Панядзелак, 2 лістапада 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Гэта спосаб кампенсаваць боль». Экскурсаводка на Дзяды праводзіць шпацыры памяці па беларускіх пахаваннях ва Уроцлаве

MOST MOST
2 лістапада 2026, 14:52
Гісторыі
A A
Таццяна Гайдук

Гісторык Таццяна Гайдук падчас "шпацыру памяці" на Дзяды па Асабавіцкіх могілках ва Уроцлаве. 2 лістапада 2025. Фота з архіва Суполкі беларусаў Уроцлава

На Дзяды — у дзень памінання памерлых — беларусы Уроцлава збіраюцца разам на Асабавіцкіх могілках, каб ушанаваць памяць пахаваных тут землякоў. Экскурсію праводзіць гісторык, адукатарка, экскурсаводка Таццяна Гайдук. Яна лічыць, што так можна не толькі пазнаёміцца з людзьмі, якія жылі і пахаваныя ва Уроцлаве, але і ўзгадаць сваіх блізкіх, чые магілы няма магчымасці наведаць. MOST пагаварыў з Таццянай, пра экскурсіі па пахаваннях.

Таццяна Гайдук скончыла Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка і магістратуру Уроцлаўскага ўніверсітэта, даследуе тэму Халакосту.

— Што цябе найбольш уражвае і чапляе ў традыцыі святкавання Дзядоў?

— Сам яе глыбінны сэнс і гісторыя. Гэтая традыцыя мае глыбокія карані, ідзе яшчэ з паганскага перыяду і з часам моцна пераплялася з хрысціянскімі абрадамі. У гэты дзень нашыя продкі хадзілі ў царкву ці касцёл, свянцілі стравы, пакідалі запіскі аб памерлых. А ўвечары мыліся ў лазні, прычым абавязкова пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Гатавалася багатая вячэра, каб добра пачаставаць продкаў, інакш яны маглі наслаць неўраджай і розныя няшчасці. Таксама трэба было ладзіць розныя забавы, каб павесяліць продкаў. Дзверы, вокны, юшка ў печы мусілі быць адкрытымі, каб продкі маглі заходзіць. На ноч стол не прыбіралі — пакідалі ежу для Дзядоў.

Вядома, з часам традыцыя моцна трансфармавалася і нават губляла сваю папулярнасць. Ці то выцяснялася рускай традыцыяй святкавання Дзімітраўскіх субот, ці то проста была забароненая, як за савецкім часам.

Гучна пра Дзяды нагадаў Беларускі Народны Фронт у 1988 годзе, арганізаваўшы ў Мінску каля Усходніх могілак, па дарозе на Курапаты і каля Курапатаў, мітынг-рэквіем. З таго часу свята Дзяды зрабілася яшчэ і сімвалам памяці ахвяр сталінскага рэжыму. Дарэчы, у Беларусі да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Дзяды былі дзяржаўным святам.

Сёння ў Беларусі два асноўныя дні памінання памерлых: увосень — на Дзяды, увесну — на Радаўніцу.

Я сама родам з Міншчыны, дзе продкаў паміналі акурат на Радаўніцу. За тыдзень да Радаўніцы прыбіралі магілы, прыносілі кветкі. На самое свята збіраліся ўсімі сваякамі каля могілак, успаміналі родзічаў. А ўвосень, на Дзяды, звычайна проста наводзілі парадак.

мемарыял
Сотні свечак каля мемарыялу ахвярам камуністычнага тэрору 1945–1956 гадоў. Асабавіцкія могілкі, Уроцлаў. Фота з архіва Суполкі беларусаў Уроцлава

— Што ты можаш адзначыць, параўноўваючы польскую і беларускую традыцыі памінання памерлых?

— Яны шмат у чым супадаюць. У абедзвюх культурах традыцыі звязаныя з наведваннем могілак, клопатам пра магілы і сямейным памінаннем. Для палякаў асноўныя дні памінання — 1 і 2 лістапада — Дзень усіх святых (Wszystkich Świętych) і Задушны дзень (Dzień Zaduszny, або Zaduszki). У Дзень усіх святых у Польшчы прынята наведваць могілкі, прыбіраць магілы, прыносіць жывыя кветкі, у асноўным хрызантэмы. У Беларусі, як я памятаю, для могілак звычайна выбіралі гваздзікі і, на жаль, штучныя кветкі. Палякі запальваюць свечкі, так званыя znicze. Прычым пакідаюць іх не толькі на магілах  сваіх сваякоў, але і на тых, за якімі няма каму даглядаць, на пахаваннях вядомых асоб, загінуўшых у войнах, і ахвяр рэпрэсій. Што мяне найбольш уразіла — як выглядаюць польскія могілкі з надыходам вечара. Гэта проста фантастычнае месца: тысячы агеньчыкаў і мора жывых кветак.

