30 ліпеня ў Беластоку, у хабе «Новая зямля» ў Беластоку, адбылася сустрэча з Зянонам Пазняком. Разам са старшынёй партыі КХП-БНФ выступіў палітолаг Павел Усаў, а таксама камандзір Беластоцкай харугвы і прадстаўнік нацыяналістычнай арганізацыі «Рух» — абодва ананімна, з маскамі на тварах.
Зянон Пазняк распавёў пра агентуру ва Украіне і ЕС, тактыку «ланцуговай рэакцыі», вызваленне палітвязняў і анлайн-марафон «Нам не ўсё адно». Журналіст MOST пабываў на сустрэчы.
Пра рэпрэсіі
Выступ пачаўся з экскурса ў гісторыю. Палітык расказаў, як на пряцягу стагоддзяў беларусаў вынішчалі, і выказаў думку, что сённяшнія рэпрэсіі Лукашэнкі — гэта «працяг генацыду». Абгрунтаваў ён гэта так:
— Зараз кідаюць людзей у турмы, судзяць без закону, людзей у турмах катуюць, ствараюць ім невыносныя ўмовы, каб яны трацілі сваё здароўе. І яны альбо паміраюць у турме, альбо іх выпускаюць, ведаючы, што праз нейкі час чалавек памрэ. Дзясяткі людзей — мне гэта вядома — памерлі ў Беларусі пасля збіцця ў турме. Білі прафесіяналы. Людзі жылі некалькі месяцаў альбо год і паміралі. Гэта форма генацыду, павольнага забівання людзей.
Пра «Вагнер»
Пазняк пракаментаваў сітуацыю з ПВК «Вагнер», байцы якой прыбываюць у Беларусь і пагражаюць Польшчы. Ён называе гэта зменай акупацыйных кантынгентаў: выводзяцца рэгулярныя войскі і ўводзіцца банда Прыгожына, якая быццам бы не падпарадкоўваецца Пуціну.
— Гэта стратэгія, якую ажыццяўляе Пуцін. Ён зняў з сябе адказнасць за любыя дзеянні расейскай банды ў Беларусі. Калі яны зробяць правакацыю супраць Польшчы, Пуцін скажа: «А мы пры чым? Яны нам не падпарадкоўваюцца, яны ж выступалі супраць нас. У Лукашэнкі пытайце», — лічыць палітык.
Пра ядзерную зброю
Пазняк выказаўся і пра тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Ён падкрэслівае, што ёй можа распарадзіцца любы генерал. Па яго словах, у адрозненні ад стратэгічных ракет у гэтым выпадку ўсё робіцца не праз націсканне кнопкі Пуціным, а праз загад з Масквы, якога можна і не паслухацца.
— І калі нешта здарыцца, Пуцін скажа: «А мы пры чым? Гэта Лукашэнка. Мы яму перадалі гэтую зброю». Усё, што зараз вытвараецца над нашым народам, над нашай краінай, — гэта гнюсная імперская палітыка на знішчэнне нашых людзей, — падкрэсліў старшыня КХП-БНФ.
Пра падполле
Зянон Пазняк адзначыў, што яго людзі ёсць у Беларусі. Яны абмяркоўваюць паміж сабой пытанні; калі могуць, здабываюць зброю. Але яны праводзяць дзейнасць, выкарыстоўваючы тактыку «ланцуговай рэакцыі», калі пра кантакты двух чалавек трэці не ведае.
— Гэта значыць, што не ствараецца вертыкальная структура, а толькі гарызантальная. Паверце, што гэта працуе. У 1960-х гадах мы так рабілі будучы студэнтамі, і КДБ нічога не мог зрабіць. Мы распаўсюджвалі культуру такім чынам. Чаму такая тактыка? Бо нельга, каб былі правалы. Зараз час, калі беларусы назапашчваюць веды, салідарнасць, адзінства, зброю. Яны павінны ператрываць, іх не павінны справакаваць. Не так, што яны паднялі галаву — і іх тут жа знішчылі. Гэта вайна, — падкрэслў Пазняк.
Палітык упэўнены, што менавіта народ у Беларусі — тыя, хто звольніць краіну. А беларусы, якія за мяжой, мусяць ім дапамагаць усімі сіламі. А таксама — украінцам у іх вайне з Расіяй і беларускім падраздзяленням, у тым ліку Палку Каліноўскага.
Пра агентуру ў СБУ і Еўропе
Зянон Пазняк не забыўся нагадаць і пра агентуру. На гэтай сустрэчы ён абвінаваціў у залежнасці ад ФСБ украінскіх контрразведчыкаў і еўрапейскіх палітыкаў.
— Расейская агентура вельмі моцная ў Еўропе. Увесь так званы расейскі бізнес — гэта агенты ФСБ. I гэта не перабольшванне, гэта так ёсць. І яны маюць вельмі вялікі ўплыў на палітычныя структуры, мільёны і мільярды трацяцца на подкуп еўрапейскіх палітыкаў. СБУ амаль поўнасцю пад уплывам ФСБ. Карупцыя там велізарнейшая. І кіраўніцтва Украіны проста не спраўляецца з гэтым, — абурыўся палітык.
Старшыня КХП-БНФ выказаў упэўненасць, што спробы абвінаваціць беларусаў у тым, што яны агрэсары, павесіць адказнасць за акупацыю, вызваць нянавісць украінцаў — гэта таксама праца агентуры.
Пра дапамогу палітвязням
Гаворачы пра палітвязняў, Пазняк адзначыў, што яшчэ год таму была магчымасць вызваліць іх у абмен на адмену санкцый. Але зараз эканоміка Беларусі прыстасавалася да абмежаванняў, і рэжым не пойдзе на гэтую здзелку.
— Трэба прымаць рашучыя і тэрміновыя меры. Калі Захад здолее гэта зрабіць, тады будзе магчымасць. Але і мы мусім не чакаць, а пастаянна ставіць гэтае пытанне: што ідзе генацыд, што гэта не палітвязні, а палонныя, што іх хапаюць на вуліцах. Мы павінны вымусіць Захад абмяркоўваць наш боль, нашую праблему.
Палітык пахваліў ідэю анлайн-марафона «Нам не ўсё адно», які ладзіўся 29 ліпеня ў падтрымку палітвязняў. Ён лічыць, што любая ініцыятыва, якая звяртае ўвагу на становішча палітычных палонных у Беларусі, мае быць.
— Што атрымаецца з гэтай ініцыятывы, я не ведаю. Але першы яе этап ужо спрацаваў.