60-гадовага навукоўца Андрэя Макоўскага пазбавілі пенсіі і заблакіравалі сродкі на рахунку беларускія «ўлады». Ён расказваў студэнтаў пра гісторыю Беларусі, сядзеў на Акрэсціна. А пасля з’ехаў ва Украіну: тады, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войск. Польшча адмаўляе мужчыне ў міжнароднай абароне і прапаноўвае вярнуцца ў Расіі — у мужчыны пашпарт расійскага грамадзяніна. Пра гэту гісторыю расказвае выданне Wyborcza.
Па нацыянальнасці — беларус, па пашпарце — расіянін
Андрэй Макоўскі нарадзіўся ў Бабруйску. Дзяцінства правёў у Ахтубінску ў Архангельскай вобласці. Туды ён трапіў разам з бацькамі, таму што туды іх накіравалі савецкія ўлады на вайсковую службу. Там знаходзіўся адзін з цэнтраў савецкай вайсковай авіяцыі. Пасля школы Андрэй паступіў на вучобу ў Кіеў. У 1989 годзе атрымаў прызначэнне на працу ў Іркуцку.
У часы Савецкага саюза ў графе «нацыянальнасць» Макоўскі пазначаў заўсёды «беларус». Але пасля распаду СССР атрымаў расійскі пашпарт.
У 2011 годзе Андрэй развёўся з жонкай і з’ехаў з Расіі ў Беларусь. Ён прыехаў у Мінск да бацькоў, якія таксама з’ехалі раней з Расіі.
— Уявіце сабе, як пачынаць жыццё практычна нанова ў 50 гадоў. З’ехаць у невядомасць і пачынаць з нуля. Але калі я пачынаў жыць у Сібіры, то ведаў, што з’еду адтуль. Там усё было не маё, усё было чужое, — дзеліцца Андрэй.
Жыццё ў Беларусі, пратэсты, пераслед
У Беларусі Андрэй Макоўскі ўладкаваўся на працу ў БДУІР. Ён працаваў ва ўніверсітэце да 2022 года. У інтэрв’ю «Белсат» вясной 2022-га мужчына казаў, што не прымаў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах. Па яго словах, перадае Wyborcza, усё змянілася пасля забойства Рамана Бандарэнкі.
— Раман напісаў перад тым, як выйсці ў двор: «Я выхаджу». Тады мне стала абсалютна ясна, што я таксама павінен выйсці, — кажа Андрэй.
Напрыканцы сваіх заняткаў Андрэй прысвячаў пяць хвілін гутаркам пра гісторыю Беларусі. Праз некаторы час да мужчыны прыехалі супрацоўнікі аднаго з аддзяленняў міліцыі Мінска, «каб растлумачыць некаторыя акалічнасці». У яго забралі мабільны тэлефон, у якім знайшлі перапіску: у ёй Макоўскі перасылаў артыкул выдання, якое прызналі «экстрэмісцкім». За гэтае паведамленне мужчыну пасадзілі на 15 сутак.
За кратамі Андрэй сустрэў Новы год у камеры на чатырох чалавек з яшчэ 18 затрыманымі: «Маленькае аддзяленне пекла», — апісвае Акрэсціна Макоўскі.
Пасля вызвалення Андрэя звольнілі з працы ва ўніверсітэце. Аднак і гэта яшчэ не ўсё: яго пазбавілі пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі, а таксама прад’явілі паперу, па якой яму неабходна пакінуць тэрыторыю краіны. Макоўскі вырашае ехаць у Кіеў.
Украіна і вайна, пераезд у Польшчу
Макоўскі прыехаў ва Украіну праз Арменію. Затым пачалася вайна, а з расійскім пашпартам легалізавацца ва Украіне стала амаль немагчыма. Ён спрабаваў запісацца дабраахвотнікам ва Узброенныя Сілы Украіны. Калі яго пашпарт убачылі, то параілі «сядзець ціха і не высоўвацца». Падчас знаходжання ва Украіне Макоўскі паспеў папрацаваць для Святланы Ціханоўскай, перакладаў для Офіса тэксты.
У чэрвені 2022 года Андрэй пераехаў у Польшчу. Па яго словах, краіна была яму блізкая, таму што яго бацька рос у Беластоку.
Андрэй вучыць польскую мову, спадзяецца, што тут ён зможа працаваць у тэхнічнай сферы. Ён напісаў дысертацыю пра ўжыванне штучнага інтэлекту ў авіяцыі, выкладаў вышэйшую матэматыку, тэорыю верагоднасцяў. Ён упэўнены, што яго веды спатрэбяцца ў Польшчы.
У Беларусі ў Андрэя засталася 85-гадовая маці. Адны з нямногіх рэчаў, якія ён узяў у Польшчу, гэта сурвэткі, якія рабіла маці сваімі рукамі. У Беларусі яго пазбавілі пенсіі і заблакіравалі ўсе рахункі.
Андрэй Макоўскі цяпер жыве ў Варшаве. У Польшчы яму адмовілі ў міжнароднай абароне і рэкамендавалі з’ехаць у Расію, таму што ў яго пашпарт грамадзяніна Расійскай Федэрацыі. Андрэй Макоўскі падаў апеляцыю на рашэнне польскіх улад і чакае паўторнага рашэння.