54% беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, хочуць застацца ў гэтай краіне жыць стала, яшчэ 13% — больш чым на год. Такія вынікі даследавання Нацыянальнага банка Польшчы. YouTube-праект «Зроблена ў Польшчы» спытаў палякаў, як яны да гэтага ставяцца.
Спачатку аўтары праекта запыталі рэспандэнтаў, колькі ўсяго, на іх думку, беларусаў у Польшчы. Ацэнкі былі самыя розныя — ад 10 тыс. да 5 млн. Насамрэч колькасць, верагодна, вымяраецца некалькімі сотнямі тысяч. Да прыкладу, ВНЖ маюць каля 138 тыс. беларусаў, але шмат хто таксама працуе па візе, чакае легалізацыі альбо ўжо атрымаў польскае грамадзянства.
«Чым больш людзей, тым больш працоўных рук і больш дзяцей»
— Згодна з дадзенымі Нацбанка, большасць гэтых людзей [беларусаў] хоча застацца тут назаўсёды і купіць сабе кватэры. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Спакойна, не бачу ў гэтым праблемы. Калі ўсе жывуць мірна, то няма розніцы, з якога канца свету нехта паходзіць.
— Мяне гэта сапраўды вельмі цешыць! Я рады бачыць беларусаў у Польшчы.
— То-бок вас гэта не турбуе нейкім чынам?
— Абсалютна не! Запрашаем у Варшаву ці іншыя гарады. Я не бачу ў гэтым нейкай праблемы, а зусім наадварот — чым больш людзей з Беларусі будзе жыць у Польшчы, тым больш у іх будзе магчымасцей перадаць свой досвед беларусам, якія застаюцца ў Беларусі.
— Вельмі добра! Няхай застаюцца тут назаўсёды і не вяртаюцца туды. Мяне цешыць, што шмат беларусаў пераехала сюды, яны сумленна працуюць, плацяць падаткі, плацяць узносы ў ZUS і NFZ (на сацыяльнае і медыцынскае страхаванне. — Заўв. MOST), вельмі часта гэта маладыя людзі, якія падтрымліваюць нашую пенсійную сістэму, гэта вельмі добра. У мяне добры досвед кантактаў з беларусамі, гэта добрыя людзі. Таму запрашаю ў Польшчу, жывіце тут, развівайцеся і будуйце сваю будучыню.
— Я ведаю, як выглядае пакупка нерухомасці ў нашыя часы, таму магу зычыць ім толькі поспеху. Бо я сам у дадзены момант стаю перад выбарам, ці далей здымаць кватэру, ці, напрыклад, адмовіцца ад жыцця ў Варшаве, узяць крэдыт і даязджаць да сталіцы з меншага горада, дзе кватэры таннейшыя. Таму зычу поспехаў.
— Ведаеце, мне здаецца, што ў дадзены момант не варта бачыць у гэтым нейкую пагрозу.
— Файна! Няхай купляюць. Калі маюць грошы, то няхай купляюць. Так працуе вольны рынак.
— Мне здаецца, што гэта добра, бо ў такім выпадку яны будуць таксама развіваць тут свае фірмы, ствараць новыя месцы працы. Гэта добра як для іх, так і для польскіх грамадзян.
— Думаю, што гэта OK, бо гэта значыць, што яны будуць тут працаваць, зарабляць, гэтыя грошы застануцца ў Польшчы, а Польшча зможа карыстацца грашыма з падаткаў.
— Гэта вельмі добра! Чым больш людзей, тым больш працоўных рук і больш дзяцей, а з гэтым у нас найвялікшыя праблемы.
«Заўсёды знойдзецца хтосьці, каму не будзе падабацца, што ёсць людзі іншай нацыянальнасці»
— А ці маглі б вы нешта параіць беларусам, каб стацца сваімі тут у Польшчы?
— Польская мова даецца вам лёгка, нават лепш, чым украінцам. Раю часцей хадзіць на польскія вечарынкі, ха-ха. Я некалі быў на беларускай вечарынцы, дакладней на беларуска-ўкраінскай, і пабачыў, наколькі яны розныя. Запрасіла мяне дзяўчына з Беларусі. І здаецца мне, што тут ёсць вялікая прастора для інтэграцыі — файныя вечарынкі з файнай энергіяй.
— Будзьце добрымі ў адносінах да іншых — і ўсё будзе добра.
— Нават не ведаю, гэта добрае пытанне. Трэба інтэгравацца, размаўляць з палякамі і жыць, таксама як і мы жывём. Што тут можна яшчэ сказаць.
— Не трэба рабіць чагосьці, акрамя таго, што рабілі ў сваёй краіне. Жыць згодна з польскімі законамі, і гэтага дастаткова. Я не чакаю нічога большага ад іншаземцаў, галоўнае, каб была павага да іншых людзей і польскіх законаў.
