У Польшчы можа закрыцца Дом творцаў — бяспечная прастора для беларускіх культурных дзеячаў. Фінансаванне праекта прыпынілася, а з верасня для яго павялічыцца арэнда. Пра тое, як захаваць Дома творцаў і навошта гэта рабіць, MOST пагутарыў з яго дырэктарам Сержуком Доўгушавым.
Каго падтрымліваў Дом творцаў
У Дом творцаў прыязджалі мастакі, скульптары, музыкі, акцёры. Сярод іх і былыя палітвязні. Тут яны маглі пажыць у спакойнай атмасферы, зладзіць лекцыі і выставы. Тут сустракаліся з аднадумцамі і абмяркоўвалі тое, што набалела, а галоўнае — займаліся прафесійнай справай. Усяго такой магчымасцю скарысталася больш за 500 чалавек.
Каб захаваць дом, трэба 12 тыс. злотых у месяц
Па сёння ў Доме застаюцца рэпрэсаваныя творцы, якім наўпрост няма куды ісці, распавядае Сяржук Доўгушаў. На бліжэйшыя месяцы запланаваныя праекты і рэзідэнцыі, але ці будзе магчыма іх правесці — невядома. Арганізатары страцілі падтрымку донараў, а з верасня кошт арэнды дома вырасце.
— Тэрмінова вырашаем сітуацыю па прынцыпе «Ці патрэбна беларусам такая ініцыятыва?» Мы звяртаемся да ўсіх, таму што агульнымі сіламі мы зможам назбіраць неабходную суму.
Каб захаваць дом і працягнуць яго дзейнасць, неабходна ад 12 да 13 тыс. злотых у месяц. Арганізатары шукаюць суму на чатыры месяцы. На новы год, па словах Сержука, ужо ёсць «пэўныя планы і бяспечныя метады далейшага існавання».
Дырэктар прызнаецца: навіна яго шакіравала.
— Амаль за тры гады існавання ў нас назбіралася мэбля, вельмі шмат твораў мастацтва. І што, усё гэта кудысьці на вуліцу? — не разумее Сяржук.
Варыянт узяць паўзу на чатыры месяцы дырэктар не разглядае. Па яго словах, пасля перапынку вельмі складана штосьці аднавіць.
Працаваў у таксі, каб зарабіць неабходную суму
Дырэктар адзначае, што праект ужо сутыкаўся з падобнай праблемай — калі пачалася вайна ва Украіне, фінансаванне скарацілі. Тады Сяржук пайшоў працаваць у таксі і за некалькі месяцаў зарабіў неабходную суму, таксама дапамаглі неабыякавыя беларусы.
— Я бачу, што ёсць рэзананс. Людзі пішуць, пытаюцца, як яны могуць дапамагчы — і гэта вельмі цешыць. Дом стаў нечым большым за месца, дзе людзі проста жывуць і тусуюцца. Я б сказаў, гэта месца, дзе людзі могуць атрымаць рэабілітацыю і падтрымку, каб яны не забываліся на сваю прафесію, — лічыць Сяржук.
«Займайцеся сваёй культурай, але ёсць іншыя важныя працэсы»
Па меркаваннях дырэктара, сітуацыя з беларускімі культурнымі ўстановамі ў эміграцыі падобная да той, якую яны перажывалі ў Беларусі.
— Культура — напрамак, які заўсёды на апошнім месцы. Маўляў, займайцеся сваёй культурай, але тут ёсць іншыя важныя палітычныя працэсы. Таму трэба яднацца, дапамагаць і адгукацца, — рэзюмуе Сяржук.
Да яго з прапановай падтрымкі ўжо звярнуўся BYSOL — у бліжэйшыя дні на платформе з’явіцца збор для Дома творцаў.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.