1 верасня 1939 года нацысцкая Германія напала на Польшчу. Так пачалася Другая сусветная вайна. Праз 16 дзён з усходу ў Польшчу ўвайшла Чырвоная армія, а краіну ў выніку падзялілі паміж сабой Германія і СССР. Для беларусаў вайна таксама пачалася ў верасні 1939-га. Дзясяткі тысяч беларусаў служылі ў польскім войску, гарады Заходняй Беларусі бамбіла нямецкая авіяцыя, а Гродна, Брэст і Беласток сталі месцамі баёў і змены ўлады. Прыгадваем, што адбывалася тут у першыя тыдні Другой сусветнай.
Гітлер рыхтаваў Германію да вайны
Адольф Гітлер прыйшоў да ўлады ў Германіі ў 1933 годзе. Нацысты ўсталявалі ў краіне дыктатуру і пачалі хутка нарошчваць ваенную моц, парушаючы абмежаванні, уведзеныя пасля Першай сусветнай вайны. У 1936 годзе нямецкія войскі ўвайшлі ў дэмілітарызаваную Рэйнскую зону каля мяжы з Францыяй. У сакавіку 1938 года Германія анексавала Аўстрыю. Нямецкія войскі ўвайшлі ў краіну 12 сакавіка, а ўжо пасля аншлюсу нацысцкія ўлады правялі плебісцыт, які мусіў легітымізаваць далучэнне Аўстрыі да Рэйха.
Увосень 1938 года Германія атрымала Судэцкую вобласць Чэхаславакіі. На гэта пагадзіліся Вялікабрытанія і Францыя падчас перамоў у Мюнхене. Прадстаўнікоў самой Чэхаславакіі да прыняцця рашэння фактычна не дапусцілі. У сакавіку 1939 года нямецкія войскі занялі астатнюю частку чэшскіх зямель. 23 сакавіка Германія атрымала літоўскую Клайпеду.
Вялікабрытанія і Францыя ў другой палове 1930-х спрабавалі пазбегнуць новай вялікай вайны і праводзілі палітыку саступак Гітлеру. Але яго тэрытарыяльныя патрабаванні толькі раслі.
Польшча адмовіла Гітлеру
Наступныя патрабаванні Гітлер выставіў Польшчы. Нямеччына хацела атрымаць Гданьск, які меў статус вольнага горада, а таксама права пабудаваць экстэрытарыяльную дарогу і чыгунку праз польскую тэрыторыю ва Усходнюю Прусію. Польшча адмовілася. Варшава разлічвала на саюз з Вялікабрытаніяй і Францыяй. Але 23 жніўня 1939 года Германія і СССР падпісалі пакт аб ненападзе, вядомы як пакт Молатава–Рыбентропа. Да яго прыкладаўся сакрэтны пратакол, у якім Масква і Берлін размежавалі свае сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе. У тым ліку гаворка ішла пра будучы падзел польскіх тэрыторый.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Незадоўга да гэтага нацысты арганізавалі правакацыю ў Глівіцах. Напад на нямецкую радыёстанцыю інсцэніравалі так, каб абвінаваціць у ім палякаў і выкарыстаць як адну з падстаў для агрэсіі.
Германія мела значную перавагу ў авіяцыі, бранятэхніцы і магчымасцях весці хуткую механізаваную вайну. Нямецкія войскі наступалі з захаду, з Усходняй Прусіі на поўначы і з тэрыторыі акупаваных Чэхіі і Славакіі на поўдні.

Польшча чакала дапамогі саюзнікаў
Адным з галоўных сімвалаў супраціву стала абарона Вестэрплятэ каля Гданьска. Невялікі польскі гарнізон амаль тыдзень стрымліваў значна большыя нямецкія сілы.
3 верасня Францыя і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Германіі. Але маштабнага наступу на Захадзе, на які разлічвала Польшча, не пачалося. Гэты перыяд пазней атрымаў назву «дзіўная вайна».
