У маі польскія студэнты робяць перапынак у вучобе, каб добра павесяліцца падчас Ювеналій (Juwenalia). На працягу гэтага свята адбываюцца розныя імпрэзы: спартыўныя турніры, канцэрты і нават спаборніцтвы па піццю піва. Даведаліся, што гэта за забавы і паразмаўлялі з былым студэнтам польскага ВНУ пра прыгоды падчас святкавання.
Што такое Ювеналіі
Лічыцца, што ў Польшчы першыя Ювеналіі адбыліся яшчэ ў XV стагоддзі ў Кракаве. Зараз гэта традыцыя распаўсюдзілася на ўсе польскія гарады, дзе ёсць ВНУ. Свята студэнтаў адбываецца ў маі, але кожны ўніверсітэт сам вызначае канкрэтныя даты і мерапрыемствы.
Назва свята паходзіць ад лацінскага слова iuvenalia, што можна перакласці як маладзёжныя (гульні, святы). Цікава, што гэтую падзею ў Польшчы называюць па-рознаму. Напрыклад, у Гданьскім універсітэце — гэта Neptunalia, а ў горадзе Аполе — Piastonalia.
Але ў любым горадзе гэта папулярная падзея, якую студэнты вельмі чакаюць. Таму размовы пра яе пачынаюцца недзе за месяц. Маладзёны будуюць планы, абмяркоўваюць, хто ў якіх мерапрыемствах будзе ўдзельнічаць, на якія канцэрты пойдзе.
Станіслаў вучыўся ў Беларусі, а затым у Польшчы. У мінулым годзе ён скончыў вучобу ў Апольскім універсітэце, яшчэ нядаўна ён быў студэнтам-матэматыкам. Хлопец кажа, што Ювеналіі — гэта час актыўнага адпачынку, калі кожны можа паўдзельнічаць у тым, што яму цікава, паказаць сябе. Таксама гэта магчымасць правесці час разам.
— Бо ў кожнага ж студэнта свой расклад пар, — тлумачыць ён, — хтосьці працуе. А падчас Ювеналій ніхто не вучыцца і ўсе стараюцца падкарэктаваць свае планы, каб трапіць разам на нейкі івэнт.
Але некаторыя прыезджыя студэнты выкарыстоўваць гэтыя вольныя дні, каб з’ездзіць дадому.
Спорт, Дзень грыля і забегі па лесвіцах
Звычайна Ювеналіі пачынаюцца з маршу студэнтаў, падчас якога ім перадаюцца сімвалічныя ключы ад горада. Гэта найбольш афіцыйнае мерапрыемства і найменш патрэбнае самім студэнтам, лічыць беларус.
— Я ў ім ні разу не ўдзельнічаў, — кажа хлопец, — ды і пра яго менш за ўсё размаўляюць. Не ведаю, колькі людзей на яго прыходзіць, але мне падаецца, што яно больш патрэбнае не студэнтам, а СМІ.
Ніякіх паўнамоцтваў перадача ключоў не дае. Але, напрыклад, студэнты могуць свабодна гуляць па горадзе з алкаголем, і ніхто ім нічога не зробіць, тлумачыць беларус. Атмасфера каля ўніверсітэтаў становіцца больш святочнай.
— Але я б не сказаў, што людзей з бутэлькамі становіцца больш, бо на кампусе і ў звычайныя вечары шмат людзей з півам, — смяецца Станіслаў.
Падчас Ювеналій праводзяцца спартыўныя турніры, напрыклад па футболе ці валейболе. А ў самым вялікім інтэрнаце Апольскага ўніверсітэта яшчэ і забегі ўверх па лесвіцах. Таксама ёсць Дзень грыля, калі на ўсёй тэрыторыі вакол універсітэта пахне смажаным мясам.

