Павел і Уладзімір — сябры дзяцінства. Яны з Мінска, ім за 30, абодва захапляюцца футболам і падарожжамі, а яшчэ іх аб’ядноўвае агульная справа — анлайн-крама, дзе можна замовіць рэчы з культавымі надпісамі і выявамі, звязанымі з Беларуссю. Самыя вядомыя — цішоткі Make Belarus zajebis again. Беларусы расказалі MOST, чаму гэтая фраза так раздражняе, як яны страцілі акаўнт з-за скаргі брэнда Levi’s і ці не ім Лукашэнка абавязаны перамовамі з пасланнікам Трампа.
Павел працуе ў аддзеле продажу буйной IT-кампаніі, а Уладзімір — у сферы маркетынгу сацыяльных сетак. Беларуская сімволіка для іх — дадатковы занятак, да якога яны прыйшлі амаль выпадкова. У 2020 годзе сябры актыўна выказвалі грамадзянскую пазіцыю. А калі гэта стала зусім небяспечным, а маўчаць было складана, Уладзімір пачаў маляваць ілюстрацыі і публікаваць іх у сацыяльных сетках. У каментарыях сталі пісаць, што хацелі б купіць цішотку з такім прынтам, і пыталіся, як можна аформіць замову. Уладзімір пачаў дзейнічаць — так і пачалася крама Żniwień.
На той момант Павел ужо вырашыўся на пераезд у Польшчу. Ён меў карту паляка, таму разлічваў на хуткую легалізацыю — цяпер ён ужо мае польскае грамадзянства. А тады ён стаў займацца замовамі, якія паступалі з Польшчы, — прымаў іх, друкаваў выявы на вырабах і адпраўляў пакупнікам.
За чатыры месяцы — ад жніўня до канца снежня 2021 года — сябры змаглі прадаць 14 цішотак.

«Рэклама была не патрэбная»
Спачатку польскія замовы рэалізоўваліся даволі хаатычна: Паўлу прыходзілася звяртацца ў розныя друкарні для іх выканання. Але напачатку 2022 года беларусам пашчасціла знайсці сталых партнёраў — беларускую тыпаграфію ў Кракаве.
Прыкладна ў той жа час Уладзімір пераехаў у Варшаву, а Павел зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка — так крама стала афіцыйна дзейнічаць менавіта ў Польшчы.
На гэтым этапе беларусы ўклалі ў свой малы бізнес каля 300 долараў — сродкі пайшлі на аплату паслуг бухгалтара і першыя падаткі. Крама прымала замовы выключна з перадаплатай, таму выдаткі на рэчы і друг не білі па кішэні.
«Дзейнасці на мільён долараў»
Żniwień набіраў моц. У 2022 годзе беларусы прадалі 407 вырабаў, у 2023 годзе — 570, а ў 2024-м — больш за 700. У гэтым годзе разлічваюць рэалізаваць яшчэ больш.
На сёння штомесячныя выдаткі бізнесу, не ўлічваючы кошту вырабаў і друку, складаюць 1-1,5 тыс. злотых. Гэта плата за дамен і паслугі бухгалтара, падаткі, упакоўка і іншыя дробязі.
Невялікія выдаткі абумоўленыя нізкімі адлічэннямі на сацыяльнае страхаванне (ZUS), бо Павел уладкаваны на асноўнай працы, дзе за яго робяць адлічэнні. Пакуль бізнесоўцы не атрымліваюць прыбытку, які б дазволіў ім пайсці з асноўных прац і прысвячаць увесь час краме. Справа ў тым, што сабекошт прадукцыі складае больш за 50% ад яе цаны.
— Трэба разумець, што калі мы кажам «бізнес» — гэта не значыць, што мы зарабляем мільёны долараў. У нас вельмі шмат працы: кожны дзень трэба нешта рабіць, а калі ў нас шмат замоў, Паша не спіць начамі, — жартуе Уладзімір. — Карацей, дзейнасці на мільён долараў. А колькі мы зарабляем? Пакуль гэта немагчыма назваць тымі грошамі, за якія магчыма жыць, бо аўдыторыя беларусаў у эміграцыі не вельмі вялікая.

