Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская заклікала дзяржавы выдаваць праязныя дакументы і пашпарты іншаземца беларусам, якія праз палітычны пераслед не могуць бяспечна вярнуцца дадому па новы пашпарт. Таксама яна заклікала забяспечваць ім устойлівы легальны статус і пры неабходнасці прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. Пра гэта яна заявіла 6 кастрычніка на Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ.
«Ніводзін журналіст, актывіст або былы палітвязень не павінен заставацца без прававога статусу толькі таму, што Лукашэнка адмаўляецца аднавіць яго пашпарт», — падкрэсліла Ціханоўская.
Яна таксама нагадала пра людзей, якіх пасля вызвалення з турмаў прымусова вывезлі з Беларусі без дакументаў. Паводле яе, вызваленне павінна суправаджацца аднаўленнем правоў і магчымасцю самастойна вырашаць, дзе жыць.
Акрамя таго, Ціханоўская заклікала ўзмацніць праверку запытаў беларускага рэжыму на міжнародны вышук і экстрадыцыю. Яна прывяла прыклады Васіля Верамейчыка, выдадзенага з В’етнама ў Беларусь, і рэжысёра Андрэя Гнёта, які сутыкнуўся з пагрозай выдачы ў Сербіі.
Паводле Ціханоўскай, сёлета каманды дэмакратычных сіл і іх партнёры дапамаглі прадухіліць выдачу або прымусовае вяртанне ў Беларусь прынамсі 15 чалавек.
Яна падкрэсліла, што ахвярамі пераследу становяцца не толькі вядомыя палітыкі: удзел студэнта, валанцёра або прадстаўніка дыяспары ў акцыі салідарнасці за мяжой можа стаць падставай для ціску на яго сям’ю ў Беларусі.
Ціханоўская таксама заклікала АБСЕ і ўрады абараняць журналістаў у выгнанні, дапамагаць незалежным рэдакцыям супрацьстаяць узломам, фішынгу і кампаніям дыскрэдытацыі.
«Калі мы абараняем беларускіх журналістаў у Варшаве ці Вільні, мы таксама абараняем права людзей у Беларусі атрымліваць незалежную інфармацыю», — адзначыла яна.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



