З-пад лёгкай рукі генпракурора Беларусі Андрэя Шведа выйшла вельмі дзіўная кніга: ці тое расследаванне, ці тое падручнік гісторыі. Агульны пасыл — знайсці генеалогію пратэстаў 2020 году ў… падзеях Другой сусветнай. Аказваецца, гэта магчыма!
Кніга падпісана да друку 16 чэрвеня 2022 года. Альбомны фармат, цвёрдая вокладка, шмат ілюстрацый. Вёрстка са шматлікімі ўстаўкамі – як падручнік. На першых старонках бачым карту Еўропы, на якой адсутнічае мяжа паміж Расіяй і Украінай. Але гэта — толькі пачатак.
Жанр кнігі акрэсліць немагчыма. Акадэмічнае даследаванне? Папулярная гісторыя? Юрыдычная літаратура? Публіцыстыка? Прапаганда?.. Хутчэй апошняе, але з выкарыстаннем гістарычных крыніц і фота.
Паводле структуры, кніга на 70% складаецца з пераліку злачынстваў нацыстаў і іх памагатых. На 30% — з пераліку крыміналак супраць пратэстоўцаў у 2020-м. Аўтары нібы спрабуюць намацаць сувязь, знайсці падабенствы і паралелі. Зрэшты, пра аўтараў. У кнізе іх… няма. Згадана толькі, што кніга напісаная «пад агульнай рэдакцыяй А.І.Шведа».
«Убивай каждого русского, советского, не останавливайся…»
Чаму кніга не можа лічыцца гістарычнай? Зірнем спіс выкарыстанай літаратуры. Там 38 пазіцый. Адзіны каштоўны пункт — гэта «Архіў Генпракуратуры № (…) па справе аб генацыдзе беларускага народа». Яшчэ 23 пункты — гэта пракурорскія справы супраць пратэстоўцаў за 2020-21 гады. Рэшта (усяго 15 пунктаў) — гэта збольшага савецкія кніжкі 1960-х-70-х пра вайну выдавецтва «Политиздат». Або, напрыклад, даведнік «Минск — город-герой» 1976 года.
«Гістарычная» частка кнігі — гэта доўгі пералік, дзе, што і каго знішчалі нацысты. Тое, што ўжо мільён разоў мільгала ў зборніках «Памяць», падручніках гісторыі ды дакументальных фільмах. Час-почас базавыя звесткі дапаўняюцца свежымі фота супрацоўнікаў пракуратуры на месцах эксгумацыяў, за якія ўлады ўзяліся пасля 2020-га.
Верыфікацыяй гістарычнай фактуры аўтары не грузіліся. Напрыклад, у кнізе змешчаная вытрымка з «Памяткі нямецкага жаўнера»: «У тебя нет сердца… убивай каждого русского, советского, не останавливайся, если перед тобой старик или женщина, девушка или мальчик, — убивай…» Гучыць страшна.
Праблема ў тым, што гісторыкі даўно выкрылі: падобнай «памяткі» ніколі не існавала — гэта фэйк савецкай прапаганды яшчэ 1941 года (яе цытаваў Сталін, пра яе пісалі ў газетах). Ніводнага фізічнага асобніка «памяткі» не выяўлена, хоць з 1939 па 1945 у Вермахт было прызвана 22 000 000 чалавек. Мабыць, гэта не так важна.
«Каждый поляк должен знать: немец и белорус — враги»
Асобнае месца ў кнізе вылучана для «калабарантаў» — памагатых нацыстаў. Гаворка пра ўкраінцаў, літоўцаў, латышоў ды беларусаў. Палякі таксама фігуруюць. Пытанне: а дзе рускія калабаранты? Руская дывізія СС, брыгада РОНА, шматлікія казачыя фармаванні, не кажучы пра паліцыю. Ці… яны былі, але не займаліся генацыдам беларусаў?
Найбольш дастаецца ўкраінцам, літоўцам і латышам. Калі цытуюць успаміны сведкаў, напрыклад, пра лагер смерці Азарычы ў 1944 годзе, усплывае тэрмін «бандэраўцы з аўчаркамі». Сведка, вядома, памыляецца, бо Сцяпан Бандэра на той час сам сядзеў у нямецкім концлагеры, а з немцамі супрацоўнічала зусім іншае крыло — «мельнікаўцы». Але аўтараў гэта не хвалюе — ніякіх агаворак ці тлумачэнняў цытаты няма.
