89-гадовы грамадзянін Польшчы ў падлеткавым узросце быў сасланы з Заходняй Беларусі ў Іркуцкую вобласць разам са сваім бацькам, былым жаўнерам Арміі Андэрса. Ён звярнуўся ў суд па кампенсацыю за пакуты свайго бацькі, і атрымае 672 тыс. злотых. MOST вывучыў судовае рашэнне і біяграфію цесляра з вёскі пад Іўем, які не шукаў у сваім жыцці прыгодаў, але двойчы трапляў у савецкую няволю і быў вымушаны пакінуць родныя мясціны.
Быў мабілізаваны ў пачатку Другой сусветнай
У чэрвені 2026 года Апеляцыйны суд ва Уроцлаве разглядаў іск Э. Ш., які пажадаў атрымаць грашовую кампенсацыю за пакуты свайго бацькі А. Ш., перажытыя ў ссылцы ў 1951–1955 гадах. У пастанове, якую апублікаваў суд, схаваныя імёны і назвы населеных пунктаў, аднак змешчаная спасылка на біяграму А. Ш. ў кнізе беларускага гісторыка Уладзіміра Адамушкі «Spod Monte Cassino na Sybir».
А.Ш. нарадзіўся 21 сакавіка 1906 года ў вёсцы Ёдкавічы. Цяпер гэта Іўеўскі раён. Найверагодней, яго сям’я жыла з зямлі, як і большасць у той ваколіцы. Калі ён нарадзіўся, быў падданым Расійскай імперыі, але ў выніку Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў Заходняя Беларусь і вёска Ёдкавічы ўвайшлі ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Так А. стаў грамадзянінам Польшчы. Каб мець сродкі на жыццё, ён навучыўся цяслярству. У 1928 годзе яго прызвалі ў войска: ён прайшоў службу ў 1-м палку палявой артылерыі Легіёнаў, што стацыянаваў у Вільні.
Вярнуўшыся з войска, А. ажаніўся. У 1932 годзе на свет прыйшоў сын, у 1935 годзе — дачка, у 1937 годзе — другі сын. Але неўзабаве ў свеце пачалася чарговая вайна, якая вырвала А. з роднай вёскі. 1 верасня 1939 года Нямеччына напала на Польшчу. А. быў мабілізаваны, з 6 да 18 верасня ён служыў у транспартнай калоне №333.
Трэба згадаць, што яшчэ 23 жніўня 1939 года СССР заключыў таемнае пагадненне з Нямеччынай, пакт Молатава — Рыбентропа, і ўжо 17 верасня 1939 года напаў на Польшчу з усходу. У палон трапілі каля 250 тыс. польскіх жаўнераў і афіцэраў. Каля 22 тыс. палонных афіцэраў саветы расстралялі ў Катыні і іншых месцах масавых забойстваў.

З савецкага палону ў польскае войска
22 чэрвеня 1941 года Нямеччына напала ўжо на СССР. Тады Саветы вырашылі «перагарнуць старонку» ў адносінах з Польшчай, і 30 ліпеня 1941 года прэм’ер-міністр польскага ўрада на эміграцыі Уладзіслаў Сікорскі падпісаў у Лондане пагадненне з савецкім паслом Іванам Майскім. Згодна з ім, у СССР стваралася польская армія, каб ваяваць супраць Нямеччыны, а польскія грамадзяне, якія былі ў савецкім палоне, ссылцы або зняволенні, падлягалі вызваленню.
А.Ш. знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Старабельску ў Луганскай вобласці. Цяпер гэта частка Украіны, акупаваная Расіяй. 25 жніўня 1941 года ён запісаўся ў польскую армію, а 14 верасня быў уключаны ў склад транспартнай роты. Праз некалькі месяцаў фармавання арміі на тэрыторыі СССР і рознагалосся з саветамі палякі дамовіліся пра эвакуацыю войска ў Персію, сучасны Іран. Там пад кіраўніцтвам брытанскіх саюзнікаў польскія вайскоўцы рыхтаваліся біцца супраць Нямеччыны ў Заходняй Еўропе. Такім чынам А. Ш. давялося пабачыць Блізкі Усход.

У снежні 1943 года Польскую армію, на той час ужо 2-і Польскі корпус у складзе 8-й брытанскай арміі, перакінулі ў Італію, дзе саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі высадзіліся трыма месяцамі раней. 15 лютага 1944 года А.Ш., жаўнер 4-га палка лёгкай артылерыі ў складзе 5-й Крэсовай дывізіі пяхоты, стаў удзельнікам баявых дзеянняў на італьянскім фронце.
Вясной 1944 года войскі саюзнікаў стараліся здабыць Рым, які з верасня 1943 года быў пад нямецкім кантролем. Немцы стварылі ў гарах магутную ўмацаваную лінію, якая абапіралася ў тым ліку на старажытны кляштар бенедыктынаў на Монтэ-Касіна. У ваколіцах той лініі, каля горада Касіна, 26 красавіка 1944 года А.Ш. быў ранены. З-за ранення ён не ўдзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна, якая лічыцца найбольшай перамогай Польскага войска ў Другой сусветнай вайне. У яе ходзе 11–19 мая 1944 года 2-і Польскі корпус узяў руіны кляштара, прарваўшы нямецкую лінію абароны.

