Аляксандр год змагаўся за права легалізавацца ў Польшчы праз уз’яднанне з сям’ёй. Яму адмаўлялі, а ў пэўны момант нават загадалі пакінуць краіну. Усё праз змену дамовы сацыяльнага забеспячэння. Спачатку ён быў унесены ў поліс жонкі, а потым атрымаў свой. Пра памылку сістэмы і яе выпраўленне беларус расказаў MOST.
— У маі 2025 года я падаўся на часовы побыт у Польшчы па ўз’яднанні сям’і. На той момант мая жонка і дачка чакалі рашэння па сталым побыце на падставе карты паляка (дакумента, які пацвярджае польскае паходжанне. — Заўв. MOST). Жонка працавала афіцыйна па працоўнай дамове (umowa o pracę), мела стабільны даход, а я быў далучаны да яе страхоўкі ZUS (установа сацыяльнага страхавання. — Заўв. MOST) як член сям’і.
Праз некалькі тыдняў пасля падачы дакументаў я знайшоў працу і пачаў самастойна плаціць унёскі ў ZUS. Адпаведна, я перастаў быць далучаным да страхоўкі жонкі і стаў асобным плацельшчыкам.
У чэрвені 2025 года я заказным лістом паведаміў ужонд пра змену свайго статусу. Ліст быў атрыманы — у мяне засталося афіцыйнае пацвярджэнне. У верасні я паўторна адправіў тыя ж дакументы праз [сэрвісы] ePUAP і e-Doręczenia.
Я хацеў проста аднаго — каб у маёй справе была поўная і дакладная інфармацыя.
Але пазней мая жонка і дачка атрымалі сталы побыт. А мне прыйшла адмова.
У рашэнні было пазначана, што я «не даказаў наяўнасць медыцынскага страхавання і выплаты ZUS». Пры гэтым у тым жа рашэнні ўжонд (дзяржаўны орган. — Заўв. MOST)) апісваў усе мае перамяшчэнні паміж страхоўкамі — яны ўсё бачылі. Але адначасова сцвярджалі, што я нічога не падаваў. А я дасылаў дакументы двойчы.
Было першае адчуванне, якое вярталася пасля кожны раз пасля кожнай адмовы: што ты ўсё робіш правільна, але вынік ужо напісаны загадзя.
«Мне далі 30 дзён, каб пакінуць Польшчу»
— Мы падалі апеляцыю ў межах 14 дзён. 12 сакавіка 2026 года ўжонд запатрабаваў дадатковыя дакументы: [домаву на] арэнду жылля, працоўны кантракт, свежыя пацвярджэнні ZUS.
Я сабраў усё максімальна дакладна. Заверыў дакументы праз натарыуса з электронным подпісам, адправіў праз e-Doręczenia і падпісаў [давераным профілем] Profil Zaufany.
28 красавіка прыйшла новая адмова. У рашэнні было напісана, што я падаў «толькі сканы дакументаў, не завераныя натарыяльна».
Я чытаў гэта і не верыў. Бо дакументы былі афіцыйна завераныя і правяраліся ў некалькі клікаў.
Плюс новы ўдар: мне далі 30 дзён, каб пакінуць Польшчу.
«Супрацоўнік літаральна схапіўся за галаву»
— Пасля адмовы я страчваў доступ да рынку працы. Гэта было імгненнае і жорсткае наступства. Я паведаміў працадаўцу, і мы спынілі супрацоўніцтва.
У той жа дзень мы падалі скаргу ўжонду, дадалі інструкцыі праверкі электроннага подпісу і паказалі, што гэта відавочная памылка.
Адказу не было.
На наступны дзень я падаўся на міжнародную абарону. Падставы ў мяне былі: палітычны пераслед, крымінальны артыкул у Беларусі (артыкул, які называе Аляксандр, адносіцца да «палітычных». — Заўв. MOST) і арышт маёмасці.
Не было іншага выбару.
Пры гэтым я працягваў збіраць дакументы і бараніць сваю справу.
15 мая я прыйшоў ва ўжонд. Супрацоўнік у акне выслухаў мяне, узяў нумар справы, адкрыў сістэму — і рэакцыя была нечаканай. Ён літаральна схапіўся за галаву. Паклікаў калегу. Яны доўга нешта правяралі, абмяркоўвалі, выходзілі з дакументамі.
У гэты момант упершыню за доўгі час з’явілася надзея. Не ўпэўненасць. Менавіта надзея. Што зараз скажуць: «Так, гэта памылка, мы выпраўляем».
Але праз некалькі хвілін яны вярнуліся. І ўжо іншым тонам сказалі, што нічога зрабіць нельга, маўляў, ідзіце ў суд. У іх не было часу разбірацца з маёй справай. А для мяне гэта было жыццё, якое ў той момант развальвалася.
«Пасля месяцаў страху ўсё скончылася адной фразай: Рашэнне адменена»
— Я пачаў рыхтаваць скаргу ў суд. Паралельна падаў скаргі ў МУС і амбудсмену па правах чалавека.
І тады ж з’явіўся яшчэ адзін пласт жыцця: каля шасці месяцаў без права на працу.
Гэта быў перыяд, калі час стаў пустым, але стрэс — пастаянным.
21 траўня 2026 года я атрымаў паведамленне: папярэдняе рашэнне адменена. Ужонд (Упраўленне па справах іншаземцаў. — Заўв. MOST) выдаў новае рашэнне — часовы побыт на тры гады па ўз’яднанні сям’і.
Пасля месяцаў страху, страты працы і пастаяннага адчування, што ты ў пастцы, усё скончылася адной фразай: «Рашэнне адменена».
«Захоўвай дакументы. Падавай скаргі. Ідзі ў суд, калі трэба»
— Пачуццё несправядлівасці — гэта не адзін эпізод. Гэта фон, які ідзе побач гадамі. І кожны раз, калі сістэма памыляецца, гэтае пачуццё не проста вяртаецца — яно разбурае знутры. Але калі ты ведаеш, што маеш рацыю, ты не абавязаны з гэтым згаджацца. Захоўвай дакументы. Падавай скаргі. Ідзі ў суд, калі трэба.
Бо часам настойлівасць аказваецца адзіным спосабам вярнуць справядлівасць там, дзе яе не хацелі бачыць.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



