Саша Філіпенка — рускамоўны беларускі пісьменнік і пры гэтым адзін з тых аўтараў нашай краіны, якіх найчасцей перакладаюць на іншыя мовы. Яго кнігі можна пачытаць на 15 мовах, нават на такіх, як харвацкая, венгерская, тайская і турэцкая. Але да гэтага часу не было ніводнага перакладу на беларускую. І вось дзякуючы выдавецтву Gutenberg Publisher вясной 2024 года па-беларуску выйшлі два раманы пісьменніка: «Былы сын» і «Крэмулятар». Напісаны 10 гадоў таму, першы раман, на жаль, актуальны і сёння.
Саша Філіпенка расказаў MOST пра «Былога сына» і пратэсты 2010 года, працу над перакладам і адносіны да розных моў, а таксама пра тое, ці не збіраецца ён пачаць пісаць па-беларуску.
«Гэта добра для аўтара, калі твор праз 10 гадоў усё яшчэ актуальны, але для грамадзяніна гэта цяжка»
Невялікі па аб’ёме (220 старонак) раман «Былы сын» выйшаў у 2014 годзе. Гэта дэбютная праца Сашы Філіпенкі як пісьменніка. Кніга расказвае пра хлопца Францыска, які пацярпеў у цісканіне на Нямізе ў 1999 годзе і 10 гадоў праляжаў у коме, а калі ачуняў, то зразумеў, што ўвесь гэты час краіна знаходзілася ў такім жа стане, як і ён.
— Ідэя напісаць кнігу ў мяне ўзнікла пасля таго, як я быў на пратэстах 2010 года. У мяне і раней было адчуванне, што ўся Беларусь ляжыць у коме, але ў той час яно неяк сфарміравалася, да мяне прыйшло разуменне, што я адчуваю сябе былым сынам сваёй краіны, былым сынам сваёй сям’і.
Напэўна, праз тыдзень ці два пасля «Плошчы» я пачаў пісаць. І два-тры гады пісаў. Гэта быў мой першы раман, і таму, канешне, былі цяжкасці, бо ты не ведаеш, як гэта рабіць, не ведаеш, што лепш. Гэта быў пошук сваёй мовы, пошук таго, як ты пішаш. Я думаю, што ў гэтым сэнсе былі цяжкасці, як і ў любога іншага маладога аўтара.
Гэта раман пра тое, як людзі адчуваюць сябе былымі сынамі сваёй краіны, пра тое, што адбывалася з усімі намі з канца 1990-х да 2010-х. Пра тое, што нічога не змянілася, што краіна ляжыць у коме. Мне падаецца, што гэта актуальна і цяпер: усё тое ж самае адбываецца ў Беларусі і цяпер. Я неяк пісаў, што гэта добра для мяне як аўтара, што твор праз 10 гадоў усё яшчэ актуальны, але як для грамадзяніна гэта цяжка.
«У майго сына ёсць забава: ён любіць чытаць дрэнныя водгукі на мае кніжкі, вельмі з гэтага ўгарае»
Раман «Былы сын» упершыню выйшаў у расійскім выдавецтве «Время». Амаль адразу твор атрымаў сваю першую прэмію — «Рускую прэмію» для аўтараў, якія жывуць па-за межамі Расіі. Саша Філіпенка кажа, што спачатку прапаноўваў надрукаваць кнігу ў Беларусі, але нават тыя выдаўцы, што называлі сябе ліберальнымі, адмаўляліся.
— Яны казалі, што гэта кніжка нікому ў Беларусі не патрэбная, што я нічога не разумею. Напрыклад, у рамане ёсць урывак, калі дзеці гуляюць у разгон дэманстрацыі: дзеляцца на амапаўцаў і пратэстоўцаў. І мне казалі, што такога ў Беларусі ніколі не будзе, што я нічога не разумею пра Беларусь, што я «сгущаю краски».
І вось пасля 2020 года мы ўсе бачылі ў YouTube ролікі, як дзеці гуляюць у такія гульні. Бо дзеці заўсёды гуляюць у тое, чым займаюцца дарослыя. І гэта было няцяжка сабе ўявіць у 2010 годзе, калі я пісаў, што ўсё гэта будзе.
Пасля выхаду рамана былі розныя водгукі. Мне падаецца, што, як і з любой іншай кнігай, ёсць людзі, якія кажуць, што гэта добрая кніга, ёсць людзі, якія кажуць, што гэта дрэнная кніга і нікому яна не патрэбная. У гэтым сэнсе не было нічога, чаго не бывае з іншымі кнігамі.
Калі твой твор атрымлівае нейкія прэміі, то заўсёды адразу ідзе першая хваля добрых водгукаў. А потым заўсёды ідзе хваля дрэнных, ці водгукаў, якія, напрыклад, тлумачаць, чаму не трэба было гэтай кніжцы даваць прэмію.
