23-гадоваму жыхару Жлобіна Вадзіму Пашкоўскаму за пратэсты далі спачатку «хімію», а потым перавялі ў калонію. А калі ён вызваліўся сталі вербаваць і адправілі ў Польшчу выконваць заданні. Аказаўшыся ў Польшчы, мужчына расказаў пра гэта «Гомельскай Вясне».
Зняволенне і вызваленне
«Мяне пакаралі за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Але тады мяне не злавілі. Крымінальную справу на мяне завялі толькі праз чатыры гады. Яны вызначылі маю асобу па відэа, якое тады міліцыянты здымалі. На “хіміі” на мяне без дай прычыны пачалі ціснуць, прыпісваць парушэнні і ў выніку перавялі ў калонію ў Шклоў.
Па вызваленні ў снежні 2025 года мне ўдалося ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Я па адукацыі інжынер-распрацоўнік тэхналагічных працэсаў. Праз маю “экстрэмісцкую” судзімасць на дзяржаўныя заводы мяне не бралі. Таму я ўладкаваўся на прыватнае прадпрыемства міжнароднага канцэрну Kronospan у Магілёве.
Людзі ў цывільным
Але з цягам часу ў мяне склаліся напружаныя дачыненні з дырэктарам прадпрыемства і я вырашыў звольніцца. Але кіраўніцтва не хацела мяне адпускаць. І вось аднаго дня кіраўніцтва завода нібыта пагадзілася падпісаць маю заяву на звальненне. Я прыехаў на завод, а аказалася, што там мяне чакалі двое мужчын у цывільным адзенні. Пазней я даведаўся, што начальнік службы бяспекі гэтага прадпрыемства — былы супрацоўнік нейкай сілавой структуры.
Тыя людзі не паказалі мне ніякіх дакументаў, сказалі, што нам трэба паехаць паразмаўляць. Мяне пасадзілі ў машыну і завезлі ў будынак упраўлення КДБ у Магілёўскай вобласці. Тады я зразумеў, што гэта за людзі. Я ў іх пытаў, што здарылася, што я нарабіў, але яны не адказвалі.
Ужо ў кабінеце ў КДБ яны пыталі ў мяне за што я сядзеў, ці атрымліваў я нейкую дапамогу ад праваабарончых арганізацыяй, ці атрымліваў прадуктовыя перадачы. Потым мяне павезлі ў іншы будынак, і там я праходзіў паліграф. Там ужо пыталі, ці я звязаны з замежнымі спецслужбамі, ці я займаюся экстрэмісцкай дзейнасцю ды ўсё такое.
Пасля паліграфа мяне завезлі на маю арандаваную кватэру, дзе я жыў у Магілёве. Там яны зрабілі вобшук. Але гэта адбывалася без панятых, без нейкіх санкцыяй — проста яны самі зайшлі, усё ператрусілі. Забралі ў мяне ноўтбук, тэлефон.
Вярбоўка праз пагрозу зняволення
Потым мяне зноў прывезлі ў той самы кабінет ва ўпраўленні КДБ. І адзін з тых людзей у цывільным кажа мне: “Короче, расклад такой: или ты сегодня идешь домой, но тебе придется поехать в командировку, или ты сегодня не пойдешь домой, потому что на твоем ноутбуке очень много файлов и у нас есть основания подозревать, что ты занимаешься промышленным шпионажем”. А я, яшчэ як вучыўся ў БДТУ, рабіў шмат рысункаў, розных файлаў, звязаных з вытворчасцю. І вось іх яны перакруцілі на той шпіянаж. І таму яны сказалі: “Или на 15 лет, или надо будет помочь стране”.
Я сказаў, што я не хачу ў турму. І яны мне сказалі: “Тогда сейчас возвращайся домой, мы с тобой свяжемся”. Гэта было 30 ліпеня. І я паехаў дадому ў Жлобін. А 3 жніўня яны мне сказалі вярнуцца назад у Магілёў і чакаць сустрэчы.
Пасля гэтага яны са мной сустракаліся заўжды самі і на вуліцы. Ужо пры першай сустрэчы яны зрабіліся вельмі дружалюбнымі, тон іхніх размоваў моцна змяніўся. Яны мяне нахвальвалі, казалі: “Ты маладзец, ты зрабіў правільны выбар”. І далей яны мне патлумачылі, што канкрэтна яны ад мяне хочуць.
Яны сказалі, што мне трэба выехаць у Польшчу і там проста жыць, стасавацца з людзьмі і перыядычна распавядаць ім, як у мяне справы і з кім я стасуюся. І сказалі, што самае галоўнае — ні пры якіх акалічнасцях нікому, асабліва ў Польшчы, ніколі не казаць пра гэты факт. Бо, маўляў, як толькі я камусьці скажу пра гэта — маё жыццё скончыцца, таму што Польшча адразу мяне выкіне назад, а яны адразу мяне сустрэнуць, і далей ужо я мусіў сам зразумець, што будзе.
Кантраляваная сувязь з праваабаронцамі
Потым яны з нейкага Telegram-акаўнта пачалі прысылаць спасылкі на ўсе праваабарончыя арганізацыі, якія ёсць у Польшчы з указаннямі, каму што пісаць. Як яны мне патлумачылі, мне трэба было проста верыфікавацца.
Я максімальна хацеў усё гэта адцягнуць. Бо я не ўяўляў сабе, што ў такой сітуацыі рабіць. І, калі я камусьці пісаў, я намагаўся зрабіць так, каб мне проста адмовілі і ўсё гэта скончылася.
Я напісаў у [фонд беларускай салідарнасці] BySol, бо яны мне сказалі, што трэба атрымаць ад BySol выплату. Я пісаў у BySol — гэта цягнулася недзе да 20 жніўня. Але я ім казаў, што ў мяне няма ніякіх кантактаў у Польшчы, я не ведаю, дзе мне ўзяць рахунак. І ў выніку BySol мне нічога не скінуў.
І на нейкі час яны заціхлі. Я ўжо падумаў быў, што ўжо ўсё. Але ў нейкі дзень яны мне зноў пішуць і кажуць: “Цяпер табе трэба напісаць у “Вясну” і пытаць ужо, як табе выехаць”. Калі я напісаў у “Вясну”, мне адтуль параілі напісаць запыт на гуманітарную польскую візу ў польскі кансулят у Мінску. І кадэбісты мне напісалі, як мне гэты ліст скласці. І каб я напісаў, што мяне проста звольнілі, бо я быў у спісе “экстрэмістаў”. І сказалі нікому не казаць, што мяне звёз з працы КДБ.
Я падаў зварот у кансулят 2 верасня. А 3 верасня мне прыйшоў станоўчы адказ з кансуляту, паведамілі, што я магу прыязджаць. І 8 верасня я паехаў у Мінск падаваць дакументы. Адразу па тым я яшчэ напісаў у шэлтар. Адрас гэтага шэлтару мне сказалі ў “Вясне” напісаць у заяве на візу як адрас, куды я паеду ў Польшчы. І потым я ў інтэрнэце знайшоў сувязь з гэтым шэлтарам, спісаўся з імі і чакаў атрымання візы.
Перад атрыманнем візы яны на чарговай сустрэчы пачалі ўжо надаваць мне канкрэтныя інструкцыі. Казалі, каб я, як прыеду, нікому не распавядаў пра супрацу, каб проста жыў, легалізоўваўся і абрастаў сувязямі. Тлумачылі спосаб сувязі — праз Telegram i VPN.
І далей яны мне патлумачылі, што трэба, каб той чалавек, які будзе са мной праз той Telegram стасавацца, быў для мяне нібыта старым сябрам. І для гэтага яму патрэбная нейкая біяграфія. Яны самі сабе тую біяграфію і гісторыю нашага знаёмства пачалі прыдумляць. Такім чынам у яго атрымалася легенда, што ён мой былы аднакласнік, з якім мы стасуемся са школы і мы з ім нібы разам гуляем у анлайн-гульні і часам адменьваемся рознымі анекдотамі і мемамі. Ён стварыў іншы акаунт у Telegram і пачаў мяне з яго засыпаць мемамі і анекдотамі.
Яшчэ, паводле іхніх інструкцый, калі са мной там нешта здарыцца, я маю ўсё адмаўляць і казаць, што гэта проста мой сябар. Яшчэ была ўмова, што, калі са мной нешта станецца, я мушу змяніць аватарку ў Tik-Tok. Таксама мне загадалі тэрмінова замяніць пашпарт, бо ў мяне да сканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта заставалася два гады, і я тэрмінова замяняў пашпарт.
Выезд у Польшчу
Па атрыманні візы я купіў квіткі да Варшавы. Прычым той кадэбіст сказаў мне на якую дату купляць. Я не ведаю, з чым гэта было звязана, але яны мне яшчэ ў тым кабінеце ў самым пачатку казалі, што ў мяне забарона на выезд, і, відаць, да той даты тую забарону знялі. Але я дакладна гэтага не ведаю.
Уначы 3 кастрычніка я заехаў у Польшчу. І я адразу планаваў пайсці ў польскую службу, якая займаецца бяспекай. Бо я, калі яшчэ быў у Беларусі, разумеў, што я гэтым займацца не буду. Але ў той жа час я разумеў, што, калі яны зразумеюць, што я нешта супраць іх замышляю, то я ўжо не змагу выехаць.
Менавіта таму я баяўся з Беларусі неяк папярэдзіць тых, з кім я перапісваўся, бо раптам яны мне ў тэлефон паставілі нейкую праграму, якая можа адсочваць маё ліставанне. І, калі я ўжо заехаў у Польшчу, той супрацоўнік КДБ праз той акаўнт у Telegram працягвае закідаць мяне тымі мемамі ды анекдотамі. Я яго не блакаваў, каб, калі я пайду ў польскую спецслужбу, мог паказаць ім той акаўнт і тое ліставанне.
Але мне рэальна было вельмі страшна, я не ведаў і цяпер не ведаю, якія могуць быць наступствы. І ў выніку я вырашыў зрабіць публічную заяву і распавесці ўсё як ёсць, каб “абнуліць” усе гэтыя заданні і планы КДБ. Я вырашыў для гэтага звярнуцца ў “Вясну”, бо кантакт з гэтай арганізацыі быў са мной ад самага пачатку.
Я хачу публічна заявіць пра тое, што са мной адбылося, ды адмовіцца ад любой супрацы з КДБ Беларусі».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