«Можа, Трамп падумаў: “Зараз буду працаваць з Беларуссю”»
Абсалютны лідар продажу — прынт Make Belarus zaebis again. Па словах прадпрымальнікаў, пераважна з ім купляюць цішоткі, але таксама худзі, шоперы і кепкі.
— Гэта той самы прынт, які людзі больш за ўсё ненавідзяць, ён больш за ўсё ўсім не падабаецца, і ў той жа час ён усім больш за ўсё падабаецца. Гэта рэч, якая не пакіне нікога абыякавым, — кажа Уладзімір. — Агулам гэта наш кавер на Make America grate again («Зрабі Амерыку вялікай зноў». — Заўв. MOST), але ж сэнс зусім іншы.

Аднойчы Уладзімір з Паўлам напісалі ў Instagram Элізабет Піпко — мадэлі і палітычнай актывістцы, прэс-сакратару Рэспубліканскай партыі ЗША, да якой належыць прэзідэнт Дональд Трамп. Яе дзед нарадзіўся ў Мінску ў 1929 годзе, але эмігрыраваў у ЗША.
— Мы ведаем, што ў цябе ёсць беларускія карані, — прыводзіць Уладзімір прыкладны змест паведамлення, — а мы вось такі брэнд і мы б хацелі даслаць табе цішотку «Твой родны кут» з мапай роднага горада твайго дзеда. Яна нам адказала: «Ваў, супер. Дасылайце». А мы ў кожную замову кладзём налепку Make Belarus zaebis again. І ў нас ёсць версія, што, калі яна атрымала гэтую цішотку і пабачыла гэты стыкер, яна паказала яго Трампу — і ён падумаў: «О, вось зараз буду працаваць з Беларуссю». Нам здаецца, што з нас усё пайшло (перамовы Лукашэнкі з ЗША. — Заўв. MOST), — смяецца Уладзімір і ўдакладняе: — Гэта як бы жарт.
— А можа і не жарт, — дадае Павел.
«Брэнд Levi’s паскардзіўся на нас»
Амаль усе кліенты крамы, па словах прадпрымальнікаў, беларусы. Калі ж часам замовы прыходзяць ад палякаў ці ўкраінцаў — гэта звычайна падарункі для сяброў-беларусаў, таму так ці інакш беларусы ўсе адно выступаюць спажыўцамі.
У траўні 2023 года краму чакала выпрабаванне.
— У нас ёсць прынт Logo for Ukraine — лагатыпы вядомых брэндаў, з якіх мы прыбралі назвы брэндаў і дадалі назвы ўкраінскіх гарадоў, а сам лагатып застаўся, — распавядае Уладзімір. — Неяк прачынаемся — а Instagram наш выдалены. Потым мы дазналіся, што брэнд Levi’s паскардзіўся на нас, [маўляў], гэта фэйкавая рэч і мы [парушылі] аўтарскія правы. Было вельмі непрыемна. Уся камунікацыя [з кліентамі] там вялася. І нам прыйшлося, як птушцы Феніксу, аднаўляцца.
З продажы гэтыя прынты беларусы не знялі — проста перасталі публікаваць іх фотаздымкі ў сацыяльных сетках.
У 2024 годзе інтэрнэт-крама атрымала прэмію «Бізнес года» Асацыяцыі беларускага бізнесу ў Польшчы.
— Для мяне Żnivień — гэта бізнес праз які я магу падтрымліваць беларусаў за мяжой. У Кракаве цішоткі можна забраць у мяне самавывазам, і я калі бачу эмоцыі людзей, я разумею, што ў гэтым ёсць сэнс, — кажа Павел. — Мне вельмі прыемна, калі на афлайн-мерапрыемствах людзі кажуць: «Дзякуй за тое, што вы робіце».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



