Аўторак, 9 чэрвеня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Будзе ганьбай, калі гэтыя могілкі знікнуць». У Беластоку ратуюць пахаванні беларускіх дзеячаў

MOST MOST
11 лютага 2025, 20:05
Гісторыі
A A
Аляксей Трубкін

Аляксей Трубкін. Крыніца: «Будзьма»

Шэраг беларускіх магіл на праваслаўных могілках Беластока аказаўся пад пагрозай зносу: родных няма, плаціць за месца няма каму. За справу ўзяліся беларускія актывісты: збіраюць грошы на арэнду. Мэта — 2650 еўра. «Будзьма беларусамі» паразмаўляла пра гэта з актывістам і краязнаўцам Аляксеем Трубкіным.

У 1920-40-х у Беластоку віравала беларускае жыццё: арганізацыі, кааператывы, тэатр, суполкі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Лёс актывістаў тых гадоў склаўся па-рознаму, але некаторыя пахаваныя тут жа: на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых на ўскрайку горада.

«На каталіцкіх могілках былі прэцэдэнты»

«Гадоў пяць таму ўпершыню ўбачыў на пахаваннях шыльдачкі, маўляў, трэба аплочваць месца, — распавядае актывіст і краязнавец Аляксей Трубкін. — У іншым выпадку — месцы могуць быць аддадзены пад новыя пахаванні. То-бок, старыя — знікнуць. Раней чуў пра падобнае ў Заходняй Еўропе. Ды і ў Беластоку, толькі на каталіцкіх могілках, ужо былі прэцэдэнты».

За некаторыя пахаванні беларускіх актывістаў ніхто не плаціў ужо па пары дзясяткаў гадоў. Родных не засталося: памерлыя былі або апошнімі з роду, або нашчадкі з’ехалі куды падалей. Агулам на тым некропалі, паводле Аляксея, з паўтара дзясятка магіл беларускіх дзеячаў «неаплачаныя» чатыры пахаванні. Яны зараз пад пагрозай.

«Загінула трагічнай смерцю»

Хто тут пахаваны? Напрыклад, сям’я Богушаў. Лявон Богуш у 1927-м стварыў драматычную секцыю пры ТБШ ў Беластоку. Пасля ліквідацыі ТБШ польскімі ўладамі далей займаўся тэатрам, але пад іншай шыльдай: «Кааператыўнае таварыства працаўнікоў беларускага тэатра «Полымя». Нават у часы вайны займаўся культурай, ладзіў пастаноўкі па п’есах Купалы і Аляхновіча.

Побач яго жонка — Зінаіда Богуш. Паводле подпісу, яна «загінула трагічнай смерцю» 15 жніўня 1944 года, праз два тыдні пасля заняцця Беластока савецкімі войскамі… Як і муж, падчас вайны яна працавала ў Беларускім камітэце. Сам Лявон Богуш памёр у 1957 годзе, ці быў рэпрэсаваны — невядома.

Богушы
Магіла сямі Богушаў. Крыніца: «Будзьма»

Кастусь Кіслы — кампазітар і дырыжор, родам з-пад Слоніма. Займаўся і царкоўнымі, і свецкімі харамі — пры ТБШ. У 1939 годзе арыштаваны НКУС, але ўцёк. Падчас нямецкай акупацыі займаўся культурай пры Беларускім камітэце ў Беластоку. З 1944-га — у эміграцыі, а пасля 1953-га ўзяўся кіраваць Ансамблем беларускай песні ў Лёвэне, у Бельгіі, пасля смерці Міколы Равенскага. Жыў у ЗША, а пад старасць у 1976 годзе вярнуўся ў Польшчу да дачкі. Памёр у Беластоку ў 1980-м. Блізкіх не засталося.

Канстанцін Кіслы
Моладзевы хор у Беластоку 1930-х. Канстанцін Кіслы ў цэнтры / «Будзьма»

Магіла Мікалая Чарнецкага падпісаная па-беларуску, бо помнік у 1999 годзе аднаўлялі сябры Беларускага гістарычнага таварыства. Мікалай Антонавіч быў сябрам шматлікіх беларускіх арганізацый 1920-х, у тым ліку партыі эсэраў. Сям’я загінула ў бежанстве ў Расіі. У 1920-х вучыўся ў Празе, стаў доктарам філасофіі. Дарэчы, абараніўся на тэму Вайны з Масковіяй 1632-1634 гадоў.

