Беларуска Аляксандра Жукоўская заснавала ў Польшчы івэнт-агенцтва KOUDRA, якое ладзіць мерапрыемсты па ўсёй Польшчы: кулінарныя сустрэчы з дэгустацыямі, гастра-туры, рэйвы ў нацыянальных строях. MOST пагаварыў з ёй пра тое, з чаго ўзнік такі бізнес, як арганізаваць імпрэзу без пачатковага бюджэту і чаму ў гэтай справе галоўнае — каманда.
«Па начах плакала»
Калісьці Аляксандра працавала ў беларускай медыцынскай лабараторыі — у зоне яе адказнасці былі ВІЧ і гепатыты.
У 2016 годзе яна рыхтавала ўласнае вяселле і раптам зразумела, што арганізацыя падзей можа быць прафесіяй. Таму Аляксандра адгукнулася на вакансію ў гэтай галіне. Паколькі ў жанчыны не было досведу, працу паабяцалі толькі пасля таго, як яна знойдзе першага кліента.
— Я гугліла, вучылася на Pinterest, памылялася і па начах плакала. Але не здалася — і мяне прынялі, — успамінае яна.
«Гэта не пра “паелі і пайшлі дадому”»
Аляксандра засяродзілася на карпаратывах. Кліенты былі патрабавальнымі, але праца прадугледжвала творчую свабоду. Жанчына ўспамінае адну з самых яскравых імпрэз — у стылі Music Fest, тады каманды здымалі кліпы, а ўвечары глядзелі іх разам.
— Гэта было вельмі жывое мерапрыемства. Гэта не пра «паелі і пайшлі дадому», гэта пра ўражанні, — успамінае яна.
Увогуле імпрэзы з актыўным уцягваннем гасцей сталі яе фірмовым стылем.

«І я зразумела: вяртаемся»
У 2021 годзе Аляксандра разам з мужам пераехала ў Польшчу. Спыніць івэнты давялося амаль на два гады.
Невялікія замовы здараліся, але кропкава. Часцей — ад беларусаў, якія таксама нядаўна пераехалі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе з’явіўся імпульс вярнуцца. Аляксандра напісала дзвюм дзяўчатам, якіх ведала: адна займалася ёгай, другая стварала вырабы з эпаксіднай смалы. Так яна сабрала першую імпрэзу ва Уроцлаве.
— Мы зрабілі ёгу на 15 чалавек, пасля былі прасека і размовы. І я зразумела: вяртаемся.
«Мы тут усе разам — нібы пад пледам»
Шукаючы назву для агенцтва, Аляксандра і яе муж хацелі, каб яна выклікала асацыяцыі з утульнасцю. Выбіралі менавіта беларускія словы.
— Яна мусіць адлюстроўваць нешта цёплае, сваё, тое, што аб’ядноўвае, — тлумачыць яна. — І мы з мужам спыніліся на Koudra. Гэта пра клопат, пра блізкасць. Пра тое, што мы тут усе разам — нібы пад пледам.

Фарматы падзей у Koudra розныя — ад камерных кулінарных сустрэч да выязных гастра-тураў і рэйваў. Аднойчы Аляксандра разам з камандай арганізавала паездку на сырную ферму пад Кракавам.
— Мы сабралі мікрааўтобус — 18 чалавек, ехалі некалькі гадзін. На ферме былі авечкі, козы, вялікія сабакі. Нас частавалі хатнім сырам, дранікамі і нават чабурэкамі. А яшчэ мы запрасілі самелье з Варшавы — ён правёў дэгустацыю він, якія добра спалучаюцца з сырам, — расказвае Аляксандра.