У майго сына ёсць забава. Калі мы з ім вандруем, ён любіць у цягніку адкрыць нейкі літаратурны сайт і чытаць дрэнныя водгукі на мае кніжкі, з адной зоркай. Ён вельмі з гэтага ўгарае. Там заўсёды нешта пра тое, што гэта ліберальная проза, Захад дае грошы і гэтак далей.
«Мне ўсё роўна, на якой мове вы размаўляеце»
Саша Філіпенка зараз у Швейцарыі. А да 2020 года жыў і працаваў у Расіі, займаўся журналістыкай, у тым ліку на тэлеканале «Дождь», дзе вёў сваё шоу. Пісьменнік адзначае, што там ён мог «рабіць тое, што немагчыма было ўявіць у Беларусі». Таксама аўтар падкрэслівае, што ў той час было важна ўплываць на Расію, «прасоўваць беларускія тэмы».
— Аднак тое, што Расія рухаецца не ў той бок, мне стала зразумела ўжо ў 2014 годзе, калі я працаваў на «Дожде». І мы распавядалі пра гэта, пра тое, куды коціцца Расія. Але калі мы пра гэта распавядалі, нам усе казалі, што мы алармісты.
Так, пасля пачатку вайны расійская мова стала таксічнай. Але для мяне мова — гэта сродак камунікацыі. А не нешта лепшае ці не лепшае. Няма розніцы паміж польскай, рускай, беларускай.
У Беларусі шмат людзей размаўляюць па-руску, і пры гэтым яны не лічаць сябе расейцамі. Я ніколі не лічыў сябе расейцам. Я заўсёды быў інтэрнацыяналістам, мне ўсё роўна, на якой мове вы размаўляеце. Важна тое, што вы робіце для сваёй краіны.
Так склалася, што ў нас ёсць дзве мовы. І так сталася, што адна з іх амаль знішчаная. Так, трэба нешта рабіць, каб у Беларусі статус беларускай мовы быў такі ж, як і ў рускай. Ёсць вельмі зразумелыя крокі падтрымкі.
Я вось зараз прачытаў свае творы разам з перакладчыкам на беларускай мове. І я разумею, што я не магу так пісаць. У мяне няма магчымасцяў пісаць на беларускай мове так, як я магу пісаць на рускай. Мне падаецца, што трэба пачынаць пісаць на беларускай мове, калі ты адчуваеш у сабе моц пісаць на гэтай мове.
«Мае новыя творы, магчыма, спачатку мы будзем друкаваць на беларускай мове»
Праца над беларускамоўнымі выданнямі рамана «Былы сын» і «Крэмулятар» ішла некалькі гадоў. І па словах Сашы Філіпенкі, адной з перашкод зноў сталі беларускія выдавецтвы, якія не хацелі друкаваць гэтыя кнігі.
— Выдаўцы, якія шмат распавядаюць пра тое, як важна нешта пісаць і друкаваць на беларускай мове, адмаўляліся ад выдання. Яны казалі, што ўсе ўжо прачыталі гэтую кніжку па-руску і ніхто яе не будзе чытаць на беларускай. Таму мы шукалі свайго выдаўца. І цяпер — ужо ў першыя тыдні пасля выхаду кнігі — мы бачым, што тыя выдаўцы памыляліся.
Мы працавалі над перакладам разам з выдаўцом і з перакладчыкам. На жаль, пра перакладчыка мы пакуль нічога не можам расказваць — з меркаванняў яго бяспекі. Пераклад мне вельмі спадабаўся. Мне падаецца, што вялікая праца зроблена, і рэдактура добрая. І па тых водгуках, якія мы атрымліваем, мне падаецца, што ў нас атрымалася.
У розных перакладчыкаў розныя стратэгіі, яны па-рознаму працуюць. Некаторыя наогул не задаюць ніякія пытанні, аўтар проста аднойчы даведваецца: ну ўсё, пераклад выйшаў. А ёсць перакладчыкі, якія ўвесь час задаюць нейкія пытанні.
У нас было нешта пасярэдзіне. Былі пытанні, адказы, былі моманты, калі я не згаджаўся. Але гэта творчы працэс: ты распавядаеш, чаму не згаджаешся і што мы павінны з гэтым зрабіць. І дзякуй богу, што выдавец усё добра разумее.
Мы запланавалі, што ўсе мае кнігі выйдуць па-беларуску: магчыма наступнай будзе «Чырвоны крыж». Ці гэта атрымаецца, я цяпер не ведаю. Мне падаецца, выдавец павінен зараз пабачыць, як у яго ідзе продаж «Былога сына» і «Крэмулятара». У выдаўцоў жа ёсць нейкія эканамічныя прычыны нешта рабіць ці не рабіць. І яны ўжо будуць далей вырашаць: патрэбны ім Філіпенка ці не патрэбны. Але падаецца, што ў гэтым плане там усё добра.
А яшчэ калі ў мяне будуць выходзіць новыя творы, магчыма, што спачатку мы будзем іх друкаваць на беларускай мове, каб больш людзей спачатку прачытала іх па-беларуску і каб падтрымаць беларускую мову. А ўжо потым на рускай мове. Гэта тое, што, як мне падаецца, важна рабіць.