Па медыях распаўсюдзілася навіна пра тое, што Швецыя дэпартавала ў Беларусь сына і маці, якім адмовіла ў палітычным прытулку. Паводле шведскіх крыніц, пасля вяртання на радзіму мужчыну адразу затрымалі. У гэтай гісторыі шмат белых плям, з’явілася нават інфармацыя, што сям’я спрабавала падмануць шведскія міграцыйныя службы. Але гэтая гісторыя нагадала: Швецыя рэдка дае беларусам палітычны прытулак.
Атрымаўшы адмову, многія палітуцекачы застаюцца ў краіне без законных падстаў ці нелегальна выязджаюць у іншыя краіны Еўрасаюза, у тым ліку ў Польшчу. Пра тое, чаму шведы не даюць прытулак беларусам, у адрозненні ад бежанцаў з больш далёкіх краін, MOST пагаварыў са старшынёй Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Змітром Васэрманам.
«Людзі з Блізкага Усходу не саромеюцца расказваць пра сваю сітуацыю драматычна»
Швецыя — не самая папулярная краіна для эміграцыі беларусаў. Па словах Змітра Васэрмана, тут жыве каля трох тысяч нашых землякоў, з іх пасля падзей 2020 года прыехала некалькі сотняў. Некаторыя з гэтай апошняй хвалі падаваліся на палітычны прытулак, але атрымалі яго адзінкі — Зміцер кажа пра 98% адмоў.
Прымаючы рашэнне, даваць прытулак бежанцу ці не, шведская міграцыйная служба кіруецца даведкай пра краіну, распрацаванай у юрыдычным аддзеле ўстановы. Ажно да лютага 2024 года гэты дакумент па Беларусі быў састарэлым і не ўлічваў падзеі, якія разгарнуліся пасля жніўня 2020 года.
— Такая сітуацыя звязаная з некампетэнтнасцю шведскай міграцыйнай службы, — упэўнены старшыня Народнай амбасады. — У іх не было разумення, што пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі пачаўся сапраўдны тэрор. Можна сказаць, што Лукашэнку ўдалося зрабіць карцінку для шведскага грамадства, быццам сітуацыя ў Беларусі супакоілася, што там «перагарнулі старонку».
Зміцер кажа, што ў адмовах, якія выдавала міграцыйная служба, было напісана, маўляў, сапраўды, у 2020 годзе былі пратэсты, але потым яны супакоіліся, і зараз усё нармальна.
— То-бок у іх не было разумення, што пратэсты супакоіліся, бо распачаўся тэрор супраць беларусаў.
Старшыня Народнай амбасады адзначае, што яшчэ адной праблемай з’яўляецца неразуменне шведскай міграцыйнай службай характару беларускіх мігрантаў, бо шведы прывыклі да паводзін бежанцаў з больш далёкіх краін.
— Людзі з таго ж Блізкага Усходу падаюцца на прытулак адразу, — тлумачыць ён, — і не саромеюцца расказваць сваю сітуацыю вельмі драматычна. Беларусы ж значна больш сціплыя, яны не падаюцца на прытулак да апошняга, яны не згушчаюць фарбы. І гэта, на жаль, робіць ім дрэнную службу ў Швецыі.
Шведская міграцыйная служба вельмі часта выкарыстоўвала супраць нашых суайчыннікаў тое, што яны не падаваліся на атрыманне прытулку адразу, як з’ехалі з Беларусі: «Чаму вы толькі зараз прыйшлі? Значыць, вам нічога не пагражае на радзіме».
«Мы не можам раіць заставацца ў Швецыі нелегальна, але мы ведаем, што такое здараецца»
У Швецыі існуюць тры інстанцыі, якія разглядаюць заявы на прадастаўленне прытулку: міграцыйная служба, міграцыйны суд і Вярхоўны суд. Калі чалавек атрымаў тры адмовы, ён павінен пакінуць не толькі Швецыю, але і Шэнгенскую зону.
Зміцер кажа, што беларусы па-рознаму вырашаюць гэтую праблему. Некаторыя з’язджаюць у такія краіны, як Арменія, Грузія ці Малдова. Іншая частка застаецца ў Швецыі нелегальна, а хтосьці выбірае незаконна перабрацца ў іншую дзяржаву Еўрасаюзу. Напрыклад, у Польшчу, дзе вельмі лаяльная палітыка наконт прадастаўлення прытулку беларусам.
— Канешне, мы не можам раіць заставацца ў Швецыі нелегальна ці незаконна выязджаць у краіну Еўрасаюза, — падкрэслівае Зміцер. — Але мы ведаем, што такое здараецца. Мы таксама не можам раіць беларусам вяртацца ў Беларусь, бо там яны сядуць у турму. І я не ведаю ніводнага выпадку, каб чалавек паехаў у Беларусь. Самазабойцаў не было — у адрозненні ад шведскіх уладаў, самі беларусы вельмі добра разумеюць, што іх чакае на радзіме.
