Рэзідэнцыя «Дом творцаў» у Варшаве, а таксама Беларускі шэлтар спыняюць сваё існаванне. Аб закрыцці паведаміў у Facebook кіраўнік гэтых праектаў Сяргей Доўгушаў. Ён патлумачыў рашэнне асабістымі і сямейнымі прычынамі. Фонд «Дом творцаў» працягне сваю дзейнасць.
«Я прыняў рашэнне аб закрыцці Дома творцаў і Беларускага шэлтара ў Варшаве», — напісаў Доўгушаў.
Ён тлумачыць такое рашэнне асабістымі і сямейнымі прычынамі: «З 2021 года я займаўся дапамогай, сацыяльна-дабрачыннай дзейнасцю, і вось мой рэсурс скончыўся. Цяпер я хачу дапамагчы сабе, быць больш са сваёй сям’ёй і блізкімі».
Доўгушаў падзякаваў сваёй камандзе: гаспадарам, адміністратарам, валанцёрам, а таксама ўсім, хто падтрымліваў праект матэрыяльна. Ён дадаў, што пры магчымасці падзякуе ўсім асабіста.
«Я думаю, кожны памятае і ўзгадвае тую дапамогу, тыя месяцы бясплатнага пражывання ў нашых дамах. Усю тую сяброўскую дабрыню, утульнасць, хатнія, часам вельмі творчыя сустрэчы і вечары. Хай усё гэта застанецца ў цёплых, шчырых і добрых успамінах», — напісаў Доўгушаў.
Пад допісам Доўгушава з’явіліся дзясяткі каментароў з падтрымкай і падзякай.
«Дзякуй за падтрымку і вашыя рэзідэнцыі. Гэта было вельмі істотна, своечасова і сапраўды дапамагала інтэгравацца на выгнанні мастакам», — напісала мастачка Ксенія Ангелава.
Арт-мэнэджэр Павел Белавус, які правёў у зняволенні амаль пяць гадоў і выйшаў на волю ў верасні 2026 года, таксама падзякаваў за дапамогу. «Усё лепшае — наперадзе», — спадзяецца ён.
«Дзякуй, што даў нам прытулак у самы жорсткі чаc», — напісала музыка, былая палітзняволеная Надзея Калач.
Разам з тым, як паведамляе Сяргей Доўгушаў, фундацыя «Дом творцаў» працягне дзейнічаць і рэалізоўваць творчыя праекты.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