17 верасня сітуацыя для Польшчы стала яшчэ цяжэйшай. Раніцай усходнюю мяжу краіны перайшла Чырвоная армія. Увечары таго дня польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі і ўрад пакінулі краіну. Ноччу на 18 верасня Польшчу пакінуў і галоўнакамандуючы Эдвард Рыдз-Сміглы.
Варшава капітулявала 28 верасня. Апошнія буйныя баі вераснёўскай кампаніі працягваліся да пачатку кастрычніка. 6 кастрычніка зброю склала самастойная аперацыйная група «Палессе». Але польскія вайскоўцы працягнулі змагацца супраць нацысцкай Германіі за межамі краіны. Польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў бітве за Брытанію, а ІІ Польскі корпус у 1944 годзе змагаўся пад Монтэ-Касіна ў Італіі.
Яшчэ да вайны польскія крыптолагі здолелі раскрыць прынцып працы нямецкай шыфравальнай машыны «Энігма» і перадалі свае напрацоўкі брытанскім і французскім саюзнікам.
Дзясяткі тысяч беларусаў былі жаўнерамі польскага войска
Савецкая гістарыяграфія, а пазней і беларуская дзяржаўная прапаганда, фактычна адлічвалі пачатак вайны для Беларусі ад 22 чэрвеня 1941 года. Падзеі верасня 1939-га прадстаўлялі перадусім як «уз’яднанне Заходняй Беларусі». Аднак для дзясяткаў тысяч беларусаў вайна пачалася ўжо 1 верасня 1939 года. Заходняя Беларусь на той момант уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Беларусы служылі ў Войску Польскім, праходзілі тэрміновую службу і былі мабілізаваныя напярэдадні вайны.
Паводле ацэнак даследчыкаў, у верасні 1939 года ў польскім войску маглі служыць каля 70–75 тысяч беларусаў. Яны ўдзельнічалі ў баях супраць нямецкіх войск, гінулі, атрымлівалі раненні і траплялі ў палон.
Цывільнае насельніцтва Заходняй Беларусі таксама адчула вайну з першых дзён. Нямецкая авіяцыя наносіла ўдары па гарадах рэгіёна, у тым ліку па Гродне, Брэсце, Баранавічах, Лідзе і Ваўкавыску.
Брэсцкую крэпасць абаранялі яшчэ ў 1939 годзе
У беларускай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы адным з галоўных сімвалаў вайны стала абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года. Але супраць нямецкіх войск яе абаранялі і двума гадамі раней. У верасні 1939 года за Брэст ішлі баі паміж польскімі і нямецкімі войскамі. 17 верасня немцы занялі крэпасць.

22 верасня Брэст перадалі Чырвонай арміі. Падчас перадачы горада прайшла сумесная нямецка-савецкая вайсковая цырымонія. На трыбуне разам знаходзіліся нямецкі генерал Гайнц Гудэрыян і савецкі камбрыг Сямён Крывашэін.
Але нават пасля адыходу асноўных польскіх сіл супраціў у раёне крэпасці працягваўся. Адным з падраздзяленняў камандаваў капітан Вацлаў Радзішэўскі. Яго жаўнеры працягвалі трымацца ў адным з фартоў і пакінулі пазіцыі толькі 26 верасня. Радзішэўскага пазней арыштаваў НКВД. У 1940 годзе польскага афіцэра забілі падчас Катынскага расстрэлу.
17 верасня ў Польшчу ўвайшла Чырвоная армія
Савецкія войскі не сустрэлі на ўсходзе Польшчы суцэльнай лініі абароны. Польскае камандаванне ўжо вяло вайну супраць Нямеччыны і не магло стварыць паўнавартасны другі фронт. 17 верасня Рыдз-Сміглы загадаў па магчымасці пазбягаць баёў з Чырвонай арміяй і адыходзіць у бок Румыніі і Венгрыі. Аднак польскія часткі, памежнікі і добраахвотнікі ў шэрагу месцаў усё ж аказвалі савецкім войскам узброены супраціў. Напрыклад, камандзір заставы «Каменны Воз» ў Галубіцкай пушчы на Глыбоччыне Стэфан Палчыньскі загінуў, прыкрываючы адступленне сваіх жаўнераў.
Тысячы польскіх вайскоўцаў трапілі ў савецкі палон. Шмат шараговых пазней вызвалілі. Значную частку палонных афіцэраў у 1940 годзе расстраляў НКВД. Самым вядомым месцам гэтых забойстваў стала Катынь пад Смаленскам.
Абарона Гродна
Адным з найбольш вядомых прыкладаў супраціву Чырвонай арміі стала Гродна. Баі за горад ішлі 20–22 верасня 1939 года. Разам з вайскоўцамі Гродна абаранялі добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў, харцэры і моладзь. На вуліцах горада савецкія танкі закідвалі бутэлькамі з запальнай сумессю.
Паводле савецкіх даных, Чырвоная армія страціла ў баях за Гродна 57 чалавек забітымі і 159 параненымі. Былі падбітыя або страчаныя 19 танкаў і чатыры бронемашыны. Пасля захопу горада савецкія вайскоўцы расстрэльвалі частку ўзятых у палон абаронцаў.
Пра тыя падзеі MOST раней запісваў успаміны старых гродзенцаў.
Анатоль Песняк, 1926 года нараджэння:
— У вераснi 1939 года ў Гродне пачалася падрыхтоўка да абароны горада. Чакалі немцаў. З прыходам саветаў усе хлапчукі з мясцовай семінарыі і гімназіі ішлі на танкі з бутэлькамі з запальнай сумессю. Тады тры танкі спалілі на вуліцах горада. Многiя 16–17-гадовыя гродзенцы змагаліся на вуліцах.
Што адбывалася, не перадаць словамі. Дурні тыя людзі, якія адпраўлялі падлеткаў на гэтую справу. Гэта ж жалезная тэхніка, ісці на танкі маглі толькі фанатыкі. Асабіста я не пайшоў у тыя дні на вуліцу. Дурная вайна была.
Калі ўсё скончылася, я выйшаў на вуліцу, ніхто савецкую ўладу не сустракаў. Ведаеце, акурат мая сям’я жыла пры любой уладзе і падпарадкоўвалася. Мне за польскім часам жылося добра. І пры саветах таксама не скардзіўся, і нават Сталін мне падабаўся. Магу сказаць, многія гродзенцы самі зрабілі сабе пятлю на шыі.
«Звязаныя рамянямі па два-тры чалавекі». Як 30 гадоў таму ў Гродне праводзілі раскопкі і эксгумацыю абаронцаў Гродна 1939 года
Зыгмунт Левандовіч, 1929 года нараджэння:
— Хлопчыка Тадзiка Ясінскага саветы схапілі і прывязалі да танка. Гэта ўсё было насамрэч, Тадзiка з танка адвязала жанчына-медык. Але ён не выжыў і памёр у шпiталi.
Я памятаю яшчэ адзін выпадак, які многіх уразіў. Мясцовыя санітары выратавалі савецкага танкіста, якога падбілі харцэры на вуглу Дамiнiканскай і Ажэшкі. Яны яго забралі ў шпіталь і дапамаглі выжыць. Шмат хто казаў: навошта ратаваць рускага салдата, яго трэба забіваць. А жанчыны казалі, што гэта перадусім паранены чалавек, якому трэба дапамагчы.
У гродзенскім архіве знайшлі пасмяротны запіс гібелі Тадзіка Ясінскага. Ці можна паставіць кропку ў гісторыі?
Пелагея Аляшкевіч, 1932 года нараджэння:
— Сям’ю Бертэляў мы называлі бандытамі. Яны былі неадукаванымі, але са зброяй. Памятаю, што многія салдаты польскай арміі не жадалі ваяваць, проста не бачылі сэнсу ў гэтым, і ішлі дадому, да сем’яў. Некалькі салдат праходзілі ля дома Бертэля на вуліцы Вiгерскай, а той з акна пачаў страляць у іх. Салдаты разбегліся і адкрылі агонь у адказ, а пасля падпалілі дом Бертэля.