Старшыня Народнай амбасады кажа, што пасля трох адмоў ёсць адзіны легальны спосаб застацца ў Еўрасаюзе — калі нейкая краіна запросіць чалавека да сябе і дасць яму візу. Зміцер адзначае, што яму вядома пра такія запрашэнні, якія высылаліся беларусам.
— У нас быў вельмі гучны выпадак з выбітнай прафсаюзнай актывісткай Алай Цвірко, — прыводзіць прыклад Зміцер. — Яна атрымала адмову ва ўсіх трох інстанцыях, нягледзячы на тое, што за яе «ўпісаліся» шматлікія прафсаюзныя арганізацыі Швецыі, пра яе пісалі мясцовыя СМІ, яна была на нацыянальным тэлебачанні. Пасля адмоў яна атрымала візу ад Польшчы — у гэтым дапамаглі шведскія і польскія прафсаюзы.
«Яны проста не разумеюць, што ў Беларусі могуць пасадзіць за лайкі, шкарпэткі»
Здавалася, што сітуацыя з прадастаўленнем прытулку беларусам зменіцца ў лютым 2024 года — пасля таго, як шведская міграцыйная служба распрацавала і прыняла новую інфармацыю па Беларусі. У гэтым дакуменце нашая краіна нарэшце прызнаная небяспечнай.
Сярод іншага там сцвярджаецца, што:
- рызыка для ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года павялічваецца і дасягнула сістэматычнага пераследу і тэрору;
- пераслед у Беларусі накіраваны не толькі на вядомых апазіцыйных дзеячаў, але і на звычайных грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах ці крытыкавалі ўладу ў сацсетках;
- у Беларусі, па сутнасці, існуе лічбавы таталітарызм: лічбавыя сляды беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму, правяраюцца, любая форма крытыкі рэжыму можа прывесці да рэпрэсій.
Да зацвярджэння новай інфармацыі прывяла сітуацыя з былым аператарам Сяргея Ціханоўскага Канстанцінам Сярогіным. Напрыканцы 2023 года яму адмовілі ў прытулку ў Швецыі. Народная амбасада падняла хвалю ў шведскіх СМІ, пасля чаго пачаліся перамовы з міграцыйнай службай.
Але, як аказалася, абнаўленне інфармацыі па Беларусі — далёка не перамога. Міграцыйныя суды, якія разглядаюць апеляцыі па рашэннях міграцыйнай службы, як быццам не заўважылі існавання гэтага дакумента.
— Нават па справе Канстанціна Сярогіна ад іх прыйшоў адказ, што беларуса трэба высылаць, — абураецца Зміцер. — У гэтым адказе былі ўсё тыя ж аргументы міграцыйнай службы, якія былі да аднаўлення інфармацыі па Беларусі. То-бок атрымліваецца трошкі абсурдная бюракратычная сітуацыя. Сама міграцыйная служба прызнала свае памылкі і аднавіла інфармацыю. Але міграцыйны суд выкарыстоўвае старую аргументацыю.
Былы аператар Ціханоўскага застаецца ў Швецыі. Ён чакае рашэння апошняй інстанцыі — Вярхоўнага суда. Старшыня Народнай амбасады кажа, што яны зноў падымаюць хвалю ў шведскіх СМІ, каб суды ўрэшце пачалі кіравацца абноўленай інфармацыяй па Беларусі.
— Яны проста не разумеюць, што ў Беларусі адбылася эскалацыя тэрору, што чалавека могуць пасадзіць за лайкі, шкарпэткі, за што заўгодна. Мне здаецца, што гэта нейкая інтэлектуальная лянота. Там проста не жадаюць прыкладаць нейкіх намаганняў, каб цалкам зразумець сітуацыю ў нашай краіне, — тлумачыць Зміцер.
«Аказалася, што змена інфармацыі пра Беларусь — гэта толькі першы крок»
У Народнай амбасады пакуль няма статыстыкі, ці паўплывала абнаўленне інфармацыі пра Беларусь на пазітыўныя рашэнні па новых заявах аб прытулку. У той жа час у Швецыі існуе юрыдычная магчымасць пераглядзець заявы, па якіх адмовы былі атрыманыя да лютага 2024 года.
— У Швецыі можна перападавацца на падставе таго, што змяніліся абставіны, і патрабаваць перагляду справы, — тлумачыць Зміцер. — Калі мы размаўлялі з юрыстамі, яны пацвердзілі, што абнаўленне інфармацыі па Беларусі можа быць такой падставай.
Выпадкі, калі беларусы падаваліся на перагляд справы, ужо ёсць. Але, як аказалася, гэта пакуль не працуе на практыцы. Народная амбасада плануе працягваць дыялог з міграцыйнай службай, каб такая магчымасць стала рэальнай.
— Мы шчыльна працуем з адвакатамі, у тым ліку мясцовымі, якія разумеюць сітуацыю і хочуць дапамагаць беларусам, — падкрэслівае Зміцер. — Ідзе праца. Здавалася, што змена інфармацыі па Беларусі — гэта перамога. Але як аказалася, гэта толькі першы крок. Яшчэ трэба дабіцца таго, каб гэтая інфармацыя правільна выкарыстоўвалася.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.