У Аўгустове і вёсцы Гібы ўшанавалі ахвяр Аўгустоўскай аблавы, якую 12 ліпеня 1945 года пачалі Чырвоная армія, НКУС і Народная польская армія. Аблава лічыцца найбольшым злачынствам супраць палякаў, здзейсненым пасля Другой Сусветнай вайны. У яе выніку зніклі без вестак каля 600 чалавек — магчыма, яны былі забітыя і пахаваныя на тэрыторыі Беларусі.
Аўгустоўская аблава адбывалася з 12 да 28 ліпеня 1945 года, яе мэтай было знішчэнне польскага антыкамуністычнага падполля ў раёне Сувалак і Аўгустова. Камуністычныя войскі і спецслужбы прачасалі поўнач сучаснага Падляскага ваяводства: акружалі вёскі і арыштоўвалі ўсіх, каго падазравалі ў супрацоўніцтве з польскім падполлем. Пад аблаву трапілі і жыхары чатырох вёсак Гродзенскага раёна. Першапачаткова былі затрыманыя каля 7 тыс. чалавек.
Большасць затрыманых адпусцілі пасля допытаў, якія часта суправаджаліся катаваннямі. 252 літоўцаў перадалі органам НКУС савецкай Літвы. Каля 600 палякаў былі вывезеныя ў невядомым кірунку. Святло на іх лёс пралівае тэлеграма, знойдзеная ў 1990 годзе ў расійскіх архівах. 20 ліпеня 1945 года кіраўнік савецкай вайсковай контрразведкі генерал Віктар Абакумаў паведамляў аб прыбыцці спецыяльнай групы для «ліквідацыі бандытаў, затрыманых у аўгустоўскіх лясах». Колькасць асоб, прызначаных для ліквідацыі, паводле тэлеграмы, — 592.

Месца іх забойства і пахавання не знойдзенае дагэтуль. Паводле адной з версій, забітых маглі пахаваць у ваколіцах вёскі Калеты, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі на поўнач ад мястэчка Сапоцкін каля мяжы з Польшчай. Даследаванне гэтага месца немагчымае з-за палітычнай сітуацыі.
Сёлета 12 ліпеня адбыліся дзве ўрачыстасці ўшанавання ахвяр Аўгустоўскай аблавы. На мемарыяле — Пагорку Крыжоў — у вёсцы Гібы Сейненскага павета сабраліся сем’і ахвяр, а таксама прадстаўнікі ўраду, самакіравання, войска, паведамляе беластоцкая Gazeta Współczesna. Удзельнікі ўсклалі кветкі і запалілі знічы пад помнікам.
— Мы стаім тут, успамінаючы людзей, у якіх адабралі ўсё: жыццё, годнасць, сям’ю і нават магілу. Іх забойцы хацелі, каб яны зніклі не толькі з гэтага свету, але і з нашай памяці. Яны хацелі, каб зямля прыняла іх целы, а разам з імі пахавала праўду пра здзейсненае злачынства, — цытуе выданне Пятра Рыдзеўскага, старшыню Саюза памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы.
У Аўгустове ўрачыстасці адбыліся пры камяніцы, у якой трымалі арыштаваных падчас аблавы. Цяпер у ёй Дом памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы.
— Аўгустоўская аблава была савецкім злачынствам. Я тут не маю на ўвазе нацыянальнай ідэнтыфікацыі злачынцаў — мы ведаем, што ў акцыі прымалі ўдзел таксама і польскія аддзелы. Гаворка пра ментальнасць тых, хто запланаваў і загадаў гэтае злачынства, — ментальнасць, супярэчную каштоўнасцям, якія мы ідэнтыфікуем як еўрапейскія: хрысціянскай пашане людской годнасці і перакананню, што прававы парадак павінен абапірацца на справядлівасць. Без гэтых каштоўнасцяў кожнай палітыцы непазбежна пагражае скочванне ў варварства. А крах савецкага таталітарызму найлепш вучыць нас таму, што кожны рэжым, які ганарыцца сваёй забойчай эфектыўнасцю, урэшце ўсё роўна прайграе, здавалася б, крохкай чалавечай памяці і веры ў справядлівасць., — сказаў прысутны на мерапрыемстве падляскі ваявода Яцак Бжазоўскі.

Ва ўрачыстасцях у Аўгустове прыняў удзел дзеяч Саюза палякаў у Беларусі, былы палітзняволены Анджэй Пачобут.
— Я быў сёння між тымі, хто памятае, у тым ліку і пра ахвяр з Гродзеншчыны — жыхарах вёсак Калеты, Баляненты, Асочнікі і Турэц Гродзенскага раёна, — напісаў Пачобут у Facebook.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



