MANDZIK (Дзяніс Мандзік) — малады беларускі музыка, хіп-хоп-выканаўца і культурны дзеяч.
Хлопцу 24 гады, у верасні 2020 года ён пераехаў з Беларусі ў Польшчу і дагэтуль жыве ў горадзе Познань. Нядаўна малады чалавек выдаў новы беларускамоўны сінгл «Maładość». Журналіст MOST паразмаўляў з артыстам пра жыццё, планы, творчасць і маладосць ў эміграцыі.
— Распавядзі, як ты апынуўся ў Польшчы?
— Сам я родам з Барысава; у Польшчы апынуўся ў верасні 2020 года. Найперш меў працоўную візу, па прыездзе зрабіў студэнцкую — і паступіў ва Універсытэт Адама Міцкевіча, дзе вучуся зараз (кірунак — агульназнаўства). Так склаліся абставіны, што зараз маю і міжнародную ахову ад ЕЗ.
— Адаптацыя прайшла лёгка ці былі нейкія складанасці?
— Адразу, калі я прыехаў, у мяне не было нейкага канкрэтнага плана на жыццё, таму я пачаў працавать кур’ерам ежы на ровары. Пэўны час працаваў там, пакуль не пазнаёміўся са сваім будучым шэфам: у яго свой рэстаран у гарах, і ён запрасіў нас з сябрам працаваць у якасці кухараў (я меў досвід гэтай працы ў Беларусі). Гэтая праца вельмі паўплывала на маю адаптацыю ў новай краіне і дала магчымасць падцягнуць польскую мову. Быў яшчэ адзін вельмі важны момант: я эміграваў разам з жонкай. Мы з ёй ужо разышліся, але тады, падчас пераезду і пачатку жыцця ў Польшчы, мы падтрымлівалі адзін аднаго. Было лягчэй.
— Як пачаўся твой музычны шлях і ці маеш нейкую музычную адукацыю?
— Я не маю аніякай музычнай адукацыі. Усяму вучыўся сам, на ўласным энтузіазме, а менавіта хіп-хопам пачаў займацца ў 2017 годзе. Пачалося ўсё з таго, што ў Беларусі я быў, шчыра кажучы, даволі вядомым палітычным і грамадзкім актывістам, але праз нейкі час мне гэта надакучыла і я злапаў выпаленне. Разам з тым я заўсёды быў зацікаўлены культурай праз песні Ляпісаў (Ляпис Трубецкой), Супербуллзаў (The Superbullz) і Дай Дарогу!, дзякуй чаму трапіў у адпаведнае асяроддзе і пазнаёміўся з мноствам беларускіх артыстаў і дзеячаў. Адным з іх быў паэт Віталь Рыжкоў. Калі я паказаў яму свае ўласныя вершы, ён сказаў: «Слухай, твае вершы нейкае г***о. А паспрабуй пісаць рэп!»
Ну, і ў выніку гэтая справа добра пайшла.
— Ты казаў, што жывеш у Познані. Якія там умовы для развіцця беларускай музыкі?
— Гэта быў таксама вельмі важны і дапамагаючы ў адаптацыі момант. Так склалася, што ў Познань прыехала вельмі шмат творчых людзей — пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, артыстаў. Таму ў Познані вельмі моцнае беларускае кам’юніці. Галоўным чынам яно сканцэнтравана вакол мясцовага бара «МЫ», дзе збіраюцца беларускія культурныя дзеячы. Для мяне гэта вырашаючы фактар, бо асімілявацца з польскай культурай я не хачу. Заўважыў, што як толькі я пачынаю гэта рабіць, жыццё адразу абставінамі вяртае мяне ў роднае. І так: я мару вярнуцца ў Беларусь.
— Наконт творчасці — колькі ў цябе ўжо трэкаў?
— Ох, у мяне ўжо даволі шмат трэкаў. Ёсць паўнавартасны альбом з васьмі песень. Плюс — 5-6 сінглаў на стрымінгавых пляцоўках, але акрамя гэтага я часам «заліваю» не выкладзенныя на SoundCloud «дэмкі», і калі лічыць іх, то агульна на дадзены момант 25-30 трэкаў я ўжо выдаў.
— Чым займаешся зараз?
— Літаральна нядаўна я даў свой першы сольны канцэрт у Познані. Для мяне гэта была перамога нейкага псіхалагічнага бар’еру, бо пасля пераезду з Беларусі я нідзе не выступаў. Гэты канцэрт у Познані быў у нейкім сэнсе такім «праверачным». Я напісаў шмат матэрыялу і хацеў паказаць яго людзям. Дарэчы датай канцэрту я выбраў 17-га траўня — гэта дзень народзінаў майго роднага брата, яму споўнілася 18 год. Акрамя музыкі, я з’яўляюся актывістам арганізацыі «Моладзевы Блок» — дапамагаю з мантажом відэа і іншым, але нейкай сталай працы не маю. Вучуся ва універсытэце — застаўся яшчэ год.
— Твае планы на бліжэйшую будучыню?
— Ну, на некалькі год цяжка штосці загадваць, але, напрыклад, тыдзень таму мы з Мікітай Бубашкіным (гурт Groove Dealers) і творчымі беларусамі зрабілі лэйбл, які займаецца развіццём беларускай музыкі (не толькі хіп-хопу) і культуры ўвогуле. Акрамя таго, падчас канцэрту я заўважыў, што шмат каму спадабалася мая музыка — таму зараз я раблю пэўныя крокі да таго, каб даць канцэрты ў Вільні, Варшаве, Гданьску і Берліне. Што датычыцца творчасці — трэк «Maładość» стаў стылістычна пераходным, бо раней я пісаў такі больш жорсткі рэп, а гэтая песня стала больш лірычнай, і далей я планую пісаць drum’n’bass.
Пасля атрымання дыплома працаваць па спецыяльнасці я не хачу. Буду займацца музыкай і развіццём беларускай культуры — чым, уласна кажучы, займаюся і зараз.