30 мая 1944 года А.Ш. быў выпісаны са шпіталя, вярнуўся ў войска і да 29 студзеня 1947 года заставаўся жаўнерам 2-га Польскага корпуса. Калі ў 1947 годзе 2-і Польскі корпус, які стацыянаваў у Вялікабрытаніі, быў расфармаваны, многія з жаўнераў засталіся на Захадзе: пасяліліся ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Некаторыя вярнуліся ў Польшчу ў пасляваенных межах. А.Ш. вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны: 26 чэрвеня 1947 года ён падпісаў заяву, што жадае, каб яго перадалі савецкім рэпатрыяцыйным органам.
Вярнуўся ў СССР і патрапіў у высылку
У Беларусі А.Ш. пасяліўся ў вёсцы Кладнікі, за дзесяць кіламетраў на поўнач ад родных Ёдкавічаў. Амаль чатыры гады саветы яго не чапалі. Тым часам паміж былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі разгаралася супрацьстаянне, вядомае як Халодная вайна. У 1950 годзе выбухнула вайна ў Карэі, дзе камуністаў на поўначы падтрымліваў СССР, а за поўдзень ваявалі амерыканцы. Саветам здалося, што былыя жаўнеры Арміі Андэрса, якія бачылі Захад, могуць аказацца нелаяльнымі, калі выбухне вайна паміж заходнімі дзяржавамі і СССР.

Ноччу з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 года супрацоўнікі савецкіх спецслужб адначасова ўвайшлі ў хаты 888 ветэранаў Польскіх узброеных сіл на Захадзе, якія вярнуліся ў СССР. Ветэранаў разам з іх сем’ямі, усяго 4250 чалавек, выселілі ўглыб Савецкага Саюза. Гэтая высылка была адміністрацыйным рашэннем: ёй не папярэднічаў ніякі суд, які знайшоў бы нейкую віну ў дзеяннях высланых.
А.Ш. з жонкай і дзецьмі вывезлі ў таварным вагоне за 4900 кіламетраў ад роднай вёскі і змясцілі ў лагер у паселку Храмцоўка Іркуцкай вобласці. Цяпер ён у складзе горада Чаромхава. Там А. працаваў цесляром і неўзабаве дачакаўся смерці Сталіна ў 1953 годзе. Пасля таго як Сталін памёр, у СССР зменшыліся рэпрэсіі, а вялікай колькасці рэпрэсаваных і ссыльных дазволілі вярнуцца на радзіму.
Гэтым разам А.Ш. вырашыў не вяртацца ў родную вёску. У снежні 1955 года ён выехаў у Польшчу разам з жонкай, трыма дарослымі дзецьмі і жонкай старэйшага сына. Старэйшы сын ажаніўся ў ссылцы з дачкой іншага сасланага жаўнера. У Польшчы А.Ш. жыў да смерці 14 чэрвеня 1967 года.

Кампенсацыя за пакуты бацькі
У 2024 годзе Э. Ш., сын А.Ш., падаў іск у Акруговы суд ва Уроцлаве, патрабуючы 5,6 млн злотых за пакуты, якія перанёс яго бацька ў Іркуцкай вобласці, па 100 тыс. злотых за кожны месяц ссылкі. Таксама ён хацеў атрымаць 456,1 тыс. злотых як кампенсацыю заробку за 56 месяцаў прымусовай працы, згодна з сярэднім заробкам у Польшчы па стане на чэрвень 2024 года.
«З-за несправядлівага пазбаўлення свабоды бацька істца, А. Ш., перажыў шэраг псіхічных і фізічных пакут, якія пакінулі негатыўны адбітак на якасці ўсяго яго жыцця, а таксама жыцця яго родных. Пасля вяртання з лагера бацька істца быў вельмі аслаблены. Ён перажыў шматтыднёвую дарогу ў таварных вагонах у надзвычай негуманных умовах, якія прыніжалі годнасць чалавека, а таксама былі небяспечныя для чалавечага жыцця і здароўя. Ён быў прымушаны да цяжкай і доўгатэрміновай фізічнай працы ў надзвычай суровых і негуманных умовах. За катаржную, практычна рабскую працу, падчас якой рызыкаваў сваім здароўем і жыццём, ён не атрымліваў ніякай аплаты. Рэпрэсаваны ўвесь час пакутаваў ад голаду і пранізлівых маразоў. Ён быў пад пагрозай фізічнага гвалту з боку ахоўнікаў», — так суд пераказвае аргументы істца.
20 лютага 2025 года суд І інстанцыі прысудзіў Э. Ш. кампенсацыю за пакуты бацькі ў памеры 672 тыс. злотых, але адмовіў у кампенсацыі заробку за працу ў лагеры. Э. Ш. не пагадзіўся з рашэннем і падаў апеляцыю.
4 чэрвеня 2026 года справу разгледзеў Апеляцыйны суд ва Уроцлаве. Ён падтрымаў пазіцыю суда І інстанцыі аб адмове ў кампенсацыі нявыплачанага заробку, бо з паказанняў Э. Ш. вынікае, што ягоны бацька атрымліваў заробак падчас прымусовай працы ў ссылцы. Таксама суд ІІ інстанцыі пагадзіўся, што кампенсацыя ў памеры 672 тыс. злотых «цалкам кампенсуе пералічаныя фізічныя пакуты і маральныя крыўды».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



