Нядзеля, 18 студзеня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Гэта ж скарбы». Беларуска расхламляе ў Польшчы чужыя кватэры і шукае там рэчы, з якіх робіць упрыгажэнні

Хрысціна Гараніна Хрысціна Гараніна
19 снежня 2025, 14:16
Гісторыі
A A
Працы Іванкі

Працы Іванкі. Фота з яе архіва

Яшчэ некалькі гадоў таму Іванка Самайловіч вучылася на біятэхнолага ў БДУ і не думала, што калісьці будзе рабіць упрыгажэнні. Але пасля вымушанай эміграцыі яна знайшла сябе менавіта ў гэтым. Элементы для пацерак і калье дзяўчына знаходзіць сярод рэчаў, якія больш не патрэбныя ўладальнікам. Шукае іх у розных месцах, у тым ліку ездзіць на папулярныя ў Польшчы расхламленні кватэр — калі гаспадарам трэба хутка вызваліць нерухомасць перад продажам. Як гэта працуе і чаму яна ўсё ж не бізнесвумен, Іванка расказала MOST.

«Мне не падабаецца слова “біжутэрыя”, бо яно вельмі танна гучыць»

Іванцы Самайловіч 24 гады. У Польшчу яна пераехала ў 2020 годзе па палітычных прычынах. Да гэтага вучылася на біяфаку БДУ па напрамку біятэхналогіі. Эміграцыя моцна ўдарыла па яе маральным стане.

— Я без адукацыі, у незнаёмым горадзе. Мова — незнаёмая. Пару гадоў было вельмі дрэнна, — кажа Іванка.

У новай краіне трэба было шукаць занятак. Так паступова яна вярнулася да таго, што любіла яшчэ да эміграцыі, — стварэння ўпрыгажэнняў.

— Мне не падабаецца слова «біжутэрыя», бо яно вельмі танна гучыць. Мне больш падабаецца «ўпрыгажэнні». У ім адразу зразумела, што чалавек патраціў час і сілы, — тлумачыць яна.

Праца Іванкі
Праца Іванкі. Фота з яе архіва

«Знайшлі дзесяць кілаграмаў біжутэрыі і заплацілі за ўсё 70 злотых»

Купляць новыя матэрыялы Іванка стараецца як мага радзей. Ёй блізкая ідэя перапрацоўкі і паўторнага выкарыстання рэчаў. Да таго ж гэта дазваляе не рабіць паўтораў, а ствараць кожны раз новы выраб.

Матэрыялы для сваіх упрыгажэнняў дзяўчына знаходзіць у самых розных месцах. Адна з галоўных крыніц — крама, дзе яна зараз працуе. Яна дзейнічае ў фармаце вінтаж-шоп, ці цыркулярны буцік. Людзі могуць прыносіць туды непатрэбныя рэчы.

— Да нас часам прыносяць старыя ўпрыгажэнні, часам усё адразу — з падвалаў. Два кіло нейкай старой біжутэрыі, бруднай, з попелам ад цыгарэт, — кажа яна. — Я ўсё гэта перабіраю, мыю, чышчу. Для мяне гэта медытатыўны працэс.

Акрамя крамы, Іванка шукае матэрыялы на кірмашах і барахолках, дзе можна танна знайсці цікавы матэрыял для працы.

— Часам купляю ўпрыгажэнні на вагу. Аднойчы мы з сяброўкай знайшлі дзесяць кілаграмаў біжутэрыі і заплацілі за ўсё 70 злотых, — успамінае яна.

Не ўсе рэчы атрымліваецца выкарыстаць. Частку даводзіцца адразу выкідваць — з імі ўжо нічога нельга зрабіць. Але з некаторых усё ж атрымліваецца стварыць нешта новае.

