У Варшаве ўрачыста адкрылі Офіс Святланы Ціханоўскай. Сімвалічную стужку перарэзалі Святлана Ціханоўская і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.
Апроч самога Офіса, на новым месцы запрацуе грамадская прастора, дзе беларускія арганізацыі, ініцыятывы і самі беларусы змогуць праводзіць свае мерапрыемствы, сустракацца і рэалізоўваць сумесныя праекты.
«Сардэчна запрашаем дадому! Я спадзяюся, што гэтае месца стане домам для ўсіх вас, але найперш — для тысяч беларусаў, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, страх і тэрор, працягваюць змагацца», — сказала Святлана Ціханоўская.
Яна прапанавала штогод праводзіць «Дні Беларусі ў Варшаве» пры падтрымцы горада. Праграма культурных і памятных мерапрыемстваў ахоплівала б Дзень Волі, Дзень годнасці 9 жніўня, а таксама Ноч расстраляных паэтаў і Дзяды.
«За апошнія гады Варшава стала домам для тысяч беларусаў. Тут нашыя дзеці ходзяць у школы, беларусы адкрываюць свае справы, ствараюць культурныя праекты, ладзяць спартыўныя мерапрыемствы. І мне вельмі важна, каб беларусы мелі магчымасць захоўваць сваю культуру, адзначаць нашыя святы і разам ушаноўваць памяць тых, хто змагаўся за вольную Беларусь. Я ўдзячная Варшаве і асабіста Рафалу Тшаскоўскаму за тое, што ў гэтым горадзе ёсць месца для беларускай мовы, культуры і нашых нацыянальных сімвалаў», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