«Аказалася, нехта з беларусаў трымаў нада мной свой парасон»

— Як ты прыйшла да ідэі праводзіць экскурсіі па ўроцлаўскіх пахаваннях менавіта на Дзяды?

— Эмілія, арганізатарка шматлікіх праектаў для беларусаў ва Уроцлаве, выступіла з ініцыятываю зладзіць акцыю да дня памінання памерлых. Яна прапанавала мне падрыхтаваць экскурсію па пахаваннях людзей, чый лёс звязаны з Беларуссю. Мне як гісторыку і прыхільніцы так званага чорнага турызму (від турызму, які ўключае наведванне і даследаванне месцаў, звязаных са смерцю, трагедыямі, катастрофамі, войнамі, рэпрэсіямі і чалавечымі пакутамі. — Заўв. MOST) гэтая ідэя падалася цікаваю. Да таго ж я пэўны час працавала экскурсаводкаю ў Беларусі, у тым ліку праводзіла экскурсіі па могілках.

Першы шпацыр памяці беларусаў на могілках Уроцлава адбыўся ў мінулым годзе. Нягледзячы на моцны дождж, на сустрэчу прыйшлі больш за 40 чалавек. Гэта было нечакана і вельмі натхняльна. Яшчэ адзін кранальны момант, які шмат кажа пра нас, беларусаў: я была без парасона, бо з ім нязручна расказваць, паказваць, у нейкі момант я адчула, што на мяне перастаў ліць дождж. Аказалася, нехта з беларусаў трымаў нада мной свой парасон.

— Як ты працуеш над пошукам пахаванняў?

— Звычайна пачынаю банальна з Вікіпедыі. Тут не заўсёды ёсць поўная інфармацыя, але ёсць нейкія зачэпкі, спасылкі на крыніцы, якія потым вывучаю. Некаторыя даступныя ў інтэрнэце, па некаторыя трэба звяртацца ў архівы і бібліятэкі. Знайсці месца пахавання дапамагае ў тым ліку рэсурс Wroclaw.pl, на якім ёсць функцыя пошуку магілы. Часам на самім помніку пазначанае месца нараджэння чалавека. Дапамагаюць і карты могілак, на якіх можна знайсці кароткую біяграфію пахаванага. Асноўныя складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, — адсутнасць інфармацыі, немагчымасць атрымаць доступ да патрэбных матэрыялаў і знайсці сваякоў пахаваных.

«У эміграцыі людзі інакш пачынаюць разумець каштоўнасць сямейных сувязяў і памяці»

— З гісторыі якой асобы пачалося тваё даследаванне ўроцлаўскіх могілак?

— Я засяродзілася найперш на Асабавіцкіх могілках. Першае пахаванне, якое мне ўдалося тут выявіць, — магіла Эўгеніуша Гэт-Станкевіча. Гэта знакаміты польскі мастак і скульптар. Ён нарадзіўся ў Ашмянах Гродзенскай вобласці, аднак пасля Другой сусветнай вайны ягоная сям’я пераехала ў польскую Усхову. Дзве працы Гэт-Станкевіча можа ўбачыць любы чалавек у любы час, наведаўшы Уроцлаў, бо яны змешчаныя проста ў гарадской прасторы: Zrób to sam («Зрабі гэта сам») — на Доміку медзярытніка і Tablica ku czci Prostych Działań 1+1=2 («Табліца ў гонар простых дзеянняў 1+1=2») на вуліцы Яткі.

— Якія з гісторый выклікаюць найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў шпацыру?

— Найперш гісторыя архітэктара Рышарда Натусевіча. Гэта яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, які стаўся выбітнай постаццю для Уроцлава. Ён увайшоў у гісторыю архітэктуры як адзін з самых плённых майстроў архітэктурнага малюнка. На магіле Рышарда Натусевіча змешчаная табліца са згадваннем ягонай сястры Яніны Натусевіч-Мірэр. Дзякуючы гэтаму я адкрыла яшчэ адну цікавую біяграфію.

