12-14 ліпеня недалёка ад Беластока адбудзецца чарговы фестываль беларускай музыкі TUTAKA. Сярод яго ўдзельнікаў будзе незвычайны польскі праект, які спалучае лацінаамерыканскія клубныя рытмы з падляшскай традыцыйнай музыкай — Sw@da x Niczos. Беларусы могуць ведаць пра іх па песні Chadżu ja, якая выконваецца на мясцовай гаворцы.
Журналіст MOST паразмаўляў са Sw@da (Віктарам Шчыгелам) пра тое, як зрабіць лакальную музыку больш сучаснай і што атрымаецца, калі электроніку аб’яднаць з народным белым спевам.
Віктар нарадзіўся ў Беластоку. Яго маці — полька, а вось бацька паходзіць з Калумбіі — яны пазнаёміліся ў Лондане, дзе некаторы час жыў і сам Sw@da. Магчыма такое змешанае паходжанне, а таксама камунікацыя з іспанамоўнымі людзьмі неяк паўплывалі на прыхільнасць паляка да лацінаамерыканскай культуры.
— Я вельмі шмат слухаў музыкі з Паўднёвай Амерыкі, а таксама з Афрыкі, — прызнаецца мужчына. — І я дакладна адчуваю на сабе моцны і выразны ўплыў клубнай музыкі з тых краёў. І зараз я спалучаю тыя рытмы з лакальнай падляшскай музыкай. Яднаю нейкія лакальныя падляшскія рэчы, як белы спеў, з рэчамі са свету электроннай музыкі.
Іспанскую мову Віктар патроху забывае і кажа, што зараз лепш за яе ведае беларускую. Нязменнай жа застаецца любоў да музыкі. Sw@da падкрэслівае, што займаўся ёй колькі сябе памятае. Ужо ў дзяцінстве спяваў, граў на розных інструментах — ад гітары да піяніна. Пасля пачаў прадзюсіраваць.
Мужчына ўпэўнены, што людзі з розных куткоў свету падобна адчуваюць музыку і што ў розных музычных традыцыях заўсёды можна знайсці «агульны корань». Лацінаамерыканскія і падляшскія рытмы хоць і выглядаюць трохі рознымі, але іх заўсёды можна спалучыць.
— Я лічу, што музыка так і развіваецца — яднаючыся з рознымі рэчамі, рознымі стылямі. Таму я заўсёды слухаў і слухаю вельмі шмат самай рознай музыкі, і яна ўвесь час мяняецца. Я ўвесь час шукаю нешта новае, кожны дзень слухаю кагосьці новага, — падкрэслівае Sw@da.
«Мы прасоўваем розныя культуры»
Першым сваім праектам, які аб’ядноўвае падляшскую традыцыю і сучасную музыку, Віктар называе альбом Południce/Electronice гурта Południce, выдадзены ў 2012 годзе. Пазней песня гэтага калектыву прагучала ў польскім крымінальным серыяле Kruk, дзеянне якога адбываецца на Падляшшы.
Па словах Sw@da, яму вельмі спадабаўся вопыт такога супрацоўніцтва, і ён пачаў рабіць іншыя праекты, якіх за гэты час назбіралася даволі шмат. Напрыклад, прадзюсар працаваў з Каралінай Чарнецкай над яе польскмоўным альбомам CUD, які выйшаў у 2019 годзе.
Таксама цікавым атрымалася супрацоўніцтва са спявачкай Каралінай Ціхай, якая разам са Sw@da ў 2022 годзе выпусціла альбом SAD. На кружэлцы песні па-польску, па-беларуску (PKS do Gródka), па-ўкраінску (Wiśniowy sad) і нават па-татарску (Sira, sira djezveler). А яшчэ тут ёсць трэк Wojennyj korabel, у якім выкарыстоўвацца тая самая знакамітая фраза, якой украінскія абаронцы вострава Змяіны адказалі на ўльтыматум расіян.
