпрацоўку і з’язджалі ў Полацк ці Віцебск, або далей — у Мінск.

Па нядзелях працуе рынак, дзе можна набыць новую вопратку і новыя плёткі пра суседзяў. Як і ў любым іншым беларускім горадзе, тут ёсць «Еўраопт» і аддзяленні «Беларусбанка». Але, у адрозненне ад многіх іншых гарадоў, — аніводнай кнігарні.

Горад жыве ў сваёй бурбалцы — у Мёрах ёсць раёнка, некалькі лакальных груп у сацыяльных сетках з абвесткамі і сваё «Подслушано» ў «ВКонтакте». Галоўныя ўзрушэнні апошняга дзесяцігоддзя — суды над «мяснікамі» (тут так называюць бізнесменаў, што куплялі ў калгасах мяса і прадавалі ў Расіі) і над тымі, хто час ад часу краў нафту з трубаправодаў.

Аднак нават тут у 2020 годзе на вуліцы горада выходзілі пратэстоўцы. Маладыя хлопцы ў міліцэйская форме спрачаліся са святарамі, што падтрымалі пратэст, і раілі ім разыходзіцца. Мёры таксама закранулі рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў: перыядычна некаторых хапаюць за пакінутыя каментарыі альбо судзяць за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Напаўзабыты абласнымі і тым больш рэспубліканскімі чыноўнікамі горад ад сярэдзіны «нулявых» губляе мясцовае насельніцтва. Па статыстыцы на 2023, год у Мёрах жывуць каля 7,8 тысячы чалавек. Яшчэ 15 гадоў таму тут жылі амаль дзевяць тысяч.

У кастрычніку 2020 года ў Мёрах адчынілі «Кабинет русского мира». Яго кіраўніцай стала настаўніца рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе Ларыса Лапкоўская. Яна працуе ў той жа школе, дзе некалькі дзесяцігоддзяў адпрацаваў Вітольд Ермалёнак – чалавек, дзякуючы якому пра мінулае маленькіх Мёраў даведалася ўся краіна.

русский мир в Беларуси
Такой публікацыяй у сацыяльных сетках Лапкоўская вітала адкрыццё «Кабинета русского мира». Ілюстрацыя: PALATNO

Хто стаіць за «Кабинетами русского мира»?

Мёрскі «Кабинет русского мира» — не першы ў Беларусі. Яшчэ адзін працуе ў Віцебскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Такія кабінеты існуюць у дзясятках краін па ўсім свеце, іх працу курыруе фонд «Русский мир».

Гэты фонд з’явіўся ў 2007 годзе. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне ў лютым 2022 года фонд унеслі ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Украіны, Швейцарыі. Еўрасаюз абгрунтаваў уключэнне фонду ў санкцыйны спіс тым, што арганізацыя выкарыстоўваецца ў якасці інструмента ідэалагічнага ўплыву ў постсавецкіх краінах.

Акрамя гэтага, дзейныя кіраўнікі і члены Апякунскай і Назіральнай рады фонду доўгі час знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі і цесна звязаныя з палітыкай Уладзіміра Пуціна. Напрыклад, старшыня Апякунскай рады Дзмітрый Козак, які з’яўляецца і намеснікам кіраўніка пуцінскай адміністрацыі, пад санкцыямі ад 2014-га – пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе. У Наглядальную раду ўваходзіць Маргарыта Сіманьян, якая кіруе прапагандысцкім медыяхолдынгам «Россия сегодня».

На сайце фонду пазначана, што «Кабинеты русского мира» працуюць у 55 краінах свету, уключаючы Беларусь. У многіх краінах ёсць не адзін, а некалькі такіх «Кабинетов».

русский мир в Беларуси
Лагатып фонду «Русский мир». Ілюстрацыя: PALATNO

Дзейнасць «Кабинетов» адбываецца не на бясплатнай аснове. Людзі, якія працуюць над арганізацыяй падобных структур, атрымліваюць грошы на ўзор грантавай дзейнасці. Афіцыйнай мэтай «Кабинетов русского мира» з’яўляецца прасоўванне рускай мовы, літаратуры і культуры.

Дзейнасць фонду «Русский мир» застаецца дазволенай на тэрыторыі Беларусі. У кастрычніку 2020 года ў мёрскай школе №3 за пасрэдніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры адкрыўся «Кабинет русского мира». Адкрыццё прайшло разам з прэзентацыяй зборніка вершаў вучняў — у асноўным пра эпізоды Другой сусветнай вайны.

Настаўніцу, якая спрыяла адкрыццю гэтага «Кабинета», завуць Ларыса Лапкоўская. Жанчына нарадзілася ў Савецкім Саюзе — у тады яшчэ савецкай Латвіі, у горадзе Краслава. Гэты горад знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Беларуссю. У Мёрах можна нават злавіць радыёхвалі краслаўскай радыёстанцыі.

Лапкоўская адвучылася ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце, дзе атрымала настаўніцкую спецыяльнасць, і ўладкавалася на пасаду настаўніцы рускай мовы і літаратуры ў сярэднюю школу №3 у Мёрах. Тут пасля сфальсіфікаваных выбараў і адкрыла з дапамогай фонду «Русский мир» «Кабинет», у якім вучыць школьнікаў рускай культуры.

Як адбываецца мяккая русіфікацыя

Ларыса Лапкоўская вядзе некалькі старонак у сацыяльных сетках. Настаўніца актыўна расказвае пра сваю дзейнасць у «ВКонтакте» і Facebook. Яна дзеліцца цытатамі рускіх пісьменнікаў, любімымі кнігамі і фільмамі, а таксама паказвае, як праходзіць жыццё ў «Кабинете русского мира».

Напрыклад, у сакавіку 2021 года мёрскія школьнікі разам з Лапкоўскай паехалі ў Міжнародную школу журналістыкі ў Мінск. Гэтую школу таксама арганізаваў Фонд «Русский мир». Акрамя візітаў на балет і ў музеі школьнікаў адвезлі ў Белтэлерадыёкампанію, каб навучыць «отличать правду от хайпа». Наколькі вядома, вучні паспелі пакамунікаваць з некалькімі беларускімі прапагандыстамі. У тую ж самую школу журналістыкі Лапкоўская накіравала сваіх вучняў і ў 2023 годзе.

Лапкоўская не прапускае дзяржаўных свят і дат, звязаных з эпізодам Другой сусветнай вайны — Вялікай Айчыннай. У 2021 годзе Лапкоўская апублікавала ў сваіх сацыяльных сетках справаздачу з фотаздымкамі, на якіх былі яе вучні з чырвона-зялёнымі сцягамі на праўладным мітынгу ў гонар 9 Мая.

Мёрская настаўніца часта возіць вучняў на розныя экскурсіі — і таксама па мясцінах, якія праслаўляюць расійскую армію. Напрыклад, восенню 2021 года школьнікі разам з настаўніцай паехалі шукаць месца, дзе французскія войскі абышлі расійскія ў 1812 годзе і накіраваліся на Маскву.

Настаўніца фантазіруе: «А ведь стоило небесной канцелярии послать на землю сильный ветер, проливной дождь, что осложнило бы переправу, и возможно, главная битва произошла бы не на Бородинском поле, а между двумя белорусскими городками — Миорами и Верхнедвинском».

У снежні 2021 года Лапкоўская зноўку нагадвае пра «Кабинет русского мира»: школьнікі чыталі свае вершы і атрымалі за гэта памятныя прызы — асадкі. Яшчэ крыху пазней настаўніца правяла ўрок, на якім паказвала почыркі расійскіх пісьменнікаў. Пасля прапанавала напісаць ліст любімым пісьменнікам, якія, канешне ж, былі расійскімі.

Вясной 2022 года Лапкоўская правяла для вучняў урок пра гісторыю рускай матрошкі, на якім вучыла дзяцей рабіць матрошкі, знаёміла з рускімі традыцыйнымі промысламі.

