У цэнтры Седльцаў стаіць ратуша XVIII стагоддзя, вядомая як «Яцэк». Штодня з яе вежы гучыць паланэз «Развітанне з Радзімай» — твор Міхала Клеафаса Агінскага, які пазнае амаль кожны беларус. Седльцы належалі роду кампазітара. Тут і сёння стаіць палац, звязаны з Агінскімі, — сведка часу, калі палітыка, музыка і вялікая гісторыя сустракаліся пад адным дахам.
Палац у Седльцах быў узведзены ў XVIII стагоддзі для роду Чартарыйскіх — аднаго з самых уплывовых магнацкіх дамоў Рэчы Паспалітай. Чартарыйскія стварылі палітычную групоўку «Фамілія» і вялі барацьбу за рэформы дзяржавы, у тым ліку з Радзівіламі. Пазней праз шлюб палац перайшоў да Агінскіх.
Пры княгіні Аляксандры Агінскай, цётцы кампазітара, Седльцы сталі важным культурным і палітычным цэнтрам. У палацы ладзіліся канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, балі, але таксама прымаліся асобы, якія вызначалі кірунак развіцця дзяржавы. Тут неаднаразова бываў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Паводле падання, будынак часткова перабудавалі, каб манарху было зручней тут спыняцца.
Паміж Седльцамі і Залессем
Род Агінскіх займаў важнае месца ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Беларусам найперш вядомае Залессе на Смаргоньшчыне — сядзіба Міхала Клеафаса, дзе сёння дзейнічае музей. Але гісторыя роду не абмяжоўваецца сучаснай беларускай тэрыторыяй.
Агінскія валодалі маёнткамі ў розных частках былой дзяржавы, удзельнічалі ў палітычным жыцці, займалі дзяржаўныя пасады. Сам Міхал Клеафас быў не толькі кампазітарам, але і дыпламатам, удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Яго паланэз, які стаў сімвалам развітання з Айчынай, сёння набыў новае гучанне для многіх беларусаў у эміграцыі.
Падчас Другой сусветнай вайны палац у Седльцах быў знішчаны пажарам. У 1950-я гады яго аднавілі. Сёння ў будынку месціцца адміністрацыя мясцовага ўніверсітэта, а тэрыторыя вакол адкрытая для наведвання.
Стары парк з алеямі і лаўкамі стварае атмасферу спакою. Гэта не музей у класічным сэнсе, але месца, дзе можна адчуць маштаб эпохі і ўявіць, як тут вяліся размовы пра будучыню краіны. Для беларусаў у Польшчы гэта яшчэ і магчымасць дакрануцца да часткі ўласнай гісторыі без перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Што яшчэ варта пабачыць
Акрамя палаца, у Седльцах варта звярнуць увагу на саму ратушу з фігурай атланта на вежы — паводле легенды, яе прататыпам быў конюх княгіні Аляксандры Агінскай, Яцэк.

Горад быў шматкультурным. У XIX стагоддзі каля паловы яго насельніцтва складалі яўрэі, Седльцы былі важным гандлёвым цэнтрам рэгіёна.
Седльцы не ўражваюць маштабам. Але яны даюць зразумець кантэкст. Тут выразна бачна, што спадчына Агінскіх — агульная для некалькіх краін. І паланэз, які штодня гучыць над горадам, нагадвае пра гэта лепш за любыя шыльды.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