Турнір па піццю піва
Бадай што самая цікавая польская студэнцкая традыцыя — гэта гульня ў флянкі (flanki). Яна вельмі папулярная, ёсць цэлыя лігі і турніры, якія стартуюць у сакавіку ці красавіку і завяршаюцца перад летняй сесіяй. Перамога ў такіх спаборніцтвах — вялікі гонар. Падчас Ювеналій арганізуюць міні-турніры.
Правілы вельмі простыя. Пасярэдзіне поля ставіцца пустая банка з-пад піва. Каманды адыходзяць ад яе на некалькі метраў і па чарзе кідаюць мячык. Калі нейкая каманда збівае банку, то пачынае піць піва і робіць гэта, пакуль іншая каманда не трапіць мячыкам у банку — тады ўжо яна пачынае піць. Перамагаюць тыя, хто вып’е ўсё піва.
— Пры жаданні можна дамовіцца на безалкагольнае, — тлумачыць беларус. — І амаль заўсёды ў камандзе знойдзецца нехта, хто абярэ такі варыянт.
Гульні ў флянкі праводзяцца на тэрыторыі ўніверсітэтаў. Студэнты проста дамаўляюцца з адміністрацыяй, каб ім ніхто не перашкаджаў. У каманду можа запісацца хто заўгодна. Напрыклад, Станіслаў плануе ўдзельнічаць і ў гэтым годзе, хоць ужо і скончыў навучанне.
Тысячы чалавек на канцэртах і бойкі, на якія ніхто не звяртае ўвагі
Самая шматлюдная частка Ювеналій — вялікія канцэрты. Напрыклад, у горадзе Аполе яны праводзяцца кожны дзень на працягу тыдня — тры ў Апольскім універсітэце і тры ў Апольскай палітэхніцы.
У Палітэхніцы канцэрты дзеляцца па тэматыках: хіп-хоп-вечар, рок-вечар, электронная музыка. А ва Універсітэце стаяць чатыры сцэны з рознай музыкай. Прыязджаюць музыканты, у тым ліку знакамітыя. Напрыклад, быў Żabson, успамінае беларус.
— Бачна, што большасць людзей на канцэртах — гэта студэнты, моладзь. Але пускаюць усіх. І ў нас гэта бясплатна. А, напрыклад, ва Уроцлаве на клубныя вечарыны студэнтам свабодны ўваход, а астатнія плацяць.

Хлопец дадае, што ў іх адносна невялікім горадзе (у Аполе жыве менш за 130 тыс. чалавек) на такія канцэрты прыходзяць тысячы і нават дзясяткі тысяч чалавек. Атмасфера заўсёды пазітыўная, вялікіх канфліктаў паміж наведвальнікамі няма. Але без боек усё ж не абыходзіцца.
— Бываюць бойкі, дакладна, — прызнае беларус. — Шмат студэнтаў, шмат п’яных студэнтаў — штосьці дзесьці абавязкова адбудзецца.
Станіславу нават адзін раз прыйшлося раздымаць людзей, якія біліся. Але ў цэлым ніхто не звяртае ўвагі на такія канфлікты і не ўмешваецца ў іх. Разам з тым хлопец не чуў, каб гэтыя бойкі перарасталі ў нешта сур’ёзнае і канчаліся б трагічна.
«Час адпачыць пасля адпачынку»
Ювеналіі рыхтуюць студэнцкія і інтэрнацкія органы самакіравання. Напрыклад, прадстаўнікі апошніх ходзяць па пакоях і шукаюць тых, хто хоча дапамагаць. Станіслаў не ўдзельнічаў у арганізацыі, але лічыць, што без дапамогі ўніверсітэцкай адміністрацыі і ўладаў горада студэнты б не зрабілі свята такога маштабу.
— Тыя ж канцэрты — гэта сур’ёзныя івэнты з вядомымі артыстамі. Сумняюся, што ў самажонда (органа самакіравання. — Заўв. MOST) ёсць рэсурсы, каб усё гэта самастойна арганізаваць, — лічыць ён.
Па меркаванні хлопца, Ювеналіі не перашкаджаюць навучальнаму працэсу. Да сесіі яшчэ паўтара ці два месяцы, таму тыдзень у маі — самы добры час, каб павесяліцца і адпачыць. Да таго ж апошнія імпрэзы ладзяцца ў пятніцу і суботу, а на заняткі — толькі ў панядзелак.
— Таму час адпачыць пасля адпачынку ёсць, — смяецца былы студэнт.

Кожны знойдзе нешта для сябе
Станіслаў успамінае, што калі быў студэнтам у Беларусі, то там таксама арганізоўваліся падобныя святы, хоць і менш маштабныя. Мова аб так званых Днях факультэта. Падчас іх ладзіліся спартыўныя турніры, настольныя гульні, караоке.
— Нам выкладчыкі расказвалі, што ў часы СССР былі нават маршы, і яны — матэматыкі — выходзілі з плакатамі «Бі фізікаў!» — расказвае беларус.
Хлопец падкрэслівае, што Ювеналіі — гэта, перш за ўсё, свята моладзі і студэнтаў. Але далучыцца да яго могуць усе жадаючыя — кожны знойдзе нешта для сябе. На канцэртах часта выступаюць нават выканаўцы, якія былі папулярныя ў 1980-я і 1990-я.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.