русский мир в Беларуси
Вучні Лапкоўскай намалявалі какошнікі. Ілюстрацыя: PALATNO

У верасні 2022 года пасля летніх канікул настаўніца ўрачыста аб’яўляе аб аднаўленні працы «Кабинета русского мира» ў мёрскай школе. На першым уроку ў годзе беларускія вучні з трэціх і чацвёртых класаў вывучалі гісторыю рускіх галаўных убораў і малявалі какошнікі.

Восенню 2022 года Лапкоўская разам са сваімі вучнямі паехала ў міжнародны лагер дыпламатыі «Дороги мира — дороги добра». Лагер праходзіў у Мінску: там навучэнцы наведалі амбасады Расіі і Казахстана, а затым паехалі на перапахаванне беларускага вайскоўца, які загінаў падчас Другой сусветнай вайны.

У маі 2023 годзе Лапкоўская і яе вучні паехалі ў Мінск на форум «Молодёжь Евразии — за мир!». На мерапрыемстве былі школьнікі з Расіі, Узбекістана, Беларусі і, як піша настаўніца, «из Крыма, Донбасса». Там вучні ўдзельнічалі ў розных «русскомирских» мерапрыемствах, а Лапкоўская натхнялася праўладным паралімпійцам Аляксеем Талаем, які актыўна вітае расійскую агрэсію ва Украіне і рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

«Моя мечта сбылась!!!! Теперь с Алексеем Талаем мы не только заочные друзья!!!!! Алексей, мне так нужна была эта встреча!!!! Спасибо ВАМ огромное за доброту, сердечность и пример личного мужества, которого так нам не хватает», — пісала Лапкоўская пра сустрэчу з Талаем у Facebook.

Як замежныя грошы насамрэч могуць дапамагчы маленькаму гораду

Гэта не адзіны выпадак, калі замежныя грошы трапілі ў Мёры. Можна вызначыць прыходы двух буйных гульцоў у маленькі горад на Віцебшчыне, калі грошы насамрэч пачалі ўплываць на жыццё мясцовых жыхароў — і без прасоўвання павесткі «русского мира». Першы — металапракатны завод, другі — заказнік «Ельня».

Завод

У 2013 годзе аўстрыйская кампанія MMPZ Group атрымала дазвол на будаўніцтва прадпрыемства ў Мёрах: абагульняючы, на ім рабілі б бляшанкі для кансерваў. Гэта быў бы першы падобны завод у Беларусі, бо раней беларускія вытворцы бралі тару ў замежных імпарцёраў. Планавалася экспартаваць вырабы і ў Еўропу. Завод хацеў зарабляць каля 200 мільёнаў долараў у год.

У праект аўстрыйская кампаніі ўпісаўся аўстрыйскі банк AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft, які ўзяў пазыку ў «Беларусбанка» ў 106 мільёнаў долараў, а затым прыцягнулі нямецкага інвестара SMS Group.

Праблемы пачаліся яшчэ на этапе будаўніцтва, калі высветлілася, што пляцоўка не зусім падыходзіць. У 2020 годзе, калі завод планавалі здаць у эксплуатацыю, прадпрыемства толькі выпусціла пробны прадукт. Вядома, што ў тым годзе амаль 70% акцый валодаў сінгапурскі холдынг KSBH PTE. Таксама вядома, што ў «Беларусбанка» неаднаразова бралі крэдыты для будаўніцтва прадпрыемства.

русский мир в Беларуси
Завод быў прыватным, а стаў дзяржаўным усяго за год. Ілюстрацыя: PALATNO

У 2021 годзе на завод планаваў прыехаць Аляксандр Лукашэнка, але так і не прыехаў, а ўсё кіраўніцтва арыштавалі. Беларускія сілавікі падазравалі, што кіраўніцтва «злоўжывала службовымі паўнамоцтвамі, што прычыніла шкоду ў буйным памеру або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам». Кіраўніцтва завода дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Яскравая гісторыя, як Мёры засвяціліся ў свеце, дзякуючы гэтаму заводу, — «Формула 1». Летам 2020 года каманда «Макларэн» заявіла аб партнёрстве з кампаніяй Miory Steel. Так прадпрыемства хацела стаць бачным для магчымых партнёраў у Еўропе.

