Ілона Карпюк — адна з тых, хто развівае ў Польшчы беларускую культуру. Спявачка і сустваральніца праекта Ilo & Friends, які спалучае сучасную электра-акустычную музыку з беларускай лірыкай, Ілона называе сябе «аніматаркай культуры». У мінулым яна была арганізатаркай фэсту «Басовішча» і журналісткай беларускамоўнага штотыднёвіка «Ніва», які выдаецца ў Польшчы для прадстаўнікоў беларускай меншасці. А зараз яна працуе намесніцай дырэктара Цэнтра Беларускай Культуры ў Беластоку.
Нарадзілася Ілона Карпюк у Гайнаўцы, якую называюць самым беларускім горадам Польшчы і дзе дагэтуль працуе беларускі ліцэй.
Журналіст MOST пагутарыў з Ілонай пра тое, навошта спяваць па-беларуску ў Польшчы і як захаваць беларускую культуру ва ўмовах, калі вакол лічаць, што з беларускага боку ідзе пагроза.
«У дэканаце былі ў шоку»
— Калі ты ўпершыню пачула беларускую мову?
— З дзяцінства чула, хоць бацькі з дзецьмі дома стараліся размаўляць па-польску. Гэта была паўсюдная практыка сярод беларусаў — каб дзецям у школе было прасцей. Гэта было цікава, бо калі бацькі ішлі да суседзяў, то з імі размаўлялі па-беларуску, а з намі, дзецьмі, — па-польску. З кірыліцай і літаратурай пачала знаёміцца ўсур’ёз з сёмага класа. Пасля працяг быў у гайнаўскім беларускім ліцэі.
Дарэчы, на мяжы 1980-90-х вазілі ў Гродна і Ваўкавыск джынсы на продаж — на базар. І я абсалютна не памятаю, на якой мове мы тады размаўлялі… Шчыра кажучы, у той час засвойвала кірыліцу.
А пад Зэльвай у нас былі сваякі па прадзедзе, пра што я даведалася ў дарослым жыцці. Прадзед застаўся тут, на ўскрайку Белавежскай пушчы, а яго сваякі — пад Зэльвай, сёння гэта Беларусь.
— Беларускі ліцэй у Гайнаўцы паўплываў на фарміраванне беларускай свядомасці?
— Калі ў мяне пыталіся, ці не хачу я ў ліцэй у Беластоку, я казала: «Не! Тут у нас свая мова і свой ліцэй!» Для мяне гэта было важна. У нас там быў Клуб беларускіх спраў, ездзілі на этнаграфічныя летнікі, хадзілі па вёсках ад хаты да хаты, запісвалі лакальную гісторыю, успаміны пра бежанства 1915 года. Яшчэ былі жывыя людзі, якія гэта памяталі. Шкада, мы нават не пыталіся пра падзеі 1945-46 гадоў, калі беларусаў тут забівалі, бо самі не ведалі, што так было… А людзі маўчалі.
Тады яшчэ не думала звязваць свой лёс з беларускай культурай. Хацела стаць урачом, таму вучыла біялогію. Але сталася па-іншаму.
Пасля была вучоба ў Варшаве і БАС — Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Ведаеш, зараз усе выязджаюць праз «Эразмусы» за мяжу, а тады была праграма «Мост» — можна было на адзін семестр паехаць у іншую ВНУ па ўсёй Польшчы. І я вырашыла з Варшавы паехаць у Беласток (смяецца). У дэканаце былі ў шоку. А я так захацела, бо ў Беластоку — беларускія справы, цягнула сюды.
— А як іншыя ліцэісты ды моладзь ставіліся да беларускіх спраў? Ці не глядзелі як на нейкае дзіва?
— Гэта было нормай: 25 сакавіка ў нас штогод былі мерапрыемствы — увесь ліцэй урачыста там быў. Ніхто не казаў «гэта дзіўна» ці «не маё», хаця і ніхто не патрабаваў гучных дэкларацый — хто ты. І гэта давала прастору для самастойнага думання. Пра сцяг, напрыклад, ніколі не было дыскусіі: бел-чырвона-белы — сімвал Беларусі і наш школьны атрыбут.
«Мы — дыназаўры беларускай музыкі»
— А як ты ўвайшла ў музычныя справы?
— Яшчэ ў ліцэі ў нас быў дзявочы гурт «Знічка». Я там спявала, а пасля аказалася, што ў школе ёсць падараваныя ЗША інструменты. Так сфармаваўся гурт «Гоман». Выступалі для сяброў, у школе, на гарадскіх мерапрыемствах. Дзякуючы Лукашу Сцепанюку («Стэпу») на студыі «Радыё Рацыя» запісалі касету. Далей у кожным гурце, у якім брала ўдзел, неяк накідвала беларускую мову. І запісала некалькі дуэтаў з беларускімі гуртамі, між іншым са «Сцяной», Relikt, The Glitchhh, з Юрыем Несцярэнкам.
