Некаторы называюць гаворку карэннага насельніцтва Падляшша беларускімі дыялектамі, а некаторыя — украінскімі. Але ёсць людзі якія лічаць, што гэта асобная мова — падляшская. 20 гадоў таму для яе быў распрацаваны літаратурны стандарт. Гэта зрабіў падляшскі беларус, журналіст, перакладчык і літаратар Ян Максімюк.
Ці сапраўды падляшская мова — асобная? Ці праўда, што яна больш за беларускую падобная да мовы Вялікага Княства Літоўскага? І ці з’явіцца некалі падляшская нацыя? Пра гэта MOST запытаўся ў Яна Максімюка.
Што гэта за падляшская мова і як з’явіўся яе літаратурны стандарт?
Ян Максімюк вырашыў стварыць літаратурны стандарт падляшскай мовы пасля таго, як азнаёміўся з вынікамі польскага перапісу насельніцтва 2002 года. Выявілася, што беларусамі сябе лічаць 46 тыс. жыхароў Падляшша, з іх 86% заявілі, што дома размаўляюць па-беларуску.
Але аказалася, што з тых 86% толькі 17% жывуць у гмінах, дзе гаворкі маюць адназначныя беларускія рысы: дзеканне, цеканне, яканне, аканне. Астатнія 69%, насамрэч, размаўлялі «по-своёму».
— І тады я зразумеў, што трыванне беларускай этнічнай свядомасці на Падляшшы самым непасрэдным чынам звязваецца з жывучасцю падляшскіх гаворак po-svojomu, — дзеліцца высновамі Ян Максімюк. — Калі знікнуць гэтыя гаворкі, знікне і пачуццё беларускай этнічнай адасобленасці.
Падляшскія небеларускія гаворкі між Нарвай і Бугам можна падзяліць на два дыялектныя арэалы, якія суразмоўца ўмоўна называе бельска-сямятыцкім і арлянска-дубіцкім. На гаворках бельска-сямятыцкага арэалу раней з’явіліся ў друку цікавыя і вартасныя тэксты — паэзія Зоі Сачко, вершы і проза Віктара Стахвюка, гістарычная і этнаграфічная публіцыстыка Дарафея Фіёніка.
У арэале бельска-сямятыцкага дыялекту знаходзяцца гарады Бельск, Гайнаўка і Сямятычы, у ім пражываюць прыблізна дзве траціны носьбітаў падляшскіх гаворак.
— Гэтай літаратурнай мове ў 2005 годзе я надаў назву падляшская. Назва за апошнія два дзесяцігоддзі больш-менш прыжылася ў свядомасці пэўнай часткі грамадства: на прэзентацыях нашых з жонкай кніжак па-падляшску, якія мы правялі на Падляшшы ў траўні сёлета, шмат хто з чытачоў называў гэтую мову «нашай падляшскай мовай».
Можа, гэта ўсё ж украінская альбо беларуская мова? Што кажуць самі носьбіты?
Украінскія мовазнаўцы адназначна адносяць падляшскія гаворкі да ўкраінскай мовы. Беларускія спецыялісты асцярожнічаюць і гавораць пра «ўкраінскія рысы». Ян Максімюк, адзначае, што гэта ніяк не ўплывае на развіццё падляшскага літаратурнага стандарту, і прыводзіць у прыклад Францішка Багушэвіча, які таксама не звяртаў увагі на тое, што ў яго час беларускія гаворкі называлі «наречием великорусскаго языка».
— Аддзяленне новай мікрамовы ад акадэмічна прызнанай макрамовы — гэта заўсёды акт моўнага самаўсведамлення або, калі хочаце, акт моўнага адшчапенства, з якім прафесійныя мовазнаўцы раней ці пазней мусяць змірыцца, — упэўнены энтузіяст падляшскай мовы.
Носьбіты падляшскіх гаворак і сёння нефармальна акрэсліваюць сваю хатнюю мову прыслоўямі po-svojomu і po-našomu. Людзі самых старых пакаленняў могуць яшчэ сказаць, што дома яны размаўляюць po-ruśku.
— Калі ў вас пытаюцца пра хатнюю мову ў перапісах насельніцтва, дык там трэба падаць фармальную назву, — расказвае Ян Максімюк. — У залежнасці ад этнічнай самаідэнтыфікацыі чалавека ў рубрыцы «мова» яму запісваюць «беларуская», «польская» або «ўкраінская». Хоць усе: і перапісаныя, і перапісчыкі — выдатна разумеюць, што хатняя мова po-svojomu — гэта не беларуская, не ўкраінская і тым больш не польская.