Для Мёраў будаўніцтва новага завода — з’яўленне новых працоўных месцаў, будаўніцтва інфраструктуры. У горадзе хадзілі чуткі пра будаўніцтва новага мікрараёна і гандлёвага цэнтра, якога дагэтуль не было. Дамы для новых супрацоўнікаў завода пабудавалі на выездзе з Мёраў у кірунку Полацка. Доўгі час прамысловасць у Мёрах была ў заняпадзе: льнозавод не працаваў, а мясакамбінат быў вечным даўжніком. Да ўсяго, новы завод з некалькімі сотнямі працоўных месцаў мог утрымаць у горадзе моладзь, якая імкнулася адтуль з’ехаць.

«Лёгкія Еўропы»

Доўгі час на некалькіх пяціпавярховіках у Мёрах віселі банеры «Ельня — лёгкія Еўропы». Балоты Ельні сталі візітоўкай горада і раёна. Туды ў любы сезон ездзілі турысты, там вадзілі экскурсіі, праект напампоўвалі еўрапейскімі грашыма.

Калі суседні Браслаў забраў славу самага азёрнага рэгіёна краіны, а ў Дзісны быў легендарны тытул самага маленькага горада Беларусі, то ў Мёраў з’явіўся шанец заявіць пра сябе праз балоты.

Ельня — найбуйнейшае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе. Гэтым балотам каля 9 тысяч гадоў, і яны амаль не кранутыя чалавекам. Тут жыве велізарная колькасць жывёл, некаторыя з якіх знаходзяцца ў Чырвонай кнізе Беларусі, а таксама тут багатая флора. Балоты асацыіруюцца з журавінамі, таму на Мёршчыне і праводзіцца фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю».

русский мир в Беларуси
Еўрасаюз выдаткаваў на развіццё патэнцыялу Мёрскага раёна каля мільёна еўра. Ілюстрацыя: PALATNO

У 2019 годзе пры падтрымцы Еўрасаюза на Ельні пачаўся праект «Разам для грамадства і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Праект падтрымлівалі мясцовыя ўлады, Латвійскі сельскі форум і грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якую лукашэнкаўскія сілавікі разграмілі і ліквідавалі пасля падзей 2020 года.

Еўрапейскі саюз павінен быў выдаткаваць 975 тысяч еўра на рэалізацыю праекта, што пакрывала амаль 90% бюджэту. Гэты праект меўся раскрыць патэнцыял рэгіёна і даць імпульс для яго далейшага развіцця праз партнёрства паміж мясцовымі ўладамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.

Падчас праекта зрабілі драўляную сцежку на балотах у заказніку «Ельня», пабудавалі спартыўную пляцоўку ў аграгарадку Язна, зрабілі капітальны рамонт у спартыўнай школе ў Мёрах. Напрыканцы красавіка 2022 года дзяржаўнае выданне «Мёрскія навіны» паведаміла пра завяршэнне праекта. У наступным месяцы кіраўнік адной з партнёрскіх арганізацый праекта, грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук атрымаў прысуд у 2,5 года пазбаўлення волі па «народным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса.

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

польский шенген

«У пограничников могли возникнуть ко мне вопросы». Как беларусы обходными путями получают польский шенген

Получить шенген беларусам всё труднее. Исчерпав реальные основания для получения визы, многие ищут обходные пути — к сожалению, они не всегда легальны. Беларусы рассказали MOST, на что им...

гурт Вандроўнік

«Грошы ў цябе будуць, а культура можа знікнуць». Як польскія панкі адраджаюць беларускія народныя песні

Чатыры хлопцы з Падляшша заснавалі гурт «Вандроўнік», які выконвае ў тым ліку беларускія песні. Яго ўдзельнікі кажуць, што вандруюць не толькі па мясцовасці, але і па розных мовах...

профессиональное выгорание

«Нереальное желание всё послать на фиг». Как беларусы борются с профессиональным выгоранием в Польше, Литве и Беларуси

В Польше можно получить больничный из-за профессионального эмоционального выгорания. Максимальный срок справки о нетрудоспособности составляет 182 дня. Её выдаёт только врач-психиатр — не психолог и не психотерапевт. Профессиональное выгорание...

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?