14-15 ліпеня адбудзецца фестываль «Тутака». На два дні ўрочышча Борык ля Гарадка (Gródek) — месца, дзе раней праводзіўся легендарны фэст «Басовішча» — абудзіцца для беларусаў. Наведвальнікаў чакаюць майстар-класы, лекцыі, спартыўныя гульні, намётавы лагер з вогнішчам, фудкорт і канцэрт, на якім выступяць, у тым ліку, «Дай Дарогу!», BOTANIC PROJECT і Dzieciuki. Госці таксама змогуць сустрэцца з вядомымі беларусамі, у тым ліку са Святланай Ціханоўскай.
Спыталіся ў Наталлі Сцепанцовай, адной з арганізатарак фестывалю, навошта наведваць «Тутаку», колькі і адкуль прыедзе людзей і чаму Падляшша — гэта месцы сілы.
Пятніца. Сустрэча са Святланай Ціханоўскай
Фестываль «Тутака» праводзіцца аднайменным фондам з Падляшша. Мерапрыемства знаходзіцца пад ганаровым патранатам Анджэя Дуды. У яго арганізацыі прымаюць удзел, у тым ліку, улады Беластока і пасольства Нідэрландаў у Польшчы. Таму ўваход бясплатны. Калі госці застаюцца ў намётавым лагеры, то прыйдзецца даплаціць сем еўра.
— «Тутака» праводзіцца ўжо трэці год запар. Наш фестываль змяніў канцэпцыю свайго музычнага папярэдніка — фэста «Басовішча». Цяпер гэта рознабаковае мерапрыемства, якое мы называем найбуйнейшай сустрэчай усіх беларусаў: чакаецца, што яго наведае больш за дзве тысячы чалавек, — расказвае Наталля.
Фестываль пачнецца ў пятніцу 14 ліпеня. Вечарам адбудзецца нефармальная сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Таксама будзе цікавая палітычная акцыя, дэталі якой пакуль не раскрываюць. Летась, напрыклад, разам з Паўлам Латушкам рабілі птушак у тэхніцы арыгамі. Потым з іх атрымаўся вялікі арт-аб’ект.
Таксама пятнічным вечарам адбудзіцца невялічкі канцэрт, на якім выступяць Dzieciuki, можна будзе распаліць вогнішча.
Субота. Канцэрт і многа актыўнасці
У суботу адбудуцца спектаклі, паказы для дзяцей, групавыя заняткі з псіхатэрапеўтам, майстар-класы (напрыклад, па акцёрскім майстэрстве). Таксама будуць рамеснікі са сваімі вырабамі, кніжныя выдавецтвы, недзяржаўныя арганізацыі. Наталля заклікае тых, хто хоча паказаць сябе, звяртацца да арганізатараў — месцы пакуль ёсць.
— Таксама адбудуцца дыскусіі — культурніцкія, тэатральныя, для прадпрымальнікаў — і прэзентацыі розных ініцыятыў. Будуць і спартыўныя мерапрыемствы, у тым ліку з вядомымі спартоўцамі, напрыклад, з баскетбалісткай Кацяй Сныцінай. Сярод запрошаных гасцей: Маргарыта Ляўчук, Крысціна Дробыш, Маляваныч, Андрэй Саўчанка. А бліжэй да вечара распачнецца вялікі канцэрт.
Ужо ёсць лайн-ап выступаў, перад наведвальнікамі выступяць:
- Дай Дарогу!
- Nochy
- BOTANIC PROJECT
- Dzieciuki
- Papa Bo Selektah
- Dlina Volny
— Ну і, зноў жа, камунікуем, тусім, вакол будуць добрыя людзі, піва з каўбаскамі, будуць працаваць фудкорты. Калі хтосьці захоча іншай ежы ці напояў, то недалёка ад урочышча, у Грудку, знаходзяцца крамы, піцэрыя, кафэшкі.
Адказы на ўсе пытанні пра фестываль — па спасылцы.