Акцэнт на нацыянальнай прыкмеце — цікавая асаблівасць кнігі. Карнікі Хатыні падаюцца як украінцы. Акцэнт а нацыянальнасці, а не на тым, што гэта былыя савецкія жаўнеры, якія трапілі ў палон і пайшлі працаваць на немцаў (некаторыя — этнічныя ўкраінцы, так). Ахвяры ў кнізе — беларусы ці «савецкія людзі», зрэдку яўрэі. Каты — немцы, украінцы, палякі і гэтак далей. Пра тое, што палякаў ці ўкраінцаў, якія жылі ў БССР, таксама забівалі, аўтары маўчаць.
Палякаў у кнізе называюць «белапалякамі» — гэта тэрмін 1920-х гадоў. Шмат пішуць пра злачынствы Арміі Краёвай ажно да 1953 года, хоць АК была распушчаная ў 1945: далей ваявалі асобныя групы без строгай іерархіі. Падаецца цытата: «Каждый поляк должен знать: немец и белорус — враги польского народа…». Цытата з нейкіх загадкавых «дырэктыўных дакументаў». Якіх? Якога года? Дзе фота ці спасылка?.. Зэро.
Асобна ідзецца пра «остарбайтараў» — мірнае насельніцтва, якое працавала ў Германіі. Аўтары дадаюць, што не толькі ў Германіі — таксама ў Літве і Польшчы. Цікава, навошта ў Польшчы беларускія остарбайтары, калі палякаў роўна таксама вывозілі ў Германію?.. Магчыма, гэта пасыл аўтараў сучасным беларусам, якія збіраюцца на заробкі ў ЕС: глядзіце, бо будзеце ў ролі нявольнікаў і «говорящих орудий», як вашы бабулі ў 1940-х.
«Преступления под бело-красно-белым флагом»
Аўтары не маглі прайсці мімы тэмы беларускіх калабарантаў. Але нават тут не абыйшлося без памылак нават у назвах арганізацый: «Белорусская народная краевая оборона» («народная» — лішняе) ці «Белорутенская народная самопомощь» (звыклае няведанне нямецкай мовы, бо Weissruthenische — гэта «беларуская»).
Ніякіх новых фактаў няма: усё тыя ж замуляныя здымкі, на якіх пранямецкія беларускія структуры выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню (чаго ніхто ніколі не адмаўляў). Тое, што рускія калабаранты таксама карысталіся сваёй гістарычнай сімволікай — трыкалорам, двухгаловым арлом ці андрэеўскім сцягам, — як заўсёды, застаецца па-за кадрам.
Галоўнае — высновы. Цытуем:
«…использование кем-либо бело-красно-белого флага и герба «Погоня» являлось прямым указанием на принадлежность человека к коллаборационистским формированиям. В 2020 году Республика Беларусь вновь столкнулась с проявлениями экстремизма и терроризма под нацистской символикой».
Далей — рэзкі пераход да 2020-га. Пра 80% у Лукашэнкі, АБСЕ і радыкалаў… Каляровы бонус на 30 старонак — пералік асобаў, асуджаных за «преступления под бело-красно-белым флагом». Ціханоўская, Латушка, Фядута, Борыс… А яшчэ выбарка з менш вядомых пратэстоўцаў: дзясятак чалавек, якія да 2020-га мелі судзімасці за разбой ці хуліганку.
На пацеху аднаму «гісторыку»
Можна было б сказаць, што гістарычныя факты, выкладзеныя ў кнізе, патрабуюць больш сур’ёзнай навуковай рэцэнзіі, дакладнай верыфікацыі, але навошта?.. Навошта, калі кніга — гэта зробленая наспех непрыхаваная прапаганда з выкарыстаннем гістарычнай шырмы?
Па прачытанні застаецца ўражанне, што кніга пісалася на пацеху аднаму чалавеку, які пазіцыянуе сябе як «гісторык». Акурат для таго, каб «гісторык» яшчэ раз пераканаўся ў правільнасці сваіх поглядаў. Больш нікому яна не патрэбная.