Адна з адметных рыс сучаснай беларускай літаратуры — тое, што значная частка яе прадстаўнікоў больш запатрабаваная за межамі краіны, чым у самой Беларусі. Многія літаратары жывуць, друкуюцца і атрымліваюць узнагароды менавіта за мяжой.
MOST склаў спіс з пяці сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы якіх перакладаліся на найбольшую колькасць моў.
Святлана Алексіевіч
Святлана Алексіевіч — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год і, напэўна, самая знакамітая сучасная беларуская пісьменніца ў свеце. Асноўны напрамак яе творчасці — мастацка-дакументальная проза. Усе кнігі Алексіевіч заснаваныя на інтэрв’ю з людзьмі, якія былі сведкамі нейкіх падзей. Апроч гэтага, Алексіевіч — сцэнарыстка i аўтарка п’ес. Яе творы перакладзеныя на англійскую, французскую, шведскую, чэшскую, нямецкую, польскую, нарвежскую, грузінскую, кітайскую і іншыя мовы. Кнігі Святланы Алексіевіч выдаваліся як мінімум у 19 краінах, а агульны наклад замежных выданняў «Чарнобыльскай малітвы» склаў больш за 4 мільёны асобнікаў. Пісьменніца піша выключна на рускай мове, але ўсе яе самыя знакамітыя творы перакладзеныя і на беларускую.
Нягледзячы на сусветную папулярнасць, кнігі Алексіевіч не выдаваліся беларускімі дзяржаўнымі выдавецтвамі пачынаючы с 1993 года. За гэты час у Беларусі выйшлі толькі «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд», выдадзеныя прыватнымі кампаніямі. А ў 2021 годзе твор пісьменніцы «Апошнія сведкі» быў выключаны са школьнай праграмы беларускім Міністэрствам адукацыі.
Што варта пачытаць: «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «У вайны не жаночае аблічча».
Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч — пісьменнік і перакладчык з нямецкай мовы, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ» сярэдзіны 1990-х. Кнігі Бахарэвіча выдаваліся ў Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Францыі. Яго творы перакладаліся на англійскую, французскую, нямецкую, чэшскую, украінскую, балгарскую, славенскую, рускую, польскую, літоўскую мовы.
Адзін з самых знакамітых раманаў Бахарэвіча — антыўтопія «Сабакі Эўропы», дзе аўтар разважае аб чалавечай і нацыянальнай адзіноце, дыктатуры слова і дзяржаве, якой не патрэбнае мінулае. У 2019 годзе кніга выйшла на рускай мове і адразу трапіла ў шорт-ліст прэміі «Большая книга». Пераклад аўтар зрабіў сам, фактычна перапісаўшы раман нанова. У 2022 годзе кніга «Сабакі Эўропы», паводле рашэння суда Мінскага раёна, трапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і, такім чынам, стала першым беларускім мастацкім творам, прызнаным экстрэмісцкім.
Што варта пачытаць: «Сабакі Эўропы», «Мае дзевяностыя», «Дзеці Аліндаркі», «Сарока на шыбеніцы».
Саша Філіпенка
Саша Філіпенка — пісьменнік, журналіст, аўтар раманаў, п’ес і апавяданняў. Раманы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы (хутка будзе карэйскі пераклад). Спектаклі паводле яго твораў ставіліся ў Берліне, Вільні, Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбургу. Раманы пісьменніка будуюцца на розным матэрыяле, але ўсе творы аб’ядноўваюць востры сюжэт, нечаканыя хады, дакументальная аснова і непрадказальная развязка. У 2024 годзе апошні раман Філіпенкі «Крэмулятар», заснаваны на рэальных дакументах следчай справы супраць дырэктара маскоўскага крэматорыя, атрымаў прэстыжную прэмію французскага літаратурнага часопіса Transfuge у намінацыі «Лепшы еўрапейскі раман».
Што варта пачытаць: «Вяртанне ў астрог», «Крэмулятар», «Былы сын», «Чырвоны крыж».
Уладзімір Арлоў
Уладзімір Арлоў — майстар гістарычнай прозы, паэт, сцэнарыст навукова-дакументальных фільмаў, аўтар гістарычных нарысаў і эсэ. У літаратурным сэнсе Арлова можна назваць спадкаемцам Уладзіміра Караткевіча. Яго творы перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, шведскую, чэшскую, украінскую, венгерскую, французскую, румынскую, рускую, эстонскую, літоўскую, латышскую, славацкую, грузінскую ды іншыя мовы. Знакамітае эсэ Арлова «Незалежнасць — гэта…», напісанае ў 1990 годзе перакладзенае больш чым на 25 моў свету. Але сам літаратар прызнаецца, што марыць, каб яно, нарэшце, страціла актуальнасць.
Што варта пачытаць: «Ордэн белай мышы», «Таямніцы полацкай гісторыі», «Час чумы», «Адкуль наш род», «Незалежнасць — гэта…».