У Гданьску завяршылі стварэнне Крыжа ў гонар змагароў за вольную і незалежную Беларусь. Яго ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне адбудзецца 21 сакавіка на Гарнізонных могілках. Пра гэта паведаміла Беларускае культурнае таварыства «Хатка», якое ініцыявала праект.
Цырымонія пачнецца ў 14:00 па адрасе ul. gen. Dąbrowskiego 2. Уваход вольны.
Як адзначаюць арганізатары, праект удалося рэалізаваць дзякуючы падтрымцы беларускай супольнасці. Агульны кошт склаў амаль 52 тысячы злотых. Каля 27 тысяч з іх сабралі ахвяраваннямі — праз банкаўскі рахунак, платформу zrzutka.pl і непасрэдныя ўнёскі. Яшчэ 20 тысяч злотых ахвяравалі Gdańskie Autobusy i Tramwaje.
Ідэя стварэння мемарыяла з’явілася яшчэ ў 2018 годзе — падчас святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ініцыятары адзначалі, што многія беларускія дзеячы не маюць магіл — яны загінулі ў савецкіх лагерах, былі расстраляныя або зніклі без вестак.
Пасля падзей 2020 года, а таксама на фоне вайны ва Украіне, гэтая тэма стала яшчэ больш актуальнай.
«Мы лічым сваім абавязкам стварыць у Гданьску сімвалічнае месца нацыянальнай памяці, каб ушанаваць герояў і захаваць пра іх памяць для будучых пакаленняў», — адзначалі арганізатары.
Крыж усталяваны на Гарнізонных могілках у Гданьску. Праект распрацаваў архітэктар Станіслаў Шыманьскі, у рэалізацыі ўдзельнічалі каменячос Раман Лебрэхт і сталяр Ян Ассоўскі.





