У Варшаве памёр Ян Памедор Рэуцкі (так яго клічуць у анлайн-прасторы), стваральнік папулярнай Facebook-групы «Беларусы ў Варшаве» на 28 тыс. карыстальнікаў. Пра гэта паведамілі яго сябры.
Ян Памедор Рэуцкі прыехаў у Польшчу ў 2012 годзе. Пытанняў, звязаных з уладкаваннем у новай краіне, узнікала шмат, і для іх вырашэння Ян аб’яднаў сяброў у адну фэйсбук-суполку. Так з’явілася група «Беларусы ў Варшаве», якая тады аб’ядноўвала каля 15 чалавек. Напрыканцы 2019 года ў ёй стала ўжо 5 тыс. удзельнікаў, а асноўны рост пачаўся з новай хваляй эміграцыі пасля 2020 года.
Ян адміністраваў групу ў вольны час, а працаваў барыста ў беларускай кавярні, а пасля адкрыў уласную. 12 кастрычніка ён апублікаваў пост пра тое, што шукае працу з панядзелка да пятніцы.
Ян Памедор Рэуцкі прынцыпова размаўляў па-беларуску, у верасні ён увёў правіла, што афіцыйнай мовай допісаў у суполцы з’яўляецца беларуская і на ёй мусяць быць напісаныя пасты. У апошні час Рэуцкі шукаў пакупнікоў на групу.
Яму было 50 гадоў.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