Sw@da кажа, што ў гэтых і іншых праектах ён з калегамі прасоўвае розныя культуры, якія прысутнічаюць на Падляшшы, бо гэта мульцікультурнае месца, дзе змяшалася польская, беларуская, украінская і нават ісламская традыцыя. Напрыклад, кліп на песню Sira, sira djezveler здымаўся ў горадзе Сакулка, недалёка ад татарскай вёскі Баханікі, дзе захавалася драўляная мячэць.
Podlasie bounce — польскі рэп і спевы «по-сваёму»
Зараз Sw@da засяроджаны на супрацоўніцтве з падляшскай спавяшчай Нікай Юрчук (Niczos). Музыку, якая атрымліваецца, яны называюць Podlasie bounce. Bounce — гэта паджанр хіп-хопу, які ўзнік напрыканцы 1980-х у бедных кварталах Новага Арлеану.
— З Niczos мы аб’ядноўваем вельмі шмат сучасных музычных жанраў з падляшскім спевам. Таксама мы прэзентуем розныя лакальныя культуры. Напрыклад, твор Chadżu ja, як мне падаецца, прадстаўляе больш беларускі бок Падляшша. А ў песні Trava Murava — больш украінскі бок, асабліва ў прыпеве, — кажа музыка.
У некаторых запісах прымае ўдзел таксама рэпер MAXIM, які чытае па-польску, а Niczos дадае трэкам лакальнай атмасферы, спяваючы «по-сваёму», як кажуць беларусы Падляшша. Напрыклад, такі сімбіёз можна пачуць у творы Bahato. Цікава, што кліп на гэтую песню здымалі на Кальварыйскім рынку ў Беластоку, а таксама каля самагоннага апарата ў Падляшскім музеі народнай культуры.
Sw@da кажа, што ў яго ёсць планы супрацоўніцтва і з іншымі падляшскімі музыкамі. Але пакуль ён засяроджаны на праекце з Niczos — напрыклад, гэтай восенню плануецца выпусціць поўнафарматны альбом. Таксама, магчыма, выйдуць міні-альбомы іншых праектаў, напрыклад рэпера MAXIM.
«Нас слухаюць па ўсёй Польшчы, Беларусь таксама слухае»
Праекты Sw@da атрымліваюць добрыя водгукі, у тым ліку ад экспертаў. Напрыклад, у 2023 годзе сумесны з Каралінай Ціхай альбом SAD намініравалі на галоўную польскую музычную прэмію ў катэгорыі «Карэнная музыка» (Muzyka korzeni, ці Roots music).
Заўважныя поспехі ёсць і ў праекта Niczos. Віктар кажа, што ў гэтым годзе яны кожны тыдзень граюць канцэрты ў розных месцах Польшчы. Улічваючы, што іх музыка даволі нішавая, гэта добры паказчык.
— Нас слухаюць па ўсёй Польшчы, але не толькі, — адзначае прадзюсар. — Напрыклад, нядаўна мы выпусцілі песню Nakrashana, і яе моцна слухалі ў Бразіліі. Беларусь нас таксама слухае — Мінск у статыстыцы нашага Spotify заўсёды высока стаіць.
Наогул, стаўленне беларусаў да такой музыкі даволі прыхільнае, адзначае Sw@da. Напрыклад, на першым варшаўскім канцэрце Niczos у красавіку гэтага года палова гледачоў былі нашыя землякі.
Таксама Sw@da і Niczos запрашаюць на беларускія фестывалі ў Польшчы. Ужо 29 чэрвеня музыкі выступяць на варшаўскім мерапрыемстве Varušniak, а 12-14 ліпеня зайграюць на TUTAKA.
— Я б вельмі хацеў прыехаць і ў Беларусь, і Niczos таксама, мы размаўлялі пра гэта. Вельмі файна было б зайграць у Беларусі: у Мінску, ці ў Гродне — паўсюль. Але зараз зразумела, што не можам. Але я веру, што хутка мне ўдасца зайграць канцэрт у вольнай дэмакратычнай Беларусі, — усміхаецца Sw@da.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.