«Добра, што хоць не ў мінус»
Летам 2024 года Koudra праводзіла купальскі рэйв — сабралася каля 55 чалавек. Некаторыя госці былі ў нацыянальных строях. У праграме былі майстар-класы па пляценню вяночкаў, квест з пошукам папараць-кветкі, дэнс-сэт, беларуская фудзона, кераміка, роспіс па целе мехендзі, конкурсы.
— Арганізацыя ўсёй падзеі абышлася прыкладна ў 12 тыс. злотых, а ў плюс выйшлі ўсяго на 600. Але для нас гэта не пра грошы. Гэта хутчэй сацыяльная гісторыя, — тлумачыць Аляксандра. — Добра, што хоць не ў мінус. А бывае ж і ў мінус. Але калі знаходзяцца партнёры, гатовыя падтрымаць — атрымліваецца нешта сапраўды цёплае.

«Усё праз сарафаннае радыё і старыя сувязі»
Спачатку Аляксандра планавала засяродзіцца выключна на аўтарскіх падзеях — самастойна прыдумваць канцэпцыю, запрашаць гасцей, весці мерапрыемствы. Але з цягам часу ўдзельнікі самі пачалі пісаць ёй з просьбай арганізаваць карпаратыў ці іншае мерапрыемства.
— Гэта ўсё пайшло натуральна. Людзі прыходзілі на кулінарныя сустрэчы ці ёгу — а потым звярталіся ўжо як заказчыкі. Мы ніколі не запускалі рэкламу — усё праз сарафаннае радыё і старыя сувязі, — кажа яна.
Першымі кліентамі сталі фірмы, якія поўнасцю ці часткова належаць беларусам.
— У Польшчы працаваць складаней: даражэйшыя гук, святло, арэнда, транспарт. І менталітэт іншы, — тлумачыць суразмоўца. — Палякі часта жывуць з устаноўкай «wszystko na spoko» — усё спакойна, без стрэсу. Могуць абяцаць, што паставяць абагравальнікі — а потым забыць. А беларусы і ўкраінцы чакаюць, што арганізатар усё прадугледзіць і пралічыць.

Часам Аляксандра арганізоўвае падзеі бясплатна. Такім быў нядаўні кава-рэйв ва Уроцлаве. Такія падзеі арганізатары ўспрымаюць не як камерцыйны праект у традыцыйным сэнсе, але як частку доўгатэрміновай бізнес-перспектывы — такая праца можна прынесці новыя кантакты ці важныя прапановы, сфармаваць рэпутацыю.

Як зладзіць івэнт для ўсіх адначасова
Арганізоўваць мерапрыемствы для аўдыторыі, дзе збіраюцца беларусы, украінцы і палякі, — сапраўднае выпрабаванне, асабліва калі справа даходзіць да музыкі.
— Бывае, просяць дыджэя ўключыць нешта з расійскага шоу-бізу — і частка людзей адразу сыходзіць з танцпола і кажа, што больш не вернецца. І я іх разумею, — расказвае Аляксандра. — Але іншыя, наадварот, просяць менавіта такую музыку. І тут пачынаецца сапраўдная бітва густаў.
Каб улічыць усіх, даводзіцца імправізаваць: украінскія хіты, замежная класіка, трошкі польскай поп-музыкі — і ўсё гэта ў адным сэце.
З цяжкасцямі сутыкаюцца і вядоўцы.
— Беларусы і ўкраінцы чакаюць, што вядоўца будзе актыўны: нейкі квіз, узаемадзеянне, жарты. А палякі часта ўспрымаюць вядоўцу як мадэратара: «тут туалет, вось праграма». А калі вядоўца гаворыць на англійскай, частка гасцей проста адключаецца. Нібы гэта не да іх, — тлумачыць яна.

«Давай зробім разам»
Нягледзячы на рызыкі і пастаянную змену фарматаў, Аляксандра не спыняецца. Адна з яе мэт на будучыню — збудаваць супольнасць — не толькі гасцей, але і бізнесаў, партнёраў, каардынатараў.
— Мяне цягне да калабарацый. Не проста «зрабі рэпост», а «давай зробім разам». І каб гэта адчувалася, што мы — каманда. Бо менавіта ў гэтым, мне здаецца, сіла нашага развіцця.
Вы можете обсудить этот материал в нашем Telegram-канале. Если вы не в Беларуси, переходите и подписывайтесь.