Гурту Ilo & Friends у наступным годзе будзе ўжо 20 гадоў. Мы ўжо дыназаўры беларускай музыкі (смяецца). Дагэтуль трымаемся разам, і надалей хочацца ствараць. Раней найкаштоўнейшымі былі акурат жывыя канцэрты, не запісы. Бо можна было сустрэцца з людзьмі, камунікаваць.
— А чаму па-беларуску? Наўрад ці ў Польшчы можна было разлічваць на музычную кар’еру з беларускай мовай…
— Мова для мяне акурат была матывацыяй. У гурце 5set5 я пісала яшчэ ў студэнцкія часы тэксты па-беларуску, але, вядома, на не зусім літаратурнай мове. Націскі, акцэнты — мясцовыя. Пасля ўжо падумала, што лепш карыстацца тэкстамі Караткевіча, Сыса і гэтак далей. Канешне, у калектывах былі дыскусіі: «А можа, па-англійску?» Але свая стыхія перамагла (смяецца).
Не было ніколі разліку рабіць вялікую кар’еру і зарабляць на гэтым вялікія грошы. Прыярытэтам было рабіць тое, што табе блізка. Мы ж выраслі на «Басовішчы» і ведалі, што раз на год са сцэны там можна будзе выступіць — спяваць для сваіх па-свойму. Робіш нешта, што табе блізкае, а не цераз сілу па-польску ці па-англійску, бо ёсць нейкі там музычны рынак і хочаш здабыць аўдыторыю ў Познані ці Галандыі.
«Нарэшце я магу зразумець, пра што вы спяваеце!»
— А якая аўдыторыя ў Ilo & Friends? Беларусы Падляшша, беларусы з Беларусі, палякі?..
— Усе тры сегменты, што ты пералічыў. У нас былі канцэрты ў Брэсце, у Мінску, поўныя клубы людзей. Не было нейкага стаўлення, маўляў, мы «іншыя беларусы, не такія». Заўжды беларусы падыходзілі, размаўлялі, пасля пісалі ў фэйсбуку, запрашалі. Разам з тым ёсць шмат сяброў-палякаў, якія нас слухаюць. Часам даўно не бачыш некага, пасля сустракаеш і чуеш: «Зноўку ў машыне маю Ilo & Friends і слухаю». Зараз мы запісалі песню па-польску і адна сяброўка-полька адгукнулася: «Цудоўна! Нарэшце я магу зразумець, пра што вы спяваеце!»
— Калі казаць пра музыку, якую сама слухаеш, мова адыгрывае ролю?
— Слухаю на розных мовах, бо галоўнае — эмоцыя і гармонія паміж інструментам і вакалам. Мне не перашкаджае, што не разумею грузінскай ці персідскай, калі гэта добрая музыка. З 2007 года вяду музычную праграму на «Радыё Рацыя», вось там ужо часам трэба чытаць пераклады з моў, якія я не ведаю, шукаць сэнс песень: ну, раптам там нешта не тое… Наогул, сама люблю радыё, менавіта як слухач, таму гэта праца ў задавальненне.
«Не паедзеш на “Басовішча”, пакуль не споўніцца 18!»
— Як «Басовішча» з’явілася ў тваім жыцці?
— Браты маёй мамы ад пачатку 1990-х ездзілі на гэты фэст. Шмат распавядалі, як там гуляюць… Таму бацькі сказалі: «Не паедзеш на “Басовішча”, пакуль не споўніцца 18!» (смяецца). Калі з гуртам «Гоман» мы падалі заяўку на выступ на фэсце і нас прынялі, то бацькі, урэшце, пагадзіліся. Так я і паехала — упершыню і адразу як выступоўца! Там пазнаёмілася з процьмай цікавых людзей, у тым ліку з будучымі сябрамі з БАС. Паглядзела, як яны ўсё гэта робяць. А праз нейкі час, з 2002 года, ужо сама была сярод арганізатараў.
— У тыя часы, на мяжы 1990-х і 2000-х, «Басовішча» было значнай падзеяй?
— Шмат для каго тут, на Падляшшы, ды і не толькі, «Басовішча» было галоўнай падзеяй года. Гэта месца, дзе ты не можаш не быць. Для нас гэта яшчэ і незабыўныя сустрэчы з людзьмі з Беларусі. Дзе мы іх бачылі? Нідзе. «Басовішча» — гэта пра знаёмствы, новых і старых сяброў, размовы пад піўко. Калі размаўляеш асабіста, то можаш зразумець іншага чалавека. А як інакш?