У перапісе 2011 года, калі мая цешча сказала перапісчыку, што дома яна з дочкамі гаворыць па-падляшску, перапісчык адказаў ёй, што такой мовы няма, і запісаў «беларуская».
Ці ёсць граматыка і слоўнік падляшскай мовы?
Граматыку падляшскай мовы можна вывучаць на сайце svoja.org. Даведацца пра правапіс і марфалогію таксама можна з кнігі Яна Максімюка “Čom ne po-svojomu?”. Аўтар упэўнены, што менавіта цікаўнасць людзей да гэтай кнігі і паказала, што «падляшская мікрамова — гэта не прыдумка ці прыхамаць аднаго дзівака, а нешта, што ў славянскім моўным пейзажы трэба ўзяць пад увагу зусім сур’ёзна».
— Праз месяц мае з’явіцца «Pisownia i gramatyka języka podlaskiego. Poradnik popularny», — працягвае Ян Максімюк. — У кнізе будзе апісвацца і тлумачыцца прапанаваны мною гадоў дваццаць таму падляшскі правапіс на аснове беларускай лацінкі ды ўсё патрэбнае для таго, каб правільна і прыгожа гаварыць і пісаць па-падляшску.
Існуюць спісы і слоўнікі падляшскіх слоў, якія ў XX стагоддзі склалі мовазнаўцы. Таксама існуе пісьменства на падляшскай мове.
Праз два гады Ян плануе закончыць польска-падляшскі слоўнік, разлічаны на 40 тыс. слоўных артыкулаў. А ў гэтым годзе з’явяцца таксама аўдыёзапісы падляшскіх кніжак для дзяцей і дарослых.
З’яўляюцца ў падляшскай мове і новыя словы.
— Пра моўныя наватворы я вам не скажу нічога сенсацыйнага. У кожнай мове існуюць свае словаўтваральныя мадэлі. Яны дазваляюць утварыць большасць слоў, якіх няма ў народных гаворках, але якія патрэбныя ў мастацкай ці спецыяльнай літаратуры. Словы са сферы навукі і тэхналогіі наогул інтэрнацыянальныя.
Цікава, што першымі на падляшскую мову звярнулі ўвагу лінгвісты з Захаду. Ян успамінае, як у 2011 годзе на лінгвістычнай канферэнцыі ў Канадзе ўпершыню ў навуковых колах заявіў пра існаванне падляшскай мовы. Таксама ён выступаў у Славакіі, Японіі, Шатландыі.
Хтосьці пісаў па-падляшску да Максімюка? Можа, ёсць запісы часоў Купалы ці нават ВКЛ?
Па словах Яна Максімюка, падляшская мова больш архаічная, чым беларуская ці ўкраінская, таму можна сказаць, што «яна ў нейкім істотным, хоць і няўлоўным сэнсе бліжэйшая да мовы ВКЛ, не толькі лексікай, але і сваёй фанетыкай ды марфалагічным ладам».
І хоць энтузіяст падляшскай мовы «не ўзяўся б абараняць гэткі тэзіс на мовазнаўчай канферэнцыі», ён лічыць, што ў падляшскіх гаворках, напрыклад, канчаткі інфінітываў -ті, а таксама дыфтонгі [ô] і [iê/ê] з’яўляюцца вынікам незавершанай трансфармацыі стараславянскіх рэдукаваных ераў (ъ) і галоснай яць (ѣ).
Яшчэ адна архаічная рыса — наяўнасць парнага ліку.
— Але ніякіх сістэмных спроб кадыфікацыі правапісу не было, — прызнае Максімюк. — У ХХ стагоддзі людзі пісалі po-svojomu так, як самі лічылі правільным і зразумелым. У такіх пісьменнікаў, як Зоя Сачко ці Віктар Стахвюк, якія маюць філалагічную адукацыю, запіс быў, так бы мовіць, больш пісьменны і паслядоўны.
На пачатку ХХ стагоддзя вершы на падляшскай мове пісаў Мікола Янчук, выдатны фалькларыст, этнограф і пісьменнік. У 1918 годзе ён нават адрасаваў верш Янку Купалу. У ім Янчук кажа:
А Пудлясе і Русь Біела,
Як дьвіе сэстры руодны,
Мов одного члонкі тіела,
Былі б завшэ згуодны.
Неверагодна, але верш, які з’явіўся 100 гадоў таму, напісаны на амаль чысцюсенькай падляшскай мове паводле «стандарту Максімюка». Зразумела, што арыгінальны тэкст быў у кірылічным афармленні, а дыфтонгі пазначаліся дзвюма галоснымі з дужкай над імі.