Настаўнічаў у Радашковічах, Клецку, Вільні. У 1939 годзе бальшавікі спачатку прызначылі яго дырэктарам школы ў Крынках (бо не хапала сваіх кадраў), пасля — арыштавалі. Чарнецкі ўцёк з-пад арышту. У часы вайны быў чальцом БНП — Беларускай Незалежніцкай партыі, якая мела на мэце аднаўленне незалежнасці Беларусі. У 1944-м забіты польскім падполлем: быў час вайны «ўсіх супраць усіх».

Мікалай Чарнецкі
Надмагілле Мікалая Чарнецкага / «Будзьма»

«Пасля 2020-га ўсё гэта набыло новы сэнс»

Уся сума, патрэбная для захавання магіл, — гэта 2650 еўра. З яе ўжо сабрана больш за траціну (37%).

Што сюды ўваходзіць?

Трэба аплаціць запазычанасць за папярэднія гады, прыкладна па 20 гадоў у кожным выпадку, а яшчэ — зрабіць перадаплату на наступныя 20, да 2045-га. Толькі тады можна быць пэўным, што пахаванні не знікнуць. Падрабязныя разлікі і рэквізіты ёсць у тэлеграме ініцыятывы.

«Збор будзе трываць да 25 сакавіка, — працягвае Аляксей. — Пасля гэтай даты сродкі будуць пераказаныя адміністрацыі могілак. Нават калі не хопіць, будзем дамаўляцца… Не хочацца губляць памятныя месцы. Бо акурат так, мяркую, знікла магіла Івана Луцкевіча, пахаванага ў 1919-м у Закапанэ. Не было каму даглядаць, а магіла перастала існаваць: яе спрабавалі знайсці — безвынікова».

Захаванне магіл, якія знаходзяцца пад пагрозай, — яшчэ не ўсё. Сябры ініцыятывы плануюць вывучаць і папулярызаваць памяць пра магілы беларускіх дзеячаў у Беластоку. Праз экскурсіі на Дзяды ці выданне адмысловага буклета з кароткімі біяграфіямі, фота і геаграфіяй пахаванняў.

«Пасля 2020-га ўсё гэта набыло новы сэнс. Людзі, якія не могуць наведаць сваіх родных на могілках у Беларусі, могуць прыйсці на Дзяды ці Радаўніцу да беларусаў тут. Ушанаваць людзей, справу якіх мы працягваем. Таксама гэта гістарычны падмурак і напамін пра тое, што мы тут — у Беластоку — не зусім чужыя. Для нас, беларусаў, будзе вялікай ганьбай, калі гэтыя могілкі знікнуць», — упэўнены Аляксей Трубкін.

Ён дадае, што ў нармальнай сітуацыі могілкамі мела б заняцца беларуская амбасада ці консульства, але гэтыя ўстановы «беларускія адно па назве». Таму ўся адказнасць зараз на беларускай дыяспары і прыватнай ініцыятыве.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыБеластокГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Кароль Навроцкий

Беларуска создает кукол-мотанок. Одну из них подарили президенту Польши

MOST
9 чэрвеня 2026, 15:23

Ангелочка, созданного беларуской Ольгой Пашкович, в январе подарили президенту Польши Каролю Навроцкому. Делать куколок-мотанок мастерица начала в эмиграции, и всего за несколько лет они разлетелись по миру, в...

штрафы для водителей в Польше

Поляки обсуждают в соцсетях, нужно ли запретить обмен иностранных водительских прав на польские без экзамена

MOST
9 чэрвеня 2026, 13:10

В польских группах в соцсетях активно обсуждают, стоит ли ввести дополнительный экзамен на вождение для иностранцев, которые обменивают национальные водительские права на польские. Поводом стала резонансная авария под...

врач

«Люди стесняются вызвать скорую». Беларуска работает дежурным врачом в Польше и выезжает на констатацию смерти

MOST
8 чэрвеня 2026, 18:58

Юлия работает врачом в Польше, в учреждении, которое оказывает помощь в ночное время, выходные и праздничные дни (NPL). К ней пациенты приходят, когда обычные поликлиники уже закрыты, а...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты