Алена Глагоўская ўзначальвае Беларускае культурнае таварыства «Хатка» ў Гданьску. Яно працуе ўжо больш за 33 гады — ладзіць імпрэзы, арганізуе выставы, рэалізуе праект па ўсталяванні крыжа ў гонар змагароў за вольную Беларусь. За тры дзесяцігоддзі дзяячка змагла распаўсюдзіць любоў да беларускай культуры, мовы і гісторыі. MOST пагутарыў з ёй пра захаванне беларускасці ў Польшчы.
Нарадзілася Алена Глагоўская ў Польшчы, каля самай мяжы з Беларуссю. Пасля Другой сусветнай вайны яе вёска Ярылаўка ўваходзіла ў склад БССР, але ў 1948 годзе, калі карэкціравалі мяжу, адышла да Польшчы. Жылі там пераважна беларускія сем’і. Перапіс насельніцтва 1921 года паказаў, што ўсе ў вёсцы падалі беларускую нацыянальнасць.
— У маёй роднай вёсцы размаўлялі выключна на беларускай мове. Там ніхто не размаўляў па-польску, — успамінае жанчына.
Беларускамоўнай была і сям’я Алены — размаўлялі на мясцовай гаворцы, «па-просту». Польскую яна вывучыла, толькі калі пайшла ў школу, а беларуская мова выкладалася там як дадатковы прадмет.
Веданне беларускай было вельмі важкім аргументам
Пасля Алена скончыла факультэт журналістыкі і палітычных навук у Варшаўскім універсітэце і стала працаваць у Гданьскім універсітэце. Жанчына ведала беларускую мову, і адзін з прафесараў звярнуў на гэта ўвагу і прапанаваў займацца гісторыяй Беларусі.
— Гэта быў такі вельмі важкі аргумент, — падкрэслівае Алена.
Калі ў 1997 годзе паўстала кафедра беларускай культуры ў Беластоцкім універсітэце, даследчыцы прапанавалі там працу. Таксама Алена Глагоўская працавала ў Вышэйшай школе інфарматыкі і эканомікі ў Ольштыне і на гістарычным факультэце ўніверсітэта ў Быдгашчы.
Больш за 40 гадоў Алена Глагоўская займаецца нацыянальнымі і этнічнымі праблемамі, а таксама польска-беларускімі адносінамі. Яна выдала некалькі кніг і больш за 700 артыкулаў, апублікаваных у польскіх і замежных зборніках і часопісах.
— Калі я ўжо працавала ў Гданьску, мой настаўнік, дырэктар пачатковай школы ў Баброўніках, сказаў, што ў Гданьску ёсць беларускае таварыства і каб я далучылася да яго.
«Каб не страціць сваё»
З таго часу Алена пачала актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах і падзеях гданьскага таварыства, якое тады яшчэ было падраздзяленнем беластоцкага. А ў 1992 годзе ў Гданьску з’явілася Беларускае культурнае таварыства «Хатка». Заснавалі яго беларусы, якія ў большасці сваёй былі выхадцамі з Беласточчыны, аднак хутка да дзейнасці суполкі далучыліся і жыхары ўзбярэжжа Балтыкі беларускага паходжання, якія апынуліся там пасля Другой сусветнай вайны.
Цяпер «Хатка» — гэта найстарэйшая беларуская арганізацыя на польскім Памор’і, якая ладзіць святкаванне ўгодак Беларускай Народнай Рэспублікі, праводзіць канцэрты, мастацкія выставы, прэзентацыі кніг і фільмаў. Цяпер яна хоча ўсталяваць у Гданьску крыж у гонар змагароў за вольную і дэмакратычную Беларусь. Такая ідэя ўзнікла яшчэ ў 2018 годзе падчас святкавання 100-годдзя БНР.
Усе, хто дзейнічае ў таварыстве, працуюць як валанцёры. На арганізацыю мерапрыемстваў грошы збіраюць ад фондаў, арганізацый, данацяць і простыя людзі.
— Хочацца падтрымаць сваё, каб проста не расплысціся ў гэтым моры польскасці, перадусім каб не страціць сваё і ўвесь час мець сувязь з бацькаўшчынай і са сваім родным. Гэта дае мне сілу і энергію, — кажа Алена Глагоўская.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