Будуць госці нават з Барселоны і Шатландыі
На фестывалі створаць усе ўмовы для камфортнага адпачынку. У намётавым лагеры будуць біятуалеты, калонка, каб памыць рукі, душавыя кабінкі. Дазваляецца разводзіць вогнішчы і ставіць грылі. Калі няма намёта, дыванка ці спальнага меха, усё гэта, а яшчэ ліхтарыкі і нават мэблю, можна будзе арандаваць ці купіць на месцы.
Наталля адзначае, што на фестываль прыязджаюць беларусы не толькі з Беластока і ваяводства, але з усёй Польшы, з Літвы і іншых краін. Гэтым разам дакладна будуць госці з Барселоны і Шатландыі. «Тутаку» таксама наведвае многа этнічных беларусаў, якія нарадзіліся на Падляшшы.
— На фестывалі прыязджае даволі шмат моладзі. Але большасць, вядома, гэта дарослыя людзі ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў, якія з’ехалі з Беларусі нядаўна, шмат хто з дзецьмі. Раней, калі праводзілася «Басовішча», было больш моладзі, бо гэта быў музычны рок-фестываль, людзі ехалі канкрэтна на канцэрт. Зараз жа музыка не галоўнае — людзі едуць таксама і па камунікацыю.
Наталля асцярожна дадае, што, магчыма, прыязджаюць і тыя, хто зараз жыве ў Беларусі. Але адзначае, што асабіста пра гэта ні ў каго не пытаецца і нікога не заклікае ехаць, бо гэта можа быць вельмі небяспечна.
Навошта ехаць на «Тутаку»
Падляшша — вельмі блізкі беларусам рэгіён. І не толькі па геаграфіі, але і па культуры і нават энергетыцы. Наталля лічыць, што тут унікальнае месца сілы, дзе беларусы могуць пачуць родную мову ў вёсках, пабачыць знаёмую архітэктуру. А на фестывалі гэтая энергія канцэнтруецца, тут знікаюць апошнія бар’еры, людзі знаёмяцца, цікавяцца адзін адным, пануе атмасфера пазітыву, якая папаўняе рэсурс.
— На фестываль «Тутака» трэба прыехаць, як мне падаецца, каб адчуць сябе сваім сярод сваіх. Гэтага нам не хапае. Мы — імігранты і адчуваем сябе трошкі чужымі ў тым асяродку, дзе кожны дзень знаходзімся. На фестывалі ж мы можам адчуць сябе сярод сваёй культуры, можам вольна размаўляць на сваёй мове і не думаць, на якой мове звярнуцца да незнаёмага чалавека. З’яўляецца адчуванне, можа быць, лёгкасці, магчымасць на дзень-два забыцца на гэты боль ці, наадварот, перажыць нейкія цяжкія моманты, падзяліцца болем, бо разам цяжкія эмоцыі перажываць лягчэй. На «Тутаку» трэба прыехаць, каб адчуць, што мы разам, мы сіла, мы класныя.
Наталля ўжо тройчы ўдзельнічала ў арганізацыі фестывалю як валанцёр, і кожны раз яна цешыцца прадчуваннем таго, як, прыехаўшы ва ўрочышча Борык, зноў сустрэнецца з людзьмі, якіх не бачыла цэлы год, ды пазнаёміцца з новымі. Яна падкрэслівае, што госці фестывалю нібы ствараюць беларускую сетку, калі кожны ведае кожнага праз некалькі поціскаў рук.
— Гэтая сетка на два дні сціскаецца ў шчыльны энергетычны шарык. А калі мы раз’язджаемся, гэтыя ніткі сеткі застаюцца. Наогул, для мяне «Тутака» — гэта нейкі згустак энергіі. Гэта пастаянныя сустрэчы, бясконцыя абдымкі, радасць, шмат розных мерапрыемстваў, у якіх ты раней ніколі не прымаў удзел: спачатку робіш арыгамі, потым ідзеш на тэрапію, слухаеш музыкаў, затым наведваеш лекцыю. Таму ў галаве застаецца такі згустак з уражанняў, які цябе зараджае.
Арганізатарам фестывалю «Тутака» можна дапамагчы. А купіць мерч фестывалю можна тут.