— Вучыце польскую мову і старайцеся быць найлепшымі людзьмі, якімі можаце. І тады вы будзеце адчуваць сябе як дома.
— Будзьце шчырымі і адкрытымі, так будзе найлепей.
— Наколькі я ведаю сваю краіну і менталітэт людзей, то заўсёды знойдзецца хтосьці, каму не будзе падабацца, што ёсць тут таксама людзі іншай нацыянальнасці. Таму што я магу параіць? Не звяртаць на гэта ўвагі. Бо, нават будучы палякам, не заўсёды атрымліваецца адчуваць сябе сваім, бо дастаткова мець іншыя палітычныя погляды. Таму не турбуйцеся — і гэта ўсё.
— Перадусім трэба прытрымлівацца тых правіл, якіх мы самі прытрымліваемся. Калі вы прыязджаеце ў нейкую краіну, якая не з’яўляецца вашым домам, але вы хочаце, каб была, то паводзьце сябе так, як жыхары гэтай краіны. Здаецца, што гэта найбольш карысная парада. Калі мы самі выязджаем ці то ў Германію, ці ў Швецыю, то палякі заўсёды стараюцца не адрознівацца. Нават калі ў нас іншы погляд на розныя справы, але мы госці. Трэба памятаць, што вы госці ў нашай краіне і мы дазволілі вам тут жыць і працаваць. А калі хочаце застацца, то гэта ўжо вашае рашэнне.
— Па-першае, трэба паважаць нашую культуру і людзей. Мне ўвогуле здаецца, што калі ты паважаеш іншых людзей, то яны будуць паважаць цябе.
— Мне здаецца, што варта не баяцца наладжваць кантакты. Бо чым больш кантактаў у цябе будзе з сябрамі-палякамі, тым лягчэй будзе разбураць розныя стэрэатыпы.
— Працаваць. Не ленавацца і працаваць.
«Калі мы ў гасцях, то скардзіцца не павінны»
— Ці беларусы і іншыя іншаземцы маюць права скардзіцца, што, напрыклад, цягнікі спазняюцца, доўга трэба чакаць у чарзе да доктара ці што ў нядзелю ўсё зачынена?
— Калі яны тут жывуць, працуюць, намагаюцца асімілявацца, то ў іх такія ж самыя правы, як у палякаў. Могуць скардзіцца на ўсё што заўгодна, як і мы.
— На маю думку, калі яны прыехалі сюды, то павінны прыняць умовы і правілы, якія ёсць у нас. А калі нешта не адпавядае, то заўсёды ёсць іншыя гарады і можна пераехаць. Я сам, напрыклад, працую ў такой галіне, што не хацеў бы, каб крамы былі адчыненыя ў нядзелю.
— Гэта ж нармальна. Напрыклад, цягнікі заўсёды спазняюцца ў кожнай краіне, і гэта норма. Я шмат падарожнічаю і бачыў, як гэта выглядае ў іншых краінах. На мой погляд, не варта ўвогуле скардзіцца, бо гэта не варта тваіх нерваў. Трэба быць больш спакойным.
— Кожны мае права скардзіцца, і, на маю думку, мы не можам адмаўляць іншым у гэтым праве. Добра, калі іншаземцы робяць гэта ветліва. А мы, палякі, будзем змагацца за тое, каб крамы ў нядзелю былі адчыненыя, каб чэргі да ўрачоў былі як мага карацейшыя. А беларусы, якія не могуць галасаваць, няхай плацяць падаткі, развіваюцца, а мы зробім усё астатняе.
— Мне падаецца, што маюць такое права. Бо калі мы, палякі, самі выязджаем у іншыя краіны, то таксама скардзімся, што недзе гучна ці людзі нам не адпавядаюць, ці што нехта ставіцца да палякаў негатыўна. І гэта нам таксама перашкаджае за мяжой. У рэшце рэшт усе мы толькі людзі.
— Гэта залежыць ад характару чалавека, праўда? Але здаецца мне, што калі мы ў гасцях, то скардзіцца не павінны. Бо заўсёды можна выбраць іншы напрамак, так я лічу.
— Кожнага гэта раздражняе і кожны мае права скардзіцца.
— На маю думку, мы ўсе маем такое права. Я, напрыклад, таксама хацела б, каб крамы былі адчыненыя ў нядзелю, бо я шмат працую ў будні і гэта аблягчыла б мне жыццё. Але я не маю ўплыву на гэта і мушу прыстасавацца. Такая мая парада для ўсіх.
— Здаецца, што так выглядае наша польская рэчаіснасць і палякам гэта таксама перашкаджае. І, на маю думку, найлепей было б супольна нешта з гэтым зрабіць. А скардзіцца на ўсё — гэта вельмі польская рыса, таму я не бачу ў гэтым праблемы.
— Мы таксама на пачатку моцна скардзіліся [на зачыненыя ў нядзелю крамы]. Таму гэта найменшая з праблем.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