Яніна Натусевіч-Мірэр нарадзілася ў 1940 годзе ў Брэсце. Падчас Другой сусветнай вайны была вывезеная ў Сібір. Адтуль разам з Арміяй Андэрса трапіла ў Афрыку. У 1947 годзе разам з маці праз Геную вярнулася ў Польшчу. Жыла, вучылася, працавала ва Уроцлаве. Яніна Натусевіч была гісторыкам мастацтва і археолагам, даследніцаю «Панарамы Рацлавіцкай» (прысвечаную бітве пад Рацлавіцамі падчас паўстання Касцюшкі. — Заўв. MOST) і ўдзельніцаю дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы. Яна загінула ў 2010 годзе ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Рышард Натусевіч
Магіла архітэктара Рышарда Натусевіча. Побач з ёй – таблічка, прысвечаная ягонай сястры Яніне, якая загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе. Фота Таццяны Гайдук

Яшчэ я хацела б згадаць пахаванне сужэнцаў — археолагаў Хэлены Цэгак-Галубовіч і Уладзіміра Галубовіча. Я звярнула ўвагу на гэтую магілу, яшчэ калі рыхтавалася да леташняй экскурсіі. Яна патрабавала догляду, і я планавала навесці там парадак падчас экскурсіі. Аднак на самой сустрэчы высветлілася, што магілу ўжо прыбралі.

З Беларуссю Галубовічаў звязвае не месца нараджэння, а прафесійная дзейнасць (Уладзімір паходзіць з Расіі, Хэлена нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Украіны). У 1930-я гады яны праводзілі раскопкі ў Заходняй Беларусі, на тэрыторыі Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў, вывучалі курганы і гарадзішчы, а таксама займаліся аховай археалагічнай спадчыны.

Хэлена Цэгак-Галубовіч
Тут пахаваная археолаг Хэлена Цэгак-Галубовіч, якая разам з мужам Уладзімірам Галубовічам праводзіла археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Фота Таццяны Гайдук

На Асабавіцкіх могілках таксама пахаваны і наш зямляк Фелікс Галавач — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, польскі палітык.

— Якія беларускія пахаванні і біяграфіі ва Уроцлаве яшчэ чакаюць даследавання?

— Я планую больш дэталёва даследаваць іншыя могілкі горада, напрыклад Грабішыньскія, Савецкія, могілкі на Буйвідзе. Хапала б толькі часу.

— Што, на твой погляд, прыводзіць людзей у эміграцыі на такія сустрэчы і экскурсіі да Дзядоў? Што яны шукаюць у гэтым досведзе?

— У эміграцыі людзі інакш пачынаюць разумець каштоўнасць сямейных сувязяў і памяці. Таму імкнуцца захоўваць іх любым даступным спосабам і дапамагаць адно аднаму. Некаторыя падключаюцца да пошукаў пахаванняў. Гэтак летась нашыя актывісты адшукалі і наведалі магілу на просьбу людзей, якія не маглі зрабіць гэта самі. Нашыя шпацыры памяці вельмі важныя, асабліва для тых, хто не можа наведаць магілы сваіх родных. У мяне ёсць свой асабісты боль: мне давялося перажыць смерць блізкага чалавека ў эміграцыі. Як і шмат хто з беларусаў, я жыву з тым, што не развіталася, што не магу прыйсці на магілу. Далучэнне да традыцыі святкавання Дзядоў, шанаванне памяці землякоў, якія знайшлі свой спачын у горадзе, дзе я цяпер жыву, перажыванне гэтых эмоцый разам з людзьмі, якім гэта блізка, — гэта такі спосаб кампенсаваць той боль.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеУроцлаў

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

пособие в Польше

«Дырочку в бюджете заметили». Как потеря пособия 800+ повлияла на беларусские семьи в Польше

MOST
2 лістапада 2026, 12:19

С этого года в Польше изменились условия назначения негражданам пособия на детей Rodzina 800+. Иностранцы, которые не соответствует новым требованиям, утратили право на выплаты. MOST поговорил с ними...

Рынок «Южный»

«За день можно было заработать три тысячи долларов». Как гродненцы возили товары из Польши в 2000-х и почему их бизнес сошел на нет

MOST
30 кастрычніка 2026, 19:26

В начале 2000-х гродненский рынок «Южный» был местом, куда за польским товаром приезжали со всей Беларуси. Предприниматели привозили одежду, обувь и украшения и за удачный оптовый день могли...

онлайн-магазин беларусских продуктов

«Лидский квас никто не победит». Поляк открыл онлайн-магазин беларусских продуктов и планирует продавать их по всей Польше

Партнёрскі матэрыял
30 кастрычніка 2026, 17:18

Десять лет назад Радослав женился на беларуске и перевез ее в Польшу. Он вспоминает, как однажды жена попробовала польскую селедку в уксусе и спросила: «Как мне теперь здесь...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты