Праграма абароны ўсходняй мяжы Польшчы «Шчыт Усход» мае прыродны кампанент. Ён павінен заблакаваць прасоўванне варожых войск у выпадку вайны. Доктар Міхал Жміхорскі з Інстытута аховы навакольнага асяроддзя расказаў, як мусіць працаваць гэты кампанент, яго словы прыводзіць альянс «Зялёная Беларусь».
«Прапануем захаваць натуральныя лясы, скараціць дарожную сетку і забалоціць аб’екты на ўсходзе, — кажа Міхал Жміхорскі. — Я правёў у рэліктавых лясах на мяжы не адну ноч. Паверце: праз такі буралом цяжка прабрацца пешшу, а выехаць на ваеннай тэхніцы проста немагчыма».
Аднак тут узнікае праблема. Калі Белавежская пушча — гэта непраходны масіў, то астатнія лясы на мяжы дзесяцігоддзямі высякаліся. Суцэльныя высечкі і пасадкі аднатыпных соснаў зрабілі лясы празрыстымі і роўнымі — такая лінія абароны нікога не спыніць.
Акрамя таго, па падліках навукоўцаў, на кожны кіламетр памежжа прыходзіцца ў сярэднім па дзве дарогі, пабудаваныя для вывазу лесу. Для арміі праціўніка гэта гатовыя «аўтабаны».
«У Ваенным міністэрстве згодныя: чым менш дарог, тым прасцей трымаць абарону, — кажа доктар Жміхорскі. — Але ў гэтым цяжка пераканаць мясцовых леснікоў, якія прывыклі да зручнай інфраструктуры».
Яшчэ адзін патэнцыйны фактар абароны мяжы — рэкі і балоты. Польскія навукоўцы высветлілі: калі заблакаваць старыя меліярацыйныя каналы і вярнуць рэкам іх крутыя павароты, пераправа ператвараецца ў пекла для інжынерных войскаў. А балота наогул здымае патрэбу ў мінах.
«Міны забіваюць людзей і небяспечныя для цывільных, — тлумачыць навуковец. — А вось для дзікай прыроды замінаваная зона без чалавека часам нават карысная. Тым не менш мы спадзяёмся, што да мініравання справу не давядзецца даводзіць і балота зробіць усю працу само».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