Раз існуе падляшская мова, значыць, ёсць і падляшскі народ?
Ян Максімюк лічыць, што з беларускім рухам на Падляшшы адбылася катастрофа з-за яго «дрымучай кансерватыўнасці і інтэлектуальнай інертнасці». За апошнія 20 гадоў колькасць тых, хто называе сябе беларусамі, скарацілася ў два разы. І віной гэтаму Ян называе тое, што «асветніцка-культруны мэсэдж» ідзе выключна на літаратурнай беларускай мове і не трапляе да тых, каму адрасуецца.
— Пераважная большасць падляшскіх беларусаў гаворыць на падляшскіх гаворках, — тлумачыць Максімюк, — і спыніць асіміляцыю можна толькі адным чынам — увесці падляшскую мову ў публічнае жыццё і ў медыя на роўных правах з беларускай літаратурнай. Пачаць гаварыць на радыё ці пісаць у газеце па-падляшску можна адразу, на другі дзень пасля прыняцця такой пастановы. Для гэтага патрабуецца толькі невялікая рэвалюцыя ў мазгах: трэба ментальна пакінуць XIX стагоддзе і перайсці ў XXI, дзе этнічную ідэнтычнасць перастала вызначаць выключна адна мова.
Трэба разумець, што парадыгма «якая мова — такая нацыя (нацыянальнасць, этнічнасць), і наадварот», засталася ў XIX стагоддзі, калі ствараліся мадэрнавыя нацыі Еўропы. Сёння нацыі стварае і мацуе не этнічны нацыяналізм, а грамадзянскі, як правіла, шматмоўны. Адмаўляць існаванне падляшскай мовы на той падставе, што няма такой нацыі (ці этнасу), як падляшы (падлешукі) — гэта цемрашальства.
Некаторыя падляшскамоўныя ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, некаторыя — украінцамі, а некаторыя — палякамі. Існуе таксама вялікая частка падляшскамоўных, якім ніякая этнічная ідэнтыфікацыя не патрэбная — ім хапае ідэнтыфікацыі праваслаўным веравызнаннем і мовай po-svojomu.
Сябе Ян ідэнтыфікуе як беларуса «падляшскага разліву» і кажа, што ніколі не ідэнтыфікаваў сябе іначай.
Ці можна пачуць і пабачыць падляшскую мову ў СМІ? Ці ёсць хоць нейкі кантэнт на ёй?
Ян Максімюк абураецца тым, што падляшскай мовы амаль няма ў СМІ, якія працуюць для нацыянальнай меншасці Падляшша. Ён падкрэслівае, што калі эліта не гаворыць на мове народа і лічыць яе прымітыўнай, то мова забываецца, а людзі пераходзяць « на культурную мову».
— Але культурная мова для падляшоў — гэта польская мова, — заўважае Максімюк. — Я пражыў 66 гадоў і ніколі не чуў, каб хто-небудзь з мясцовых у Бельску або Гайнаўцы, не кажучы пра Орлю, Дубічы ці Кляшчэлі, загаварыў там на літаратурнай беларускай мове.
Зараз падляшская мова ёсць у СМІ і сацсетках, але яе выкарыстанне вельмі лімітаванае. Напрыклад, раз на месяц беластоцкае радыё ў беларускай праграме «Пад знакам Пагоні» стварае 15-хвілінную перадачу. У Facebook ёсць дзве старонкі: Hovorym po svojomu! і Howorymo po swojomu. Апошняя мае больш за 15 тыс. падпісчыкаў, пераважна маладых.
Падляшскай мове трэба даць статус рэгіянальнай? Якая наогул у яе будучыня?
Ян Максімюк не лічыць рэальнай магчымасць надання падляшскай мове нейкага статусу. Ён адзначае, што кашубы змагаліся за гэта на працягу 100 гадоў. Сілезская мова таксама толькі нядаўна атрымала статус рэгіянальнай мовы.
— Наша сітуацыя зусім іншая. Калі з Варшавы не прыедзе «пан» і не скажа, што і як рабіць, то самі беларусы не зварухнуцца. Але скажу так: у гэтай амаль суцэльнай цемры будучыня падляшскай мовы настолькі светлая, наколькі гэта магчыма. Калі каму ўзбрыдзе ў галаву думка адрадзіць падляшскую мову праз 100 гадоў, дык з граматыкай, слоўнікам і аўдыёзапісамі гэта будзе нескладана.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.