Памылка суседа была ў тым, што ён пачаў страляць па салдатах і не падумаў, што ў яго дома была цэлая сям’я. У выніку ён за гэта паплаціўся, загінулі ён сам і некалькі членаў яго сям’і. Акрамя Бертэля, былі і іншыя гродзенцы, якія віталі саветаў.
Генрых Юхневіч, 1927 года нараджэння:
— Немцы так і не ўвайшлі ў горад, а неўзабаве прыйшлі бальшавікі. Памятаю, выйду да Каложы, і ўсё відаць: як стаялі савецкія танкі на адным беразе, а на другім баку палякі. Біліся гродзенцы супраць іх, былі добраахвотнікі, нават з вёсак прыходзілі абараняць Гродна. Я не быў у харцэрах, але ведаю, што падчас абароны яны падрывалі савецкія танкі. Я жыў крыху далей цэнтра, магчыма, таму абарона прайшла міма мяне.
Абаронцы трымаліся доўга і не пускалі ў горад савецкія часткі. Быў выпадак, што бальшавікі ўзялі 12-гадовага хлопчыка і прывязалі яго да танка, і ехалі па Савецкай. Яго так і забілі. Памятаю, таксама на Савецкай быў падбіты танк, а адзін уехаў у сцяну кінатэатра. У нас з дома ўсё добра было відаць, што адбывалася ў горадзе.
Ужо пасля прыходу бальшавікоў адных малых яўрэйчыкаў мы білі за тое, што яны спявалі камуністычныя песні. Памятаю, на Замкавай мне казалі яўрэі: «Няма тваёй Польшчы, у дупе твая Польшча». Біліся за гэта.

Беласток спачатку занялі немцы, а потым перадалі СССР
Баі за Беласток пачаліся 15 верасня 1939 года. Польскія падраздзяленні некалькі гадзін стрымлівалі нямецкія сілы ў раёне цяперашняга Высокага Сточка. У абароне ўдзельнічалі ў тым ліку вайскоўцы, звязаныя з 42-м пяхотным палком.
Паводле сучасных ацэнак гісторыкаў, падчас гэтых баёў загінулі каля 20 польскіх і чатырох нямецкіх вайскоўцаў. Пасля гэтага нямецкія войскі занялі Беласток.
У горадзе ёсць некалькі месцаў, якія нагадваюць пра тыя падзеі. Помнік абаронцам Беластока стаіць на Высокім Сточку. Памятная шыльда таксама знаходзіцца на рагу вуліц Ogrodowa і Słonimska.
Але немцы заставаліся ў горадзе нядоўга. 22 верасня Беласток перадалі савецкаму боку. У палацы Браніцкіх прадстаўнікі дзвюх армій аформілі перадачу горада.
28 верасня, у дзень капітуляцыі Варшавы, Нямеччына і СССР падпісалі Дамову аб сяброўстве і мяжы. Яна канчаткова вызначыла лінію падзелу акупаванай Польшчы паміж дзвюма дзяржавамі.
28–30 кастрычніка 1939 года ў будынку Народнага дома імя Пілсудскага ў Беластоку, дзе цяпер знаходзіцца тэатр імя Аляксандра Венгеркі, савецкія ўлады правялі Народны сход Заходняй Беларусі. Падабраныя новай уладай дэпутаты прагаласавалі за ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР. Так Беласток амаль на два гады стаў цэнтрам Беластоцкай вобласці БССР.
За гэты час жыхары горада і рэгіёна сутыкнуліся з савецкімі рэпрэсіямі, арыштамі і дэпартацыямі. Сёння памяць пра людзей, якіх савецкая ўлада вывезла ў Сібір і іншыя аддаленыя рэгіёны СССР, захоўвае Музей памяці Сібіры ў Беластоку. Яго адкрылі ў 2021 годзе.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



