У Беластоцкай ратушы адкрылася фотавыстава, прысвечаная 70-годдзю першага нумара штотыднёвай газеты «Ніва». Журналістка MOST наведала яе і даведалася, як выданне больш за паўстагоддзя аб’ядноўвала беларусаў па абодва бакі мяжы.
«Я памятаю гэтыя часы»
Да афіцыйнага адкрыцця выставы застаецца яшчэ каля дваццаці хвілін. Большасць наведвальнікаў чакаюць у агульнай зале — вітаюцца і абдымаюцца адзін з адным. Польскія словы перамешваюцца з беларускімі.
У экспазіцыйных залах пакуль цішыня. На здымках «Нівы» — беластоцкія вуліцы, жыхары Падляшша і нават будаўніцтва мікрараёна Паўднёвы Захад у Мінску. Выстава складаецца з адабраных здымкаў «Нівы», якія карэспандэнты зрабілі з 1956 па 2000 год.
— Гэта Белавежская пушча ці Кнышынская? — па-польску пытаецца жанчына ў свайго спадарожніка.
На фота ўсё ж Кнышынская пушча. Наведвальніцу завуць Гражына Волкаў — яна прыйшла паглядзець на Беласток свайго дзяцінства.
— Я тут нарадзілася і памятаю гэтыя часы. Цяпер гляджу на гэтыя здымкі і разумею: няма таго сусвету. Мы жылі больш сціпла, бо гэта былі пасляваенныя часы: не было багатых і бедных, усе былі роўнымі. Але было добра, прасцей, — усміхаецца Гражына.
Жанчына дадае, што Беласточчына заўсёды была шматкультурным рэгіёнам, дзе жылі палякі, беларусы і яўрэі. Гражына хоча, каб такой яе радзіма была і надалей.

«На старонках сустракаліся беларусы ўсходу і захаду»
Урачыстая частка адкрыцця выставы пачынаецца. Людзі набіваюцца ў залу, каб паслухаць выступоўцаў. Са сцэны гучаць вітальныя словы, успаміны, жарты.
Галоўны рэдактар «Нівы» Яўген Вапа кажа, што газета аб’яднала беларусаў яшчэ да з’яўлення сацсетак. Чытачы дасылалі ў рэдакцыю лісты, а карэспандэнты, каб сабраць інфармацыю, працавалі ў розных рэгіёнах, на старонках друкаваліся беларускія пісьменнікі, творы якіх не прапускала цэнзура БССР.


На адным з фотаздымкаў усміхаецца маладая дзяўчына. Гэта пісьменніца і журналістка Міра Лукша, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў друкуецца на старонках «Нівы». Рэальная жанчына стаіць побач са сваім фотапартрэтам. Часу на святкаванне юбілею выдання ў яе амаль няма. На адкрыццё выставы журналістка прыйшла з фотаапаратам — робіць матэрыял для газеты.
— Гэта 70 гадоў хронікі Беласточчыны, але не толькі, — расказвае яна. — У газеце таксама друкаваліся аўтары, якія па розных прычынах былі забароненыя ў Беларусі. Так на старонках сустракаліся беларусы ўсходу і захаду. Мы пісалі пра Падляшша, пра беларускамоўныя школы, пра вёску. Друкавалі інфармацыю нават пра тое, як садзіць бульбу або як завязаць гальштук.
Журналістка дадае, што праз газету беларуская моладзь атрымлівала не толькі карысную інфармацыю але і парады, гістарычныя і культурныя веды.

«Мяжа падзяляла беларускае насельніцтва цягам пакаленняў»
Ігар Лукашук — дырэктар ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы. Цікавімся, ці атрымліваецца ў этнічных беларусаў Падляшша захоўваць ідэнтычнасць у сучасным свеце.
— Мяжа аддзяляла [беларускую] меншасць у Польшчы ад асноўнага беларускага насельніцтва цягам пакаленняў. Таму беларусы на Беласточчыне стварылі сваю беларускасць. З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо дае магчымасць захаваць сваё, нягледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі. З іншага — дрэнна, бо за гэтыя дзесяцігоддзі Беларусь не магла паўплываць на меншасць, — лічыць Ігар Лукашук.
Па словах дырэктара, з кожным дзесяцігоддзем колькасць людзей, якія дэкларуюць сваю прыналежнасць да беларускай меншасці, памяншаецца.

«Не сумуйце, бо мы — тутэйшыя людзі»
Па экспазіцыйных залах энергічна перамяшчаецца невысокі мужчына ў касцюме. Робіць фота на тэлефон і вітаецца з гасцямі. Пётр Юшчук называе сябе сапраўдным беларусам і адданым чытачом «Нівы».
— Я тутэйшы чалавек, у «Ніве» чытаю ўсе артыкулы пра гісторыю Падляшша, Беларусі і іншых краін, якія вакол нас. Сёння я прыйшоў на выставу, каб пабачыць, як існавала «Ніва» цягам 70 гадоў, — гляджу і часам нават памятаю фрагменты, што чытаў, і людзей на здымках.
Пётр заўважае: маладое пакаленне ганарыцца тым, што з’яўляецца часткай этнічнай меншасці.
— У 90-я гады, у перыяд трансфармацыі, тут крыху адыходзілі ад беларускасці: быў адміністрацыйны націск. Але як толькі Польшча ўвайшла ў ЕС (у 2004 годзе. — Заўв. MOST), усе тутэйшыя беларусы пачалі называць сябе і падляшукамі, і еўрапейцамі. І пайшло памкненне: мы — годныя людзі. На сёння я бачу: не толькі дзяды ганарацца тым, што яны падляшукі, — унукі таксама. Таму не сумуйце, бо мы — тутэйшыя людзі! — усклікае Пётр.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



