У 1930 годзе Гродна наведаў першы вядомы чарнаскуры музыка. Гэта быў Томас ЛаРу, яшчэ вядомы як «Чорны кантар». Яго канцэрты праходзілі ў Еўропе з аншлагам і пры поўных залах. Але пасля Другой сусветнай вайны пра яго забыліся. MOST расказвае гісторыю амерыканскага музыкі, і як рыхтаваліся да яго выступу ў Гродне.
Хто такі Томас ЛаРу?
Спявак са Злучаных Штатаў Томас ЛаРу (1894 — 1954) у міжваенны перыяд набыў папулярнасць як адзіны чарнаскуры кантар — выканаўца габрэйскіх рэлігійных песень. Ён быў вядомай асобай як у габрэйскім, так і ў афраамерыканскім асяроддзі. У 1920-х гадах амерыканскія драматургі і дырэктары тэатраў таксама ахвотна запрашалі яго ўдзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Акрамя гэтага, ЛаРу выступаў у вядомых нью-ёркскіх вадэвілях Loew’s і Keith, якія знаходзіліся ў габрэйскіх кварталах, таксама яго канцэрты адбываліся ў паўзах паміж паказамі фільмаў у вадэвілях ніжэйшага ўзроўню.
Арыгінальны выканаўца быў частым госцем на радыё. Ад 1923 года яго песні трансліравала радыё WOR у Ньюарку, а ў 1929 ЛаРу выступіў у праграме на радыёстудыі WPAP у Нью-Джэрсі, спонсарам якой было Таварыства рэфармаваных равінаў.
У артыста было некалькі сцэнічных псеўданімаў. Адзін з іх — Рэб Тойвэ Ха’Коэн (слова «рэб» — нефармальнае прывітанне і скарачэнне ад «раббі»). Таксама ў афішах яго прадстаўлялі як Тойвеле. Але найбольш вядомы ён быў як der shvarter khazn, што ў перакладзе з ідыш гучыць як «чорны кантар», гэта значыць вакаліст, які дапамагае равіну падчас рэлігійных практык.
У Гродне чакалі «Чорнага кантара»
У 1930 годзе шоўмэн Эддзі Рэлькін арганізаваў для ЛаРу гастролі па Старым Свеце. Праграма была разлічана на краіны з вялікай габрэйскай дыяспарай — Палестыну, Германію і Польшчу. Першым і апошнім горадам канцэртнай трасы павінна была быць Варшава. Акрамя сталіцы, канцэрты ЛаРу ў ІІ Рэчы Паспалітай былі запланаваныя ў тагачасных цэнтрах габрэйскага культурнага жыцця — у Лодзі, Беластоку і Гродне.
Чорны кантар завітаў да горада над Нёманам у лістападзе 1930 года, пасля гастроляў у Германіі. Чуткі аб перапоўненых залах падчас выступленняў у Берліне ўжо дайшлі да гарадзенскіх яўрэяў, таму прыезду ЛаРу чакалі з нецярпеннем. Гарадзенская газета на ідыш Unzer Grodner Express пачала публікаваць матэрыялы пра артыста амаль за два тыдні да анансаванага канцэрту.
Першая нататка з’явілася 20 лістапада:
«У Гродна прыедзе знакаміты выканаўца гімнаў і народных песень на ідыш Тойвэ Ха’Коэн, вядомы па ўсім свеце як чорны кантар. Ён электрызаваў увесь горад! Цікавасць да канцэрту агромная, таму што Чорны кантар прыязджае непасрэдна з Берліна.
Там яго выступленні ў найвялікшай канцэртнай залі выклікалі такі каласальны водгук, што спявак быў вымушаны павялічыць колькасць канцэртаў да дванаццаці замест запланаваных трох. Берлінскія крытыкі хвалілі Чорнага кантара на старонках газет Berliner Tageblatt, Vossische Zeitung, Morgen Post і шматлікіх іншых. Таму і ў Гродне — дзе мы трохі разбіраемся ў кантарах — яго хуткі прыезд выклікаў вялікую зацікаўленасць».
21 лістапада ў газеце Unzer Grodner Express з’явіўся артыкул з біяграфіяй ЛаРу. Яго аўтар імаверна пераказваў чуткі пра артыста, а, магчыма, імкнуўся прыцягнуць увагу чытачоў, таму апісаў біяграфію спевака арыгінальна. У артыкуле было напісана, што ЛаРу нарадзіўся ў 1902 годзе ў горадзе Эрсэт у Эфіопіі. Яго бацьку звалі Петросі. Ён быў высокім чыноўнікам у абісінскім (эфіопскім) урадзе і вельмі культурным чалавекам. Маці спевака, Алія, памерла, калі той быў яшчэ дзіцём.
Журналіст падкрэсліваў, што бацька ЛаРу жадаў, каб сын быў паўнавартасным габрэем, таму адправіў яго вучыцца да равіна ў Нью-Ёрк. У доме равіна хлопчык заставаўся да 14 гадоў, атрымаў рэлігійнае выхаванне і вывучыў некалькі моў.
У Нью-Ёрку была вялікая сінагога, куды ЛаРу прыходзіў маліцца кожную суботу і слухаў спевы кантара. Потым на працягу васьмі гадоў ён спяваў у хоры і ва ўзросце 22 гадоў стаў галоўным кантарам чорнай габрэйскай абшчыны ў Гарлеме.
Трэцяя нататка ў гарадзенскай газеце была апублікавана ў дзень канцэрту, 25 лістапада 1930 года. У параўнанні з папярэднімі матэрыяламі яна была кароткай і толькі інфармавала чытачоў, што канцэрт «чорнага кантара» Тойвеле з Амерыкі адбудзецца ў аўторак у 20:30 у гарадскім тэатры. У праграме — рэлігійная музыка і народныя песні.
Слухачы загінулі ў час Халакосту
Пасля Другой сусветнай вайны ЛаРу ўжо не карыстаўся такой папулярнасцю. Большасць яго еўрапейскіх слухачоў загінулі падчас Халакосту. Імя артыста было б цалкам забыта, калі б не амерыканскі гісторык музыкі Генры Сапожнік, які знайшоў запісы ЛаРу, пераклаў з мовы ідыш артыкулы з даваенных газет (у тым ліку гарадзенскіх) і пачаў пісаць пра артыста ў сваім блогу. Менавіта дзякуючы Сапожніку, мы змаглі даведацца пра цікавы эпізод з жыцця міжваеннага Гродна.
Аўтар Шымон Гарадзенскі