У Польшчы пачынаецца новы сезон Універсітэта Залатога веку — адукацыйна-інтэграцыйнай праграмы для сталых беларусаў ва ўзросце 55+, якія жывуць цяпер у гэтай краіне.
Арганізатары праекта больш за 15 гадоў займаліся развіццём аналагічнай пляцоўкі ў Беларусі, а ў Польшчы выпускнікамі першага набору Універсітэта вясной 2026 года сталі больш за сто чалавек.
Цяпер Універсітэт Залатога веку будзе працаваць у Варшаве, Беластоку, Гданьску і Уроцлаве, а таксама прапануе анлайн-курсы.
Падчас заняткаў наведвальнікі змогуць вывучаць польскую мову, гісторыю Беларусі і свайго роду, дбаць пра фізічнае і псіхалагічнае здароўе, танцаваць аргенцінскае танга і хадзіць на цікавыя экскурсіі.
Праграма складаецца з заняткаў, якія будуць адбывацца некалькі разоў на тыдзень, а таксама дадатковых сустрэч (гасцёўняў, прэзентацый, лекцый, майстар-класаў).
Каб запісацца, трэба выбраць свой горад, вывучыць спіс курсаў, выбраць з іх максімум тры і запоўніць анкету.
Арганізатары абяцаюць, што, калі ва ўдзельнікаў будзе жаданне наведваць больш за тры курсы і будуць вольныя месцы, ім прапануюць далучыцца і да іншых курсаў.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