— Зараз замест «Басовішча» адбываецца фэст «Тутака». Ці карэктна іх параўноўваць? Што лепей?
— У пэўны момант «Басовішча» прыгасла, гэта быў аб’ектыўны працэс… Для нас, вядома, ранейшы фэст падаваўся больш яскравым і мацнейшым. Чаму? Бо мы былі маладыя, больш адкрытыя, свабодныя, не мелі сем’яў і дзяцей. Гэта такая ідэалізаваная рэтраспектыва. Калі тое, што было раней, нібы прыцярушана залатым пылам… Ну і, канешне, ёсць «хвароба заангажаванасці». Калі сам нешта робіш, то выхопліваеш з рэальнасці больш пазітыву і выціраеш негатыў.
Магчыма, гэты пазітыў і драйв не даваў бачыць нейкія важныя працэсы вакол. Тое, што менш і менш людзей тут запісваюць сябе беларусамі падчас перапісу, мала бацькоў клапоціцца, каб дзеці цікавіліся мовай і культурай… усё тое, што адбывалася з беларусамі Падляшша. Магчыма, мы нешта не заўважылі і прапусцілі.
«Як патлумачыць, што беларушчына — гэта добра, калі вакол кажуць Беларусь — гэта Лукашэнка»
— Як беларусам Падляшша захаваць беларускасць?
— Беларускасць — гэта мова. Быў такі час, калі ўпершыню на «Басовішча» прыехаў [Аляксандр] Кулінковіч і «Нейра Дзюбель». Сур’ёзна з ім гаварылі перад пачаткам: «Саша, паспрабуй нешта па-беларуску заспяваць, гэта беларускі фестываль, а ў вас усё па-руску…» Ну і калі ён урэшце пагадзіўся і заспяваў, то мы стаялі пад сцэнай і ўсміхаліся ад перажывання, гэта быў гонар.
Канешне, ёсць момант з літаратурнай мовай і гаворкамі. Дзе гавораць на чыстай літаратурнай беларускай мове? Толькі не на Падляшшы! Як тады гэта паяднаць? У свой час узнікла ініцыятыва «Говоры по-своему», друкавалі афішы, расклейвалі па той самай Гайнаўцы. Каб людзі бачылі, задумваліся, не забывалі, што маюць сваю мову, а з ёй ідуць канкрэтныя вартасці і важная адметнасць. Напэўна, не ўсё рабілася правільна. Напэўна, была праблема: кожная ўстанова рабіла нешта сваё. Напэўна, не хапала кантакту з Беларуссю. Але агулам, калі казаць пра асіміляцыю, то гэты працэс кранае ўсе меншасці: беларусаў, немцаў, лэмкаў, украінцаў і гэтак далей.
— Але кейс беларускай меншасці ў Польшчы нечым адрозніваецца ад іншых?
— Усе выпадкі розныя. Ёсць зараз дыскусія, напрыклад, пра наданне сілезскай мове статусу рэгіянальнай. Бо кашубская, напрыклад, такі статус ужо мае. Сілезская — не. Ёсць праблема, калі мова нейкай меншасці не кадыфікаваная… Але найважнейшая праблема беларусаў тут — няма прыязнай беларускай дзяржавы побач. Як патлумачыць, што беларушчына — гэта добра, калі вакол кажуць Беларусь — гэта Лукашэнка?
І калі чалавек не ў кантэксце, не сочыць за падзеямі ў Беларусі і не мае там сяброў, то адкуль будзе ахвота называць сябе беларусам? Застаецца свая «простая» мова, без усведамлення яе вагі, адыдзе з чарговым пакаленнем. Хаця трэба сказаць, што ў апошнія гады з’явіліся людзі і суполкі, якія робяць акцэнт на гаворках, заахвочваючы маладых да выкарыстання мовы ў розных кантэкстах.
— Дарэчы, а як ты тлумачыш, што Беларусь — гэта не Лукашэнка?
— У першую чаргу тлумачу, адкуль беларусы ўзяліся на Падляшшы. Распавядаю сваю гісторыю. Тлумачу, што беларусы — гэта вялікая супольнасць са сваёй мовай і культурай, да якой мы ўсе належым. Кажу: «Уяві сабе, што ёсць беларуская мова, літаратура, музыка, свая, не горшая за іншыя!» А сярод беларусаў ёсць кандыдаты і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі. А Лукашэнка — гэта прыкры выпадак у гісторыі, у 1990-я ўсё магло пайсці зусім інакш. А ў гісторыі — таксама, як і ў польскай — былі розныя прыклады. І добрыя, і прыкрыя.
«Спазнаў беларускасць праз NRM і Znich». Як польскі журналіст усвядоміў сябе беларусам
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.