Таццяна Аляксееўна перажыла вайну, палон мужа, савецкія лагеры і правяла дзесяцігоддзі з пачуццём віны. Гісторыю гераіні рамана Сашы Філіпенкі «Чырвоны крыж» паказаў у Беластоку беларускі тэатр «Прыехалі». Прэм’ера адбылася на сцэне Nie Teatr 16 верасня, напярэдадні гадавіны ўваходу савецкіх войск на тэрыторыю Польшчы ў 1939 годзе. Пасля спектакля акцёры і рэжысёр адказалі на пытанні гледачоў. MOST пабываў на прэм’еры.
Невялікая зала поўная. Сярод гледачоў — і беларусы, і палякі. Спектакль ідзе па-беларуску, але для польскай публікі на экране ідуць субцітры.
Перад спектаклем рэжысёр пастаноўкі — былы акцёр Гродзенскага тэатра лялек Аляксандр Енджэеўскі — распавядае гледачам, што гісторыя яго сям’і таксама звязаная з падзеямі, пра якія ідзе гаворка ў спектаклі: пасля прыходу савецкіх войск у Гродна яго дзеда арыштавалі, а пазней ён памёр у гродзенскай турме. А сям’ю дэпартавалі ў Казахстан, дзе нарадзіўся бацька Енджэеўскага.
Пра што «Чырвоны крыж»
Спектакль спалучае розныя формы: драматычны тэатр, тэатр лялек, тэатр ценяў, танец. Адна арганічна пераходзіць у другую — і Таццяна Аляксееўна, якую грае Настасся Суханосік, паўстае перад гледачамі то як маладая жанчына, то як цень дзяўчынкі, то як лялька старой, якая пакутуе на хваробу Альцгеймера.

Паводле сюжэта, Таццяна Аляксееўна нарадзілася ў Лондане ў 1910 годзе, а ў 1919 годзе бацька прывёз дзяўчынку ў Савецкую Расію. Таццяна выходзіць замуж за архітэктара, які ў 1941 годзе трапляе па паўднёвы фронт і аказваецца ў палоне. А жанчына ўладкоўваецца ў савецкае знешнепалітычнае ведамства і аднойчы атрымлівае спіс палонных, у якім знаходзіць прозвішча мужа.
Ведаючы пра стаўленне да палонных, яна, перадрукоўваючы спіс, прапускае ягонае імя і двойчы прастаўляе імя ягонага аднафамільца. Мужа гэта не выратоўвае. Яго расстраляюць пасля вайны, жанчыну сашлюць у лагер, а маленькую дачку адбяруць. Аднак усё жыццё Таццяна Аляксееўна будзе жыць з віной перад чалавекам, імя якога яна выкарыстала.
Васіль Дашкевіч грае адразу некалькі роляў: Аляксандра — рамантычнага суседа Таццяны Аляксееўны з цяжкім лёсам, супрацоўнікаў НКУС, а таксама таго самага ваеннапалоннага, чыё імя жанчына калісьці ўпісала замест імя свайго мужа. Змяняючы вобразы, ён выклікае палітру эмоцый — ад спачування да нянавісці. Потым Настасся Суханосік прызнаецца, што Дашкевіч настолькі пераканаўча граў супрацоўнікаў НКУС, што ёй станавілася вельмі непрыемна.
Хіба самая моцная сцэна — згвалтаванне жанчыны супрацоўнікам НКУС. Само дзеянне нібыта не паказанае — толькі рытмічнае націсканне на клавішы пішучай машынкі, але ад таго жах — яшчэ больш адчувальны.

«Недапушчальнае — недапушчальна»
Дзеянне пераносяць гледачоў паміж гісторыяй і сучаснасцю. У галасах герояў гучаць і спробы апраўдаць рэпрэсіі, перапісаць гісторыю, і абсалютная непрымальнасць таталітарызму.
«Галоўнае — заўсёды помніць што недапушчальнае — гэта недапушчальна», — падсумоўвае апошнюю пазіцыю гераіня Настассі Суханосік.
Праз вобраз Сталіна асэнсоўваецца ўвогуле любая постаць дыктатара.
«Вобраз Сталіна будаваўся па прынцыпе строгага бацькі. Унікальнасць Сталіна ў тым, што ён змог пераканаць мільёны людзей у сваёй роднасці з імі. Ніхто не ведае, якім павінен быць сапраўдны правадыр, але ўсім нам унушылі, што кожны правадыр павінен быць падобны да Сталіна», — разважае на сцэне галоўная гераіня.
Падчас размовы пасля спектакля, адказваючы на пытанне, чаму менавіта «Чырвоны крыж» быў выбраны для пастаноўкі, Аляксандр Енджэеўскі скажа, што кніга падалася яму вельмі актуальнай — для любой краіны і ў любы момант. І ён адразу ўбачыў, як гэтую гісторыю можна візуалізаваць на сцэне.

«И дед — говно, и скатерть — говно, а спектакль — отличный»
Стаўленне да персанажаў у каманды было розным. Настасся Суханосік прызналася, што спачатку не любіла і не разумела сваю гераіню і «часта спрачалася з ёй за папяроскай». А бліжэй ёй быў вобраз Аляксандра.
Кацярына Еўдакімава, якая стварыла для спектакля і касцюмы, і лялек, і дэкарацыі, адчувала адваротнае: «Татьяна — моя любимица, Александр — никакой. Не понимаю этого героя. Надела на него спортивный костюм и отправила на репетицию. С Татьяной мы прям беседовали».

Шмат што з атрыбуту было набыта на барахолцы. Туды каманда ездзіла, напрыклад, па друкарскую машынку — адзін з галоўных канцэптаў спектакля. На ёй друкаваліся і вызначальныя ўказы, і спісы на расстрэл, яна ж выкарыстоўвалася ў сцэне гвалту.
— Людзі глядзелі як на шалёных. Выбіралі па гуку [клавіш]: падыходзілі і націскалі, — апісаў пошукі машынкі Енджэеўскі.
— Дзынь! О, гэта падыходзіць, бяром, — дадала, успамінаючы, Настасся.
Машынка ў спектаклі стаіць на стале, засланым абрусам — а ў яго асаблівая гісторыя. Гэты абрус перадалі Кацярыне з Гродна. Ён належаў яе дзеду.
— Мой дед был заядлым коммунистом. Прадед тоже был заядлым коммунистом. Я помню, как дед сидел за столом, который был застелен этой скатертью и постоянно что-то писал. Мне так хочется верить, что это были письма, а не доносы. Короче, и дед — говно, и скатерть — говно, а спектакль — отличный!

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