«Шмат рэчаў проста выкідваюць, хоць яны яшчэ могуць жыць далей»

Адзін з самых нечаканых спосабаў пошуку матэрыялаў — расхламленне кватэр, ці, як гэта называюць па-польску, апружненне. Гэта папулярны ў Польшчы фармат вызвалення кватэр ад непатрэбных рэчаў, напрыклад перад продажам. Гаспадар або агент нерухомасці дае абвестку, і кожны можа прыйсці ў пэўны час і ўзяць тое, што яму патрэбна.

— Часцей за ўсё гэта кватэры старэйшых людзей. Яны паміраюць, а родныя не хочуць разбірацца з рэчамі. Усё трэба хутка вынесці, — тлумачыць Іванка.

Праца Іванкі
Праца Іванкі. Фота з яе архіва

На такія выезды яна ездзіць па працы — для вінтаж-шопа. Каманда глядзіць, што можна забраць, а што ўсё роўна пойдзе на сметнік. Але такі лёс рэчы беларуска ўспрымае асабліва балюча і штосьці «выратоўвае» для сябе.

— Гэта ж скарбы. Шмат рэчаў проста выкідваюць, хоць яны яшчэ могуць жыць далей, — кажа яна.

Адзінае, што дзяўчына заўжды купляе, — фурнітура. Яе нельга браць сэканд-хэнд, бо яна ржавее.

«Хто першы, той лепшы»

Расхламленне кватэры выглядае як сапраўдная гонка.

— Бывае, што ты прыязджаеш за 40 хвілін да пачатку, а там ужо стаяць людзі. Калі гаспадар або агент адчыняе дзверы, дзейнічае простае правіла: хто першы, той лепшы, — кажа Іванка. — Так палякі звычайна і кажуць.

Людзі прыязджаюць па рознае: хтосьці шукае посуд, хтосьці — дываны або мэблю, хтосьці — швейныя машынкі ці дробныя рэчы для дому. Частка таго, што не забяруць, у той жа дзень апынецца на сметніку.

Маска
Маска, якую Іванка рабіла як рэквізіт для фотаздымак. Фатографка: zloj_slon

Кошт такіх выездаў залежыць ад сітуацыі. Часам гаворка ідзе пра аплату за асобныя рэчы, а часам — пра дамоўленасць за «апружненне» ўсёй кватэры.

— Былі выпадкі, калі мы плацілі каля 700 злотых. Іншым разам — каля 1000. Летам можна было забраць цэлую машыну рэчаў, — успамінае Іванка.

Па яе словах, адзінай сістэмы тут няма: усё залежыць ад дамоўленасці, тэрмінаў і таго, наколькі хутка ўладальнікам або агентам трэба вызваліць кватэру.

«Людзі добрыя, калі ласка, дапамажыце аплаціць маю працу»

Восенню 2024 года Іванка паспрабавала рабіць майстар-класы. Яна хацела, каб людзі маглі самі папрацаваць з матэрыяламі і нешта зрабіць. На заняткі прыходзілі і дарослыя, і бацькі з дзецьмі — часта гэта былі сумесныя майстар-класы. Сярод удзельнікаў былі палякі, украінцы і беларусы.

Першых удзельнікаў Іванка шукала праз знаёмых і тэматычныя чаты, пазней людзі пачалі прыходзіць па рэкамендацыях.

Спачатку Іванка здымала памяшканні за ўласныя грошы, а працавала за данаты.

— Я здымала пакой на дзве гадзіны і ставіла скрыначку. Казала: «Людзі добрыя, калі ласка, дапамажыце аплаціць маю працу», — успамінае яна.

Доўгі час майстар-класы выходзілі ў нуль, але потым беларуска стала выходзіць у мінус. Іванка шукала іншыя прасторы, хадзіла па кавярнях, але фармат «за данаты» аказаўся нестабільным — не ўсе гатовыя падтрымліваць такія ініцыятывы. Таму летам 2025 года дзяўчына ўзяла паўзу.

Маска
Маска, якую Іванка рабіла як рэквізіт для фотаздымак. Фатографка: zloj_slon

«Як ацаніць ідэю?»

Упрыгажэнні Іванкі — не серыйныя вырабы. Кожная рэч складаецца з таго, што ўдалося знайсці, і таму заўсёды атрымліваецца своеасаблівай. Знойдзеныя рэчы натхняюць на розныя сюжэты, але сама Іванка любіць тэмы сярэднявечча, фэнтэзі і нават гульню Skyrim. Прызнаецца, што рабіла нават амулеты.

Гатовыя працы Іванкі часам выстаўляе на Etsy — міжнароднай платформе для продажу хэндмэйду, — і на Vinted, папулярнай пляцоўцы для перапродажу рэчаў. Але прызнаецца: прадаваць і ацэньваць сваю працу ёй складана.

— Я ўмею рабіць, але я не бізнесвумен. Як лічыць час, калі ты вязала, потым распускала і пачынала нанова? Як ацаніць ідэю? — тлумачыць Іванка.

Іванка Самайловіч
Іванка Самайловіч у вобразе з упрыгажэннямі. Фатографка: _madlynx

Самы дарагі выраб прадала за 220 злотых

Летам Іванка ўдзельнічала ў кірмашах, пераважна невялікіх і лакальных. Часцей за ўсё гэта былі мерапрыемствы з бясплатным доступам або сімвалічным унёскам. Аўдыторыя там не заўсёды гатовая нешта купляць. З цягам часу беларуска зразумела: каб трапляць на кірмашы з іншай аўдыторыяй, трэба адкладаць грошы.

Часцей за ўсё кошт вырабаў атрымліваецца сімвалічны. Самая дарагая рэч, якую Іванцы ўдалося прадаць, каштавала каля 220 злотых.

— Гэта быў адзіны такі выключны выпадак. Да мяне падышоў мужчына з Францыі, ён быў з маленькім дзіцяці. Яму спадабалася ўпрыгажэнне, і ён яго купіў, — успамінае яна.

Праца Іванкі
Выраб Іванкі, які прадалі за 220 злотых. Фота з яе архіва

Ад аксесуара да вобраза

Сёння Іванка ўсё часцей працуе як аўтарка не толькі аксесуараў, але і вобразаў у цэлым. Падбірае рэчы для мадэляў на фотасесіях, працуе з прычоскай і над агульным візуальным рашэннем, займаецца сцэнаграфіяй.

— Я магу ўявіць, як гэта павінна выглядаць і потым зрабіць гэта рукамі, — кажа яна.

Праца Іванкі
Праца Іванкі для фотаздымак. Фатографка: zloj_slon

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнае

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

прыбірае снег

«Я — як супервумен». Правялі дзень з беларускай, якая ў Польшчы прыбірае снег у дварах

MOST
16 студзеня 2026, 18:43

Студзеньскае надвор’е дадало клопатаў Валерыі. Беларуска жыве ў Беластоку і працуе прыбіральшчыцай, а зараз яшчэ і расчышчае сцежкі каля пад’ездаў. Журналістка MOST правяла з ёй працоўны дзень і...

купить квратиру в Польше

«Нужно было убедить, что именно мне нужно жилье». Беларуска выиграла конкурс на муниципальную квартиру в Варшаве

Хрысціна Гараніна
16 студзеня 2026, 13:43

За квартиру в Варшаве Елизавета платит всего 1200 злотых в месяц — это уже с коммунальными услугами и интернетом. Договор аренды бессрочный. Муниципальное жилье беларуска, которой пришлось эмигрировать...

экскурсіі па Варшаве

«Гэта мой асабісты выклік». Польскі гід водзіць экскурсіі па Варшаве на беларускай мове

MOST
15 студзеня 2026, 17:56

Калі ў Варшаве пачынаецца экскурсія на беларускай мове, не ўсе адразу здагадваюцца, што гід — паляк. Альбэрт Ежы Вежбiцкi праводзіць гарадскія туры для беларусаў з 2022 